Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: беларуская сыстэма распазнаваньня твараў Kipod ужываецца ў Маскве для перасьледу і арыштаў пратэстоўцаў


Улады Расеі выкарыстоўваюць сыстэмы відэаманіторынгу і распазнаваньня твараў, каб выяўляць апазыцыйна настроеных грамадзянаў, чыніць на іх ціск і арыштоўваць. Асабліва шырока гэтая практыка ўжываецца ў Маскве. Сярод сыстэмаў, задзейнічаных у рэпрэсіях, ёсьць і беларуская Kipod ад кампаніі Synesis.

Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні агенцтва Reuters, піша партал «Зеркало».

Пра запуск адной з найбуйнейшых у сьвеце сетак відэаназіраньня з распазнаваньнем твараў у Маскве заявілі яшчэ ў 2017 годзе. Ужо тады па горадзе былі ўсталяваныя 160 тысяч камэр сачэньня, 3 тысячы зь іх былі падключаныя да сыстэмы распазнаваньня твараў.

Reuters прааналізавала больш за 2000 судовых спраў і прыйшло да высновы, што гэтыя камэры адыгралі важную ролю ў арыштах сотняў пратэстоўцаў і апанэнтаў улады. Большасьць былі затрыманыя ў 2021 годзе пасьля антыўрадавых пратэстаў.

Аднак, як высьветлілі журналісты, з пачатку вайны ўлады сталі больш актыўна выкарыстоўваць распазнаваньне асобаў для прэвэнтыўных затрыманьняў «нядобранадзейных» грамадзян, каб прадухіліць іх удзел у пратэстах.

Толькі ў праваабарончай групы ОВД-Инфо ёсьць дадзеныя пра затрыманьне прынамсі 141 чалавека дзякуючы сыстэме распазнаваньня твараў у 2022 годзе.

Як высьветліла Reuters, сыстэма распазнаваньня твараў у Маскве працуе на аснове праграмнага забесьпячэньня трох расейскіх і адной беларускай кампаніі. Мэрыя Масквы ў 2021 годзе паведамляла пра выкарыстаньне альгарытмаў ад фірмаў NtechLab (з 2018 году часткова належала Растэху), VisionLabs (належыць МТС і мае штаб-кватэру ў Нідэрляндах) і Tevian (кампанія штучнага інтэлекту, заснаваная супрацоўнікамі МДУ).

Агенцтва сьцьвярджае, што ўлады Масквы выкарыстоўваюць ня толькі плятформы Luna ад VisionLabs, FindFace ад NtechLab і FaceSDK ад Tevian, але і праграмнае забесьпячэньне для распазнаваньня асобаў Kipod, распрацаванае беларускай кампаніяй Synesis. Яна знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, ЭЗ і Вялікай Брытаніі за прадастаўленьне Kipod уладам Беларусі, якія выкарыстоўваюць сыстэму для рэпрэсіяў і падаўленьня пратэстаў.

Высокі суд Лёндану адхіліў пазоў беларускай кампаніі Synesis аб адмене санкцыяў за распрацоўку сыстэмы маніторынгу Kipod. У кампаніі Synesis адмовіліся камэнтаваць ужываньне іх распрацовак у Маскве.

Таксама Reuters накіравала запыты ў мэрыю Масквы і МУС Расеі, але іх пакінулі без адказу. Агенцтва адзначае, што і расейскія кампаніі, і беларуская Synesis выкарыстоўваюць у працы працэсары Intel і графічныя працэсары Nvidia, якія робяць працу сыстэмаў хутчэйшай. Напрыклад, на сайце Intel паўгода таму паведамілі, што Synesis у 2019 годзе пачала выкарыстоўваць працэсары Intel для падвышэньня прадукцыйнасьці сваёй плятформы Kipod, якая ўжываецца сілавікамі. Аднак гэтыя амэрыканскія вытворцы не павінны пастаўляць свае чыпы ў Расею і Беларусь праз санкцыі ЗША.

У адказ на запыт журналістаў Nvidia і Intel заявілі, што спынілі ўсе пастаўкі ў Расею яшчэ ў сакавіку 2022 году, пасьля таго як ЗША зрабілі больш жорсткімі экспартныя абмежаваньні. Аднак яны дадалі, што не заўсёды могуць ведаць, як выкарыстоўваюцца іх прадукты. Таксама яны заявілі, што настойваюць на тым, каб усе іх кліенты таксама выконвалі санкцыі, і калі даведаюцца пра парушэньні зь іх боку і перапродаж чыпаў у Расею, то гатовыя разарваць адносіны з такімі пакупнікамі.

Тым ня менш, як высьветліла Reuters, з красавіка па кастрычнік 2022 году ў Расею праз пасярэднікаў прыбыла ня менш за 129 партыяў прадукцыі Nvidia, а таксама прадукцыя Intel на суму ня менш як 457 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG