Як сьцьвярджаюць аўтары расьсьледаваньня BYPOL, правакацыя адбылася за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, 18 сьнежня 2010 году. Наша Ніва пераказала высновы расьсьледаваньня.
Паводле сьледзтва, «Дашкевіч і Лобаў 18 сьнежня 2010 году ў 16:10, дзейнічаючы групай асобаў і знаходзячыся ў грамадзкім месцы каля дома 24 па вуліцы Янкі Брыля, наўмысна, без прычыны і з хуліганскіх памкненьняў, груба парушаючы грамадзкі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадзтва, учынілі гвалт адносна пацярпелых Малышава і Савіцкага, якія толькі папрасілі ў іх закурыць».
Паводле расьсьледаваньнікаў, рэчаіснасьць была іншая. Як толькі Дашкевіч, Лобаў і трэці ўдзельнік інцыдэнту — Дзяніс Лазар выйшлі з грамадзкага транспарту, на іх адразу накінуліся невядомыя ім асобы і пачалі зьбіваць. Імгненна зьявіўся патруль міліцыі, затым міліцыянты патрульна-паставой службы, і нарэшце — байцы спэцназу.
Супраць Дашкевіча і Лобава была ўзбуджаная крымінальная справа, іх асудзілі, а вось справа супраць Дзяніса Лазара была спыненая. На думку аўтараў расьсьледаваньня, Дзяніс Лазар, які ніколі, акрамя як у той момант, ня быў заўважаны ў палітычнай актыўнасьці, выступаў у ролі наводчыка.
Аўтары таксама зьвяртаюць увагу на адсутнасьць звычайных у такіх выпадках экспэртызаў, у тым ліку адносна наяўнасьці цялесных пашкоджаньняў. Да таго ж паказаньні сьведак адносна нібыта факту нанясеньня Лобавым удару па галаве пацярпелага Савіцкага разыходзяцца, а з другога боку — паказаньні міліцыянтаў напісаныя як пад капірку, з аднымі і тымі ж артаграфічнымі памылкамі.
Ужо ў часе судовага паседжаньня было заўважана, што пацярпелыя Савіцкі і Малышаў давалі паказаньні праз паўзачыненыя дзьверы (яны самі папрасілі пра гэта суд, матывуючы просьбу мерамі бясьпекі).
Цяпер BYPOL высьветліў, што такіх грамадзянаў не існавала ўвогуле: іх дакумэнты, паводле аўтараў расьсьледаваньня, сфальшаваныя. Гэта, найхутчэй, былі так званыя дакумэнты прыкрыцьця, выдадзеныя супрацоўнікам праваахоўных органаў.
На думку аўтараў расьсьледаваньня BYPOL, супраць Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў была зьдзейсьненая загадзя сплянаваная правакацыя.
Эдуарду Лобаву далі чатыры гады пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Зьміцер Дашкевіч атрымаў два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, у калёніі яму дадалі яшчэ адзін год. Абодва адмовіліся пісаць прашэньні аб памілаваньні.
- Эдуард Лобаў загінуў 23 студзеня 2023 году ў выніку раненьня падчас бою з расейскімі дэсантнікамі. Рада БНР пасьмяротна ўзнагародзіла яго мэдалём ордэна Пагоні.
- Зьмітра Дашкевіча разам з жонкай Настай суд Маскоўскага раёну г. Менску 14 ліпеня 2022 году асудзіў за «ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Зьміцер атрымаў 1,5 года калёніі, Наста — 3 гады «хатняй хіміі».