28 лютага беларускі КДБ прызнаў БАЖ «экстрэмісцкім фармаваньнем». У Беларусі арганізацыю зьліквідавалі яшчэ ў жніўні 2021 году. Юрыст БАЖ Алег Агееў патлумачыў, як цяпер будзе працаваць БАЖ.
«Для нас гэта падстава пераасэнсаваць тое, што мы робім, каб захаваць бясьпеку для людзей. Статус экстрэміста ў беларускім заканадаўстве сфармуляваны так, што ён можа быць распаўсюджаны амаль на любую асобу.
Мы бачым, як арганізацыі, ужо прызнаныя „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“, маюць праблемы. Гэта ня першы выпадак з такім статусам для арганізацый і актыўнасьцяў. Цяпер гэта трэба асэнсаваць, як далей працаваць з гэтым статусам», — кажа Алег Агееў.
БАЖ прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» менавіта таму, што раней улады зьліквідавалі юрыдычны статус яе як арганізацыі. Калі б ён быў, то прызнавалі б «экстрэмісцкай арганізацыяй».
«Беларускія ўлады ня дзейнічаюць прававымі мэханізмамі і вельмі адвольна іх ужываюць. Небясьпека стала большай, але няясна, у што яна выльецца», — дадае Алег Агееў.
Беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» шэраг арганізацый, СМІ і нават некаторыя музычныя гурты, а таксама каналы ў Telegram, сацыяльныя сеткі ды іншыя аб’яднаныя групоўкі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў — добраахвотнае недзяржаўнае непартыйнае аб’яднаньне грамадзян, якія займаюцца прафэсійнай журналісцкай дзейнасьцю або садзейнічаюць яе разьвіцьцю. Асацыяцыя дзейнічае з восені 1995 года, а ў 2006 годзе прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю.