— Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі ідуць ужо тры гады і канца ім не відаць. Гэта назаўжды?
— З рэпрэсіямі сапраўды «нічога не адбываецца». Адбываецца дэградацыя рэжыму. Тут поўная дынаміка. Калі ў ранейшыя гады рэжым хоць бы зьнешне трымаў цывілізацыйную марку, дык цяпер канчаткова здаўся.
Кувалда «Вагнэра» ў падарунак ад дыктатара прапагандысту — гэта своеасаблівая ініцыяцыя для іх. Яны цалкам і незваротна ўпісалі сябе ў шэрагі зэкаў-забойцаў на чужой зямлі. Ніколі ў гісторыі такі працэс не прыводзіў ні да чаго, апроч краху. «Лавіраваць» па-ранейшаму больш немагчыма. Замест піяраўскіх дзівацтваў, кшталту сабачкі на гасьцявым стале, цяпер — кувалда і канец манэўру.
— Пракуратура ў Беларусі займаецца генацыдам мінулай вайны, пры гэтым масавы тэрор супраць беларусаў сёньня застаецца па-за ўвагай. Чаму?
— Пракуратура — непасрэдная саўдзельніца сёньняшняга тэрору, які па сутнасьці не адрозьніваецца ад таго, што яны называюць генацыдам. Атрымліваецца такое фантомнае перакладаньне ўласнай віны на «немцаў» з узмацненьнем гучаньня — аж да генацыду. Маўляў, тыя больш вінаватыя, абсалютна вінаватыя, тады як мы «проста выконваем загад». Мы гэтага ўзроўню яшчэ не дасягнулі.
Тэму генацыду даносяць да кожнага школьніка, трансьлююць з кожнага прасу. Па-першае, каб тэрор мог пашырацца, па-другое, каб засыпіць сумленьне саміх пракурораў.
— Чаму беларусы ў сацсетках вінавацяць ва ўсім адны адных, а не рэжым?
— Увогуле «Хто вінаваты?» гэта расейская клясыка, а не беларуская. Пачынаць трэба ня з пошуку вінаватых, а з ацэнкі канкрэтных і даказаных учынкаў і падзеяў.
Калі кажуць, што Ўкраіна вінаватая ў расейскай агрэсіі, а Ціханоўская — у лукашэнкаўскім тэроры, сьвет перакульваецца з ног на галаву. Быццам не Расея напала, і не Лукашэнка кашмарыць, а наадварот. Найперш гэта прыём прапаганды, якая ператварае нашу радзіму ў орвэлаўскую фэрму, а ў сацсетках хапае праваднікоў гэтай прапаганды. Па-другое, ёсьць людзі зь незадаволенымі амбіцыямі, якія «зьнішчаюць» уяўных канкурэнтаў. Па-трэцяе, і звычайнага глупства ніхто не адмяняў.
— Чаму ў Беларусі зь Вялікаднем ці Калядамі звычайна віншуюць «тых, каму рэлевантна»? Палякі ці літоўцы ніколі не ўдакладняюць.
— Палякі і літоўцы належаць да адной канфэсіі. У беларусаў з гэтым разнабой. За саветамі панаваў атэізм і амаль не было храмаў. Пры незалежнасьці храмы адкрыліся і для большасьці нэафітаў стала важна, хто ты — праваслаўны ці каталік. Успомнілі бабуль-дзядоў. І, як дзеці малыя, сталі дзяліцца на гэтых і тых. Але падзел недарэчны, асабліва ў віншаваньнях. Як бы вы казалі: Віншую з Днём Волі — і дадавалі — для тых, хто сьвяткуе.
Асабіста мне «рэлевантныя» віншаваньні і з двума Вялікаднямі, і з Курбан Байрамам, і зь Песахам. Бо гэта наш агульны беларускі мультыкультуралізм.
— Экс-прэзыдэнт РФ Мядзьведзеў сказаў, што Польшча — «бясконца варожая» Расеі краіна. А нам?
— Усе цывілізацыйныя даброты да апошняй запалкі прыйшлі да нас з Захаду, а не з Усходу. У тым ліку Эпоха гуманізму, дзякуючы якой мы сталі цывілізаваным народам. ВКЛ шмат разоў ваявала з Масковіяй і ніколі з Каронай.
Сама беларуская ідэя для расейскіх мажнаўладцаў — «польская інтрыга». Палякі маглі бачыць у ёй інтрыгу расейскага камунізму, бо беларускі рух у Заходняй Беларусі фінансавала Масква. Беларусы, якія ў міжваенны час ня ўдзельнічалі ў палітыцы, часта згадваюць тыя часы з настальгіяй. «За польскім часам было лепей». Была яшчэ і палянізацыя, але не параўнальная з русыфікацыяй, фактычным этнацыдам.
— Пішуць пра міліцыянтаў-пэдафілаў. Раней на гэтую тэму часьцей распавядалі пра ксяндзоў. А хто зь іх страшнейшы для грамадзтва?
— Аб’ектыўна страшнейшы міліцыянт, бо мае пісталет, кайданкі і можа за камэнтар у сацсетках пакласьці вас «тварам у асфальт».
Міліцыянт пастаўлены рэжымам у такое становішча, што ад яго практычна немагчыма выкруціцца. І, у адрозьненьне ад ксяндза, такі міліцыянт у сёньняшняй Беларусі, хутчэй за ўсё, застанецца беспакараным. Хоць само злачынства агіднае ў кожным выпадку.
— У беларусаў як нацыі асаблівы лёс. Чаму так?
— У нас ніколі не дамінаваў этнічны нацыяналізм. Гэта наша спадчына ад мультыкультурнага ВКЛ. У гэтым і слабасьць, і сіла.
У пачатку ХХ ст., калі суседзі заняліся праектамі нацыянальных дзяржаваў, беларусы думалі пра адраджэньне Канфэдэрацыі ВКЛ (1915), але засталіся ў адзіноце. Высокія станы называлі сябе краёўцамі, а ніжнія — тутэйшымі. Краёўцы, у пэўным сэнсе, вымушаныя былі трымацца мэйнстрыму і абвясьцілі БНР, а тутэйшыя сьледам за імі — БССР. Адсюль і цяперашнія «мучэньні» з саманазвай. Але мультыкультурнасьць нікуды ня дзелася зь беларускай душы. Зь ёй цяжэй, але яна ж і наша выжываньне, і актыў на будучыню, якой мы былі натхнёныя на маршах 2020-га.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669