Мірны плян Францыі і Вялікай Брытаніі мае на ўвазе стварэньне сілаў, якія могуць перадухіліць паўторны напад Расеі на Ўкраіну, піша Associated Press з спасылкай на брытанскіх і францускіх афіцыйных асобаў, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.
З словаў суразмоўцаў агенцтва, узброеныя сілы, якія плянуюць сабраць Парыж і Лёндан, могуць мець запасы зброі і цяжкую тэхніку, якія магчыма за некалькі гадзін ці дзён перакінуць ва Ўкраіну, каб стрымаць новы наступ расейскай арміі пасьля заключэньня перамір’я.
Сярод прапановаў ёсьць і варыянт «простых і неадкладных удараў» па расейскіх абʼектах у выпадку парушэньня перамірʼя, сказаў адзін з заходніх службоўцаў.
Колькасьць міратворчых войскаў, якія могуць разьмясьціць ва Ўкраіне, пакуль абмяркоўваецца. Згодна з адным з варыянтаў, міратворцаў паставяць на ключавыя інфраструктурныя абʼекты Ўкраіны, у тым ліку на атамныя электрастанцыі. Падтрымліваць іх будуць заходнія паветраныя і морскія сілы. Лінію фронту будуць кантраляваць дыстанцыйна, напрыклад, з дапамогай бесьпілётнікаў.
«Трамп задаволены гэтай ідэяй, гэтая ідэя вельмі добрая для нас, і калі Эўропа хоча стаць рэальным гульцом, ёй варта гэта зрабіць. Калі яны прапусьцяць гэтую магчымасьць, мы апынёемся ў вельмі складанай сытуацыі», — пракамэнтаваў AP ініцыятыву неназваны высокапастаўлены ўкраінскі службовец.
6 сакавіка лідэры краін ЭЗ на нечарговым пасяджэньні Эўрапейскай рады ўхвалілі высновы аб павелічэньні выдаткаў на абарону, пацьвердзілі падтрыманьне Ўкраіны і падтрымалі плян REARM Europe, прэзэнтаваны кіраўніцай Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен, які прапануе вылучыць да 800 млрд эўра на патрэбы абароны.
Адзначаючы неабходнасьць «істотнага павелічэньня выдаткаў на абарону», у дакумэнце заклікалі да ўмацаваньня вайсковага патэнцыялу ЭЗ перад абліччам «пагрозаў, якія ідуць ад Расеі і Беларусі».
Форум