Прэзыдэнт Ірляндыі Майкл Гігінс на сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай выказаў поўную падтрымку беларусам, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасьць сваёй краіны, паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай. На сустрэчы абмеркавалі цяперашнюю сытуацыю з палітвязьнямі, умовы ў турмах, важнасьць падтрымкі беларускай дыяспары. Прэзыдэнт расказаў пра ірляндзкі досьвед барацьбы за ідэнтычнасьць і незалежнасьць краіны, аднаўленьне культуры і тоеснасьці, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
«Гэта была вельмі цёплая размова. Я ўпэўненая, што прэзыдэнт Ірляндыі будзе нашым саюзьнікам тут, у краіне, і на міжнароднай арэне. Мне вельмі хацелася данесьці да яго інфармацыю пра нашую працу і нашую барацьбу за свабодную Беларусь. Ён мяне пачуў», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Таксама адбылася сустрэча зь віцэ-прэм’ерам і міністрам замежных справаў Ірляндыі Міхолам Марцінам. Абмеркавалі апошнія прысуды Раману Пратасевічу і Сьцяпану Пуцілу, сытуацыю зь Віктарам Бабарыкам і Сяргеем Ціханоўскім, а таксама Дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі 21 траўня.
Ціханоўская падзякавала міністру за супрацу з ірляндзкай амбасадай у Вільні і за падтрымку незалежных беларускіх мэдыя (Ірляндыя аказала дапамогу некаторым выданьням) і праваабаронцаў. Ціханоўская расказала аб працы Аб’яднанага пераходнага кабінэту і дэмакратычных сілаў, пра важнасьць падтрымкі беларускіх валянтэраў і добраахвотнікаў ва Ўкраіне.
Таксама падчас сустрэчы абмеркавалі:
- удзел Ціханоўскай у Генасамблеі ААН увосень гэтага году і арганізацыі мерапрыемства, прысьвечанага Беларусі;
- міжнародную кампанію па недапушчэньні разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі, бо гэта нясе прамую пагрозу бясьпецы ў рэгіёне і незалежнасьці Беларусі;
- падтрымку праваабарончых ініцыятываў і сем’яў рэпрэсаваных праз праваабарончыя арганізацыі, таксама рэабілітацыю палітвязьняў, якія выходзяць з турмаў;
- падтрымку культурніцкіх праектаў і ініцыятываў, рэзыдэнцыяў для беларускіх дзеячоў культуры, перакладаў на беларускую мову ірляндзкай літаратуры, выданьне кнігі пра беларуска-ірляндзкія сувязі, правядзеньне сэмінару па гісторыі і ідэнтычнасьці з удзелам ірляндзкіх гісторыкаў і экспэртаў;
- спрашчэньне візавых і міграцыйных працэдураў для беларусаў, вяртаньне магчымасьці беларусам наведваць Ірляндыю па брытанскай візе. Таксама бакі абмеркавалі праблемы, зь якімі сутыкаюцца беларусы, якія пражываюць у Ірляндыі, зьвязаныя з дакумэнтамі, працаўладкаваньнем і побытам;
- каардынацыю санкцыйнай палітыкі, а таксама пашырэньне сьпісу індывідуальных санкцыяў супраць прапагандыстаў, пракурораў і судзьдзяў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі і рэпрэсіі.
Ціханоўская ў Дубліне: «Толькі пасьля сыходу рэжыму Лукашэнкі мы адновім у Беларусі вяршэнства права»
Палітык нагадала, што 232 гады таму ў Эўропе прынялі першую Канстытуцыю — «Урадавы закон» Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, дакумэнт, які падтрымлівала беларуска-літоўская шляхта, што «робіць гэтую гістарычную падзею нашай агульнай спадчынай».
«Дэмакратыя, свабода, канстытуцыйныя правы — гэтыя словы да гэтага часу гучаць для беларусаў як мара», якая «амаль спраўдзілася» ў 2020 годзе, але «на зьмену ёй прыйшоў кашмар дыктатуры і гібрыднай акупацыі», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская ў амбасадзе Польшчы ў Дубліне 3 траўня.
Паводле яе, «сёньня рэжым у Беларусі змагаецца з нашай гісторыяй, нашымі агульнымі героямі і нашай агульнай спадчынай».
Ціханоўская паведаміла аб працы над праектам новай Канстытуцыі Беларусі.
«Я веру, што на гэты раз наша новая Канстытуцыя вытрымае выпрабаваньне часам і мы вернемся да нашых традыцый дэмакратыі», — сказала яна.