Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Ці магчымая прапаганда па-беларуску, чаму Бабарыка не адкупіўся ад турмы і як сьмерць Лукашэнкі паўплывае на рэпрэсіі


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Чаму прапагандысты сталі ганіць Нобэлеўскую прэмію, калі яе атрымаў Алесь Бяляцкі?

— Пачалі яшчэ са Сьвятланы Алексіевіч.

На першы погляд, тут ёсьць парадокс. Вось атрымаў прэмію расейскі Мэмарыял, які ў РФ забаронены. Але ў шырэйшай пэрспэктыве Нобэлямі мераюцца не рэжымы, а краіны і народы. Выходзіць, Расея атрымала прэмію міру і адначасова разьвязала вайну ва Ўкраіне?..

Насамрэч Нобэль — індыкатар чужароднасьці інтарэсаў рэжыму і краіны. Рэжым рана ці позна скончыцца, і Расея будзе ганарыцца Салжаніцыным і Бродзкім, якіх улады з Расеі выгналі. Беларусь і беларусы будуць хваліцца Алексіевіч і Бяляцкім. А пакуль рэжым адчувае сваю чужароднасьць для народу і краіны і інстынктыўна сыгналіць пра гэта.

— Чаму за столькі гадоў кіраваньня Лукашэнка так і ня вывучыў ангельскую мову?

— Ён аб’ектыўна жыве ў вобразе дырэктара саўгаса пасьляваенных часоў і нават калі б хацеў, ня змог бы зьмяніцца. Няма такой опцыі ў базавай камплектацыі. Гэты вобраз узыходзіць да постаці Сталіна, «мудрага кіраўніка», які калісьці зьлізвала ўся намэнклятура.

Наколькі атавістычна такі трафарэт выглядае ў сучаснасьці, падкрэсьлівае шпіц на гасьцявым стале Лукашэнкі. Так нейкі піяршчык вольна ці міжвольна патроліў дыктатара. Гэты белы пухнаты сабачка, калі хочаце, — іншасказ інгліша ў вуснах Лукашэнкі. Уявіце сабе шпіца на стале ў Сталіна. Акурат той выпадак, калі трагедыя паўтараецца як фарс.

«Несьмяротны полк», як доўга расейцы будуць эксплюатаваць мёртвых?

— Трэба ўлічваць расейскі мэнталітэт. Там кажуць: «На миру и смерть красна». Там адчуваюць патрэбу крычаць пра сваё гора на ўсю вуліцу. І крык гэты робіцца агрэсіўным: «Можам паўтарыць!»... У беларусаў ёсьць традыцыя галашэньня, але яна не паказная, адбываецца ў коле сям‘і...

Асабіста ў мяне ў тую вайну на фронце загінуў дзед. Я нарадзіўся праз 16 гадоў, але тая страта сэнсоўна адчувалася праз усё маё жыцьцё і праз жыцьцё сям’і. Дзеда не было, але ён нейкім чынам прысутнічаў і прысутнічае ўвесь час і ва ўсім. Калі б я з партрэтам дзеда выйшаў на вуліцу, я адчуў бы глыбокі сорам, бо здрадзіў бы ягонай невідочнай прысутнасьці. Памяць у беларусаў вельмі прыватная.

— З Украіны вывезьлі шмат дзяцей, а іх хтосьці ўлічвае? Можа, іх вывозяць на ворганы?

— Ва ўмовах поўнай сакрэтнасьці і адкрытай хлусьні з боку рэжыму можа быць усё. Больш за тое, калі жыцьцё чалавека ўвесь час абясцэньваецца прапагандай, калі за антываенны лайк пагражае турма, калі ў дзіцячых садках насычаюць атмасфэру мілітарызмам і «русским миром», а з другога боку, на ўвесь сьвет выхваляюцца посьпехамі беларускай трансплянталёгіі... Шукаючы лёгіку ў гэтым усім, застаецца толькі дадумваць, зводзячы канцы з канцамі.

Узброеныя цёмныя людзі фактычна зьнішчылі журналістыку ў Беларусі і пад покрывам таямніцы робяць цёмныя справы. Інакш нашто ім хавацца? Добрыя справы звычайна робяць адкрыта.

— Цяпер уся агрэсіўная прапаганда вядзецца ў Беларусі па-расейску. А ці магчымая яна па-беларуску і ці варта гэтага патрабаваць?

— Патрабаваць ня варта, бо гэта зьвязана з вашай бясьпекай, а пры тым і немагчыма. Па-беларуску можна, вядома, перадаваць хлусьлівыя навіны, але рабіць агрэсіўную прапаганду нельга. Бо беларуская мова (асабліва за гэтыя тры гады) моцна аб’ядноўвае беларусаў вакол сваёй культуры і тоеснасьці, дае адчуваньне, што мы адна нацыя — як адна сям’я, пагатоў самыя сьветлыя нашы словы кшталту «Жыве Беларусь!» забароненыя рэжымам, і цяпер пра гэта ведаюць усе.

Задача прапаганды адваротная — атамізаваць людзей, трымаць іх у рабскім страху. Я ўжо не кажу пра галоўную мэту прапаганды — русыфікацыю.

— Чаму Віктар Бабарыка не адкупіўся ад турмы, а цяпер увогуле невядома, што зь ім?

— Дзесьці ў Высоцкага ёсьць радок: «Бо патрэбныя кнігі ты ў дзяцінстве чытаў». Прынамсі, для майго пакаленьня гэта цалкам вытлумачальныя словы.

Бабарыка чалавек шчыры і высакародны. І ў гэтым усім вельмі прынцыповы. Асабіста я ведаю яго такім і ведаю ягоную на карысьць Беларусі дабрачыннасьць, якую маштабамі ні з чыёй іншай дабрачыннасьцю ніякага іншага бізнэсоўца параўнаць немагчыма. Ён перакананы, што як ён будзе паводзіцца ў жыцьці, такое і жыцьцё будзе вакол яго. І гэта важней за турму і нават сьмерць. Такую пазыцыю могуць сабе дазволіць толькі вялікія людзі, якія ўрэшце застаюцца ў гісторыі і ў патрэбных кнігах.

— Што вы думаеце пра стан Лукашэнкі? І як яго сьмерць паўплывае на рэпрэсіі?

— Яны спыняцца. Бо гэта яго асабістая помста і пэрсанальная адказнасьць. Ніхто ў ягоным атачэньні не настолькі ўсемагутны, амбітны і матываваны, каб браць гэтую пэрсанальную адказнасьць на сябе. Пры тым усе выдатна разумеюць, што гэтыя рэпрэсіі нічым, апроч ягонай помсты, не апраўданыя, што гэта адкрытыя злачынствы з выкарыстаньнем службовага становішча. І без Лукашэнкі пакрываць іх ня будзе каму.

Таму калі б ён сапраўды занядужаў і страціў кантроль, першым сыгналам было б калі не спыненьне рэпрэсій, дык прынамсі іх паслабленьне. Пакуль жа казаць пра гэта не выпадае.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG