Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пост у сацсетках — «пікет», аўтара — пад суд. Ува што ператварылася Канстытуцыя ў Беларусі


Суд у Менску, ілюстрацыйнае фота
Суд у Менску, ілюстрацыйнае фота

Не зьдзіўляйцеся, калі неўзабаве пост у фэйсбуку, які набраў пару-тройку дзясяткаў падабаек, будуць лічыць мітынгам, а тых, хто пакінуў пад ім камэнтары, выступоўцамі на гэтым несанкцыянаваным «масавым мерапрыемстве».

Днямі на афіцыйным сайце «Банк судовых рашэньняў» зьявілася пастанова наваполацкага судзьдзі, якая, на мой погляд, фіксуе новы этап у тым, што на мове юрыстаў завецца «правапрымяняльнай практыкай». А па вялікім рахунку — і якасна новы этап у палітычным жыцьці. Нягледзячы на тое, што вынесенае пакараньне па цяперашніх часах шмат хто і пакараньнем не палічыць — «усяго» 15 сутак.

«Судзьдзя Л.» (гэтак ён абазначаны ў пастанове) разгледзеў адміністрацыйную справу «С.» (імя і прозьвішча падсуднага таксама не названыя), уся «віна» якога палягае толькі ў адным — разьмяшчэньні ў сацсетцы герба «Пагоня». Больш ні ў чым.

«Вина С. в нарушении порядка проведения массового мероприятия подтверждается...»

Прывяду вытрымкі з судовай пастановы на мове арыгіналу, з захаваньнем стылёвых і сынтаксычных асаблівасьцяў.

«В судебном заседании С. вину в совершении правонарушения признал, пояснил, что в июле 2020 гогда, когда находился в г. Н. с помощью мобильного телефона подключённого к сети „Интернет“ на своей странице с именем р. в социальной сети „Telegram“, опубликовал изображение герба „погоня“ в котором выразил общественно-политические интересы. Согласен с тем, что данным действием совершил пикетирование в нарушение установленного порядка.

Оценивая собранные по делу доказательства, прихожу к выводу, что вина С. в нарушении порядка проведения массового мероприятия подтверждается...

... прихожу к выводу, что рассматриваемое массовое мероприятие являлось пикетированием, так как оно было публичным и организованным, имело целью выражение гражданином общественно-политических, личных и иных интересов».

Што ведае першакурсьнік юрфаку

Якія высновы можна зрабіць з гэтага фрагмэнту, акрамя таго, што судзьдзя ня ведае нормаў сынтаксісу расейскай мовы (якую ён, трэба думаць, прызнае дзяржаўнай)?

Судзьдзя ігнаруе галоўны прынцып дзяржаўнага права, бязь веданьня якога студэнт юрфаку наўрад ці перакрочыць празь першую ж сэсію. А менавіта: Канстытуцыя зьяўляецца вышэйшай за закон (таму яна і завецца Асноўным законам), а прапісаныя ў ёй палажэньні зьяўляюцца нормамі прамога дзеяньня. Апошняе азначае, што палажэньні гэтыя павінны выконвацца няўхільна і безумоўна і ня быць абмежаванымі ніякімі рашэньнямі ніякіх дзяржаўных органаў.

У дзейнай рэдакцыі Канстытуцыі ёсьць артыкул 35:

«Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый і пікетаваньня, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай. Парадак правядзеньня ўказаных мерапрыемстваў вызначаецца законам».

Гэта значыць — права пікетаваньня (гаворка цяпер пра яго) гарантуецца Канстытуцыяй.

А як жа з апошнім сказам артыкула, пра вызначэньне законам парадку правядзеньня, на які (парадак) ускосна і спасылаецца судзьдзя? Няцяжка здагадацца, што прысутнічае тут гэты сказ якраз з мэтай абмежаваць гэтае права (быў ён і ў ранейшых рэдакцыях Канстытуцыі).

Артыкул гэты, па сваёй сутнасьці, таўталягічны. Практычна кожны другі артыкул Асноўнага закону можна дапоўніць падобным сказам, бо адна з функцый законаў — якраз замацаваць мэханізмы выкананьня канстытуцыйных палажэньняў ды гарантаваць іх ажыцьцяўленьне. Таму наяўнасьць падобнага сказа ў прававым сэнсе нічога не мяняе для грамадзяніна, — Канстытуцыя, як мы памятаем, захоўвае норму прамога дзеяньня. І гэта дзяржаўныя органы ўключна з праваахоўным апаратам абавязаныя, у адпаведнасьці з вызначаным законам парадкам, забясьпечыць рэалізацыю права грамадзяніна на масавае мерапрыемства.

Строга кажучы, калі ўжо няўхільна прытрымлівацца літары закону, дык судзіць за невыкананьне «установленного порядка» трэба найперш чыноўнікаў і сілавікоў, якія не забясьпечылі канстытуцыйнае права грамадзяніна.

Як чалавек, у пэўнай ступені знаёмы з канстытуцыйным заканадаўствам (быў членам Канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня), я б адважыўся выказаць думку, што калі б у Беларусі існаваў сапраўдны Канстытуцыйны суд — ён пры разглядзе адпаведнай справы выступіў бы на баку правоў грамадзяніна, а ня нейкай дзяржаўнай установы ці сілавікоў.

І нарэшце: безумоўна, публікацыя ў сацыяльных сетках — ніякі не пікет і ніякае не масавае мерапрыемства. Хаця не зьдзіўлюся, калі неўзабаве пост у фэйсбуку, які набраў пару-тройку дзясяткаў падабаек, будуць лічыць мітынгам, а тых, хто пакінуў пад ім камэнтары, — выступоўцамі на гэтым несанкцыяваным «масавым мерапрыемстве».

Паводле лёгікі, судзьдзя блытае паняцьці масавага мерапрыемства (пікетаваньня) і свабоды выказваньня думак і прама парушае артыкул 33 Канстытуцыі, які канстатуе, што «кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне. Ніхто ня можа быць прымушаны да выказваньня сваіх перакананьняў або адмовы ад іх».

Ацэньваць падобнае парушэньне канстытуцыйнага права грамадзяніна як перавышэньне службовых паўнамоцтваў ці паводле нейкага іншага артыкулу Крымінальнага кодэксу — гэта ўжо справа судовых інстанцый у будучай дэмакратычнай Беларусі.

Слова, якім можна замяніць лукашэнкаўскую канстытуцыю

Чаму выкарыстаньне нацыянальных сымбаляў бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня», перасьледуецца ўсё больш актыўна — асобная тэма.

Адметна тое, што рашэньне наваполацкага судзьдзі ніякае ня ноў-хаў, яно проста сканцэнтравала ў сябе тое, што завецца «правапрымяняльнай практыкай». І практыка гэтая фіксуе якасна новы этап рэпрэсій, які фактычна забараняе якое б тое ні было выказваньне палітычнай пазыцыі. Заўважце: судзьдзя карае чалавека за «выказваньне грамадзянінам грамадзка-палітычных інтарэсаў». І паколькі юрыдычнага азначэньня тэрміна «масавы» не існуе (хоць 30 тысяч чалавек, хоць тры) — караць цяпер могуць і за выказваньне думкі ў коле сям’і за вячэрай (чым не масавае мерапрыемства?). Такіх фармулёвак не было нават у часы Сталіна, пры бязьмежным тэроры НКВД.

Людзей арыштоўвалі, судзілі, кідалі за краты, высылалі ў Сібір, расстрэльвалі — за «контрарэвалюцыйную дзейнасьць», за «антысавецкую прапаганду», за «ўдзел у трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі», за «шкодніцтва», за «падрыхтоўку забойства тав. Сталіна (Молатава, Варашылава, Жданава, Бэрыі» і г.д.(выбар быў дастатковы), за што заўгодна. Але да фармулёвак кшталту «за выказваньне грамадзянскай пазыцыі» ці «выказваньне грамадзка-палітычных інтарэсаў» — да гэтага сьледчыя, пракуроры ды судзьдзі пры Сталіну неяк не дадумаліся. Магчыма, не хапіла фантазіі.

Пры Лукашэнку дадумаліся.

Азначае гэта толькі адно: улада ясна дае зразумець беларусам, што на тэмы, якія хоць нейкім бокам закранаюць сфэры палітыкі ці грамадзкага жыцьця, лепш не выказвацца. «Маўчаць!» — вось слова, якім можна замяніць тыя артыкулы лукашэнкаўскай канстытуцыі, дзе ідзе гаворка пра грамадзянскія ды палітычныя правы.

А магчыма, і ўсю канстытуцыю.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG