16 ліпеня Наста Дашкевіч праз сваю старонку ў Фэйсбуку зьвярнулася да людзей, якія падтрымлівалі іх сям’ю.
«Дарагія сябры, у Зьмітра будзе дзень народзінаў 20.07. Давайце падтрымаем яго заказнымі лістамі і тэлеграмамі на адрас: Мінск, Валадарскага 2, СІЗА 1. 220030 Дашкевічу Д. В.
А я ў сваю чаргу хачу сказаць усім дзякуй за падтрымку і добрыя словы. Дзякуй усім, хто дапамагаў і быў побач.
Магчыма варта было б сказаць нешта болей, але ўсе словы, якія круцяцца ў галаве і на языку — усё не тое. Галоўнае, што я ўдзячна Госпаду за тое, што правёў і вывеў».
Сужэнцаў Дашкевічаў абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак ( ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Разгляд крымінальнай справы Зьмітра і Насты Дашкевічаў пачаўся 11 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску і скончыўся ў той жа дзень. Пракурор запрасіў па 1,5 года зняволеньня для Зьмітра і Насты Дашкевічаў.
Працэс вяла судзьдзя Тацяна Пірожнікава. 14 ліпеня яна вынесла вырак: Зьмітра асудзіць на 1,5 года калёніі, Насту пакараць 3 гадамі «хатняй хіміі».
У судзе і Зьміцер, і Наста адмовіліся даваць паказаньні. Яны прызналі на працэсе толькі тое, што сапраўды прысутнічалі на маршы пратэсту 23 жніўня 2020 году. У матэрыялах справы тры тамы — яны агучваліся ў судзе.
На працэсе пералічылі усе арышты, штрафы і крымінальны перасьлед Зьмітра, пачынаючы з 1999 году, паведамляў Праваабарончы цэнтар «Вясна».
У першы дзень паседжаньня пракурор запатрабаваў прысудзіць сужанцам 1,5 года пазбаўленьня волі кожнаму, нягледзячы на тое, што ў Насты і Зьмітра нядаўна нарадзіўся сын. Старэйшай дачцэ Дашкевічаў Мары — 8 гадоў, сыну Давіду — 6, дачцэ Магдалене — 3 гады.
- Былога лідэра «Маладога фронту», сталяра Зьмітра Дашкевіча супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі 23 красавіка 2022 году пасьля ператрусу ў кватэры. Спачатку яго арыштавалі на 15 дзён паводле адміністрацыйнага артыкулу, а затым затрымалі ўжо ў крымінальнай справе.
- У красавіку стала вядома, што на той момант цяжарную жонку палітвязьня Насту таксама падазраюць паводле гэтага артыкулу. Цяпер Зьмітра ўтрымліваюць у СІЗА на Валадарскага ў Менску.