Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень Аляксандар Кабанаў далучыўся да інцыятывы ByPol


Аляксандар Кабанаў
Аляксандар Кабанаў

Вядомы блогер будзе разьвіваць адносіны арганізацыі былых сілавікоў з прэсай.

Аляксандар Кабанаў падзяліўся навіной у сваім фэйсбуку.

«Bypol вырашыў стварыць мэдыягрупу, і мне прапанавалі заняцца гэтым. Пасьля некаторых абмеркаваньняў і дамоўленасьцяў даў згоду. Былы палітзэк і былыя супрацоўнікі, з гэтага павінна нешта атрымацца», — напісаў Кабанаў.

Пасьля вызваленьня з турмы Кабанаў выехаў за мяжу, быў у Каардынацыйнай радзе, але пакінуў яе ў красавіку. На радзіме яго абвясьцілі ў вышук і завялі на яго новыя крымінальныя справы. Ён пасьпеў даць некалькі інтэрвію незалежным беларускім СМІ пасьля свайго вызваленьня і выезду за мяжу.

Аляксандар Кабанаў разам зь Сяргеем Пятрухіным вёў Youtube-канал «Народны рэпарцёр». Вялікую вядомасьць блогеры набылі, калі асьвятлялі сытуацыю вакол будаўніцтва ў Берасьці акумулятарнага заводу. У 2020 годзе Кабанаў да свайго арышту фактычна выконваў функцыі прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай.

15 чэрвеня 2020 году Кабанава затрымалі. 14 красавіка 2021 году ў Кастрычніцкім судзе Магілёва яго прызналі вінаватым у «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак» (арт. 342 Крымінальнага кодэксу) ды «зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» (артыкул 369 КК) і прысудзілі яму 3 гады пазбаўленьня волі.

17 сьнежня 2022 году Кабанаў выйшаў на волю з магілёўскай турмы № 4, цалкам адбыўшы тэрмін. У канцы студзеня 2023 Аляксандар пераехаў у Вільню.

Што такое ініцыятыва ByPol

У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.

Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.

Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).

Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.

У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.

BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG