Адразу пасьля паступленьня першай інфармацыі пра тое, што заснавальнік IT-кампаніі Synesis Аляксандар Шатроў трапіць у чацьвёрты пакет санкцый Эўразьвязу, зьмянілася яе структура ўласнасьці. Як высьветліла Эўрарадыё, большую частку сваіх акцый Шатроў перапісаў на аднаго з падначаленых, 81% Synesis цяпер належыць яе дырэктару Юрыю Сербянкову.
Яшчэ ў адной кампаніі — «Сінезіс Стратус» — Шатроў цалкам выйшаў са сьпісу ўласьнікаў. Цяпер фірма на 100% належыць галаўной арганізацыі.
Упершыню Synesis трапіў пад санкцыі Эўразьвязу яшчэ напрыканцы 2020 году. Кампанія спрабуе аспрэчыць у судзе тое рашэньне, але выніку пакуль няма.
Synesis вінавацяць у тым, што з дапамогай яе галоўнага прадукту — сыстэмы Kipod сілавікі вылічвалі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту. У прыватнасьці, ёсьць зьвесткі, што з дапамогай менавіта гэтай сыстэмы затрымалі анархіста Міколу Дзядка, які хаваўся ад перасьледу ў здымным жытле ў Асіповіцкім раёне.
Таксама 22 чэрвеня стала вядома, што акцыі групы САФМАР, якія належаць яшчэ аднаму фігуранту «санкцыйных сьпісаў» — расейскаму бізнэсоўцу Міхаілу Гуцэрыеву — сталі імкліва падаць на біржы.