Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусу выставілі абвінавачаньне ў падпале супэрмаркету ў Варшаве на заданьне выведкі Расеі


Паліцыя ў Варшаве. Ілюстрацыйнае фота
Паліцыя ў Варшаве. Ілюстрацыйнае фота

Беларусу пагражае пакараньне ад 10 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Польская пракуратура выставіла абвінавачаньне грамадзяніну Беларусі Сьцяпану К. у падпале шматпавярховай будаўнічай крамы ў Варшаве ў красавіку 2024 году. Ён нібыта дзейнічаў на заданьне расейскай выведкі.

Пажар адбыўся 14 красавіка 2024 году, згарэла частка крамы, шкода ацэненая на больш за 3,5 млн злотых (каля 900 тысяч даляраў). Ідзецца пра пажар у гандлёвым цэнтар на вуліцы Радзыміньскай.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, грамадзянін Беларусі 13 красавіка нібыта разьліў у краме лёгкаўзгаральную вадкасьць і пакінуў прылады для дыстанцыйнага падпалу. У ноч на 14 красавіка яны ўключыліся і пачаўся пажар. Таксама Сьцяпан К. нібыта здымаў пажар на тэлефон, затым частка гэтых матэрыялаў «была апублікаваная на расейскіх прапагандысцкіх сайтах».

«Акрамя таго, вызначана, што падазраваны Сьцяпан К. учыніў названы падпал, дзейнічаючы ў інтарэсах замежнай выведкі, г.зн. выведкі Расейскай Фэдэрацыі, і на заданьне расейскіх спецслужбаў», — заявілі ў пракуратуры.

Мужчыну выставілі абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні дывэрсіі ў інтарэсах замежнай выведкі і тэрарыстычным злачынстве (арт. 130 і п. 1 арт. 165 КК Польшчы). Гэтыя артыкулы прадугледжваюць пакараньне ад 10 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня.

«Пасьля выстаўленьня абвінавачаньня Сьцяпану К. яго дапыталі ў якасьці падазраванага. На гэты момант мы не даем ніякай інфармацыі аб яго працэсуальным статусе», — гаворыцца ў паведамленьні.

Суд вырашыў арыштаваць Сьцяпана К. яшчэ на тры месяцы. У пракуратуры растлумачылі, што мужчына фігуруе ў расьсьледаваньні справы арганізаванай злачыннай групы, якая займаецца вэрбаваньнем і арганізацыяй дывэрсійнай дзейнасці ў інтарэсах замежнай выведкі. Яму таксама выстаўленыя абвінавачанні ў гэтай справе паводле артыкулаў аб шпіянажы і ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе.

Газэта Rzeczpospolita апублікавала дэталі справы. У матэрыяле Сьцяпан К. названы «меркаваным уцекачом зь Беларусі».

Паводле інфармацыі выданьня, ён уваходзіў у групу разам з украінцам Сяргеем С. і палякам Альгердам Л. Яны раней ужо былі асуджаныя за падпалы, але ў гэтых эпізодах беларус выступаў толькі як саўдзельнік. У выпадку пажару ў Варшаве на Радзыміньскай ён нясе поўную адказнасьць. Абвінавачаньні яму выставілі ў панядзелак 10 сакавіка.

Выданьне таксама адзначае, што пажар на Радзыміньскай не атрымаў такога вялікага рэзанансу, як наступны інцыдэнт на вуліцы Марывільскай, дзе гандлёвы цэнтар цалкам згарэў. Будаўнічая крама на Радзыміньскай не згарэла дашчэнту толькі дзякуючы сыстэмам супрацьпажарнай абароны і хуткай рэакцыі пажарнікаў, аднак маштаб пажару ўсё роўна быў сурʼёзным.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG