Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярына Андрэева, Ігар і Дар’я Лосікі, Андрэй Зельцар, Эдуард Лобаў. Каго яшчэ Рада БНР узнагародзіла мэдалём ордэну «Пагоні»


Мэдаль ордэну «Пагоня»
Мэдаль ордэну «Пагоня»

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясьціла пра ўзнагароджаньне Мэдалём Ордэну «Пагоні» шэрагу беларусаў. «Мы зноў хочам адзначыць тых беларусаў, хто ў цяперашні складаны час плаціць найвышэйшую цану за свабоду і незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны», — заявіла Івонка Сурвіла.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясьціла пра ўзнагароджаньні Мэдалём Ордэну «Пагоні» 11 цяперашніх і былых палітычных вязьняў, 5 беларускіх байцоў, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне, а таксама айцішніка Андрэя Зэльцара, які загінуў у 2021 годзе пры перастрэлцы ў сваёй кватэры, куды ўварваліся сілавікі.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала дэкрэт аб узнагароджаньні наступных асобаў.

Палітычныя вязьні:

  • Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова — журналісткі тэлеканалу «Белсат», асуджаныя за стрым з пратэстаў 2020 году. Дарʼя Чульцова — адзіная сярод узнагароджаных палітвязьняў, хто цяпер знаходзіцца на волі.
  • Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Гундарасуджаныя за «тэрарызм» (Аўтуховіч — на 25 гадоў зьняволеньня, інвалід Гундар — на 18 гадоў).
  • Дзяніс Івашын — журналіст-рассьледвальнік.
  • Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч — супрацоўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна», паплечнікі праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
  • Ігар Лосік — блогер, супрацоўнік «Радыё Свабода».
  • Дарʼя Лосік — ягоная жонка, якая самаахвярна змагалася за ягонае вызваленьне, пакуль сама не апынулася за кратамі за інтэрвію пра мужа тэлеканалу «Белсат».
  • Эдуард Пальчыс — блогер, адзін з арганізатараў сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР у 2018 годзе.
  • Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадзкая актывістка, асуджаная за супраціў падчас незаконнага ператрусу ў яе хаце.

Пасьмяротна ўзнагароджаныя:

  • Аляксей Аўдзеенка — у мінулым баец тактычнай групы «Беларусь», загінуў у сьнежні 2022 году на Бахмуцкім кірунку
  • Эдуард Лобаў — былы сустаршыня «Маладога фронту» і палітычны вязень, зь лета 2015 году баец Тактычнай групы «Беларусь», пазьней служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Загінуў у баі пад Вугледарам у студзені 2023 году.
  • Алег Панамароў — баец украінскага батальёну «Айдар», загінуў у Данецкай вобласьці ў ліпені 2022 году.
  • Міхась Шавельскі — парамэдык беларускага батальёну «Тэрор», загінуў, ратуючы іншага байца, у кастрычніку 2022 году.
  • Андрэй Зэльцэр — праграміст, які загінуў, аказваючы збройны супраціў групе апэратыўнікаў КДБ падчас ператрусу ў ягонай кватэры ў Менску ў верасьні 2021 году.

«Мы зноў хочам адзначыць тых беларусаў, хто ў цяперашні складаны час плаціць найвышэйшую цану за свабоду і незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны, — камэнтуе ўзнагароджаньні старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. — Перадусім гэта героі, якія ахвяравалі сваім жыцьцём у збройнай барацьбе супраць ворагаў свабоды і незалежнасьці Беларусі. Іхныя імёны ўвойдуць у гісторыю нашага народу, і ўсе мы павінны працягнуць іхную барацьбу.

Таксама гэтым разам Рада БНР адзначае і некалькі нашых суродзічаў, хто паказаў і працягвае паказваць сваю непахіснасьць перад чужынскім дыктатарскім рэжымам, сваю чалавечую і грамадзянскую годнасьць у турме. Амаль усе гэтыя людзі дагэтуль незаконна ўтрымліваюцца ў палоне за сваю актыўную грамадзкую або журналісцкую дзейнасьць. Мы як найхутчэй чакаем іх на свабодзе і патрабуем неадкладнага вызваленьня іх і ўсіх беларускіх палітычных вязьняў, каго налічваецца больш як паўтары тысячы».

  • Мэдаль Ордэну «Пагоні» быў заснаваны ў 2022 годзе для адзначэньня грамадзянскіх, ваенных, культурніцкіх і іншых заслугаў перад Беларусьсю. Першае ўзнагароджаньне адбылося ў лістападзе 2022 году. Тады мэдаль атрымалі беларускія добраахвотнікі, якія загінулі ва Ўкраіне, а таксама пратэстоўцы, якія загінулі ў Беларусі падчас падзеяў 2020-2021 гг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG