«Мы размаўлялі пра карысныя выкапні. Я ведаю, што нашай камандзе быў перададзены першы драфт адпаведнага дакумэнта ЗША аб партнэрстве паміж нашымі краінамі. Гэты дакумэнт мы атрымалі сёньня, мы вывучым яго і зробім усё, каб нашыя каманды маглі вельмі хутка дамовіцца і падпісаць гэты дакумэнт. Зробім усё для таго, каб пасьпець на Мюнхэнскую канфэрэнцыю», — сказаў Зяленскі.
Ён чакае, што каманда ўкраінскіх чыноўнікаў будзе працаваць у гэтыя найбліжэйшыя два дні, каб «была магчымасьць зафіксаваць канкрэтныя дамоўленасьці ўжо ў Мюнхэне».
«Гэты дакумэнт адпавядае бачаньню Дональда Трампа з нагоды хуткага вырашэньня гэтага канфлікту (вайны ва Ўкраіне — рэд.)», — сказаў міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт.
Ён таксама адзначыў, што ЗША і Ўкраіна павінны «падзяліць пытаньні бясьпекі».
3 лютага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон гатовы надаць Украіне ваенную дапамогу ў абмен на яе рэдказямельныя мэталы, якія выкарыстоўваюцца ў электроніцы.
Пасьля гэтага Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна адкрытая для заключэньня пагадненьня з ЗША аб доступе да рэдказямельных карысных выкапняў і патрабуе гарантыяў бясьпекі ад саюзьнікаў як часткі любога ўрэгуляваньня. Паводле Зяленскага, да 20% мінэральных рэсурсаў Украіны, уключаючы каля паловы радовішчаў рэдказямельных элемэнтаў, знаходзяцца пад расейскай акупацыяй. Ён выказаў меркаваньне, што Масква можа адкрыць доступ да гэтых рэсурсаў сваім саюзьнікам — Паўночнай Карэі і Ірану.
- Украіна валодае значнымі запасамі тытана, а таксама прыкладна 500 тысячамі тон літыя, агульны кошт якіх ацэньваецца ў дзясяткі трыльёнаў даляраў, адзначае Financial Times. Некаторыя зь іх знаходзяцца пад пагрозай страты ці ўжо трапілі пад расейскую акупацыю.
- Украіна мае найбуйнейшыя запасы літыя і тытана ў Эўропе, казала ў 2023 годзе міністарка эканомікі Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка. Некаторыя радовішчы бэрылію, цырконію, танталу, комплекс фосфарных рудаў рэдказямельных і рэдкіх мэталаў унікальныя, гаворыцца на сайце галіновай выставы Mining World Ukraine. Акрамя таго, краіна мае магчымасьць выйсьці на сусьветны рынак з чыстымі і звышчыстымі мэталамі, такімі як галій, індый, талій, сьвінец, волава.
- Агульны кошт карысных выкапняў Украіны, паводле ацэнкі Forbes па стане на 2023 год, складаў 14, 8 трыльёнаў даляраў. Больш за 70% зь іх прыпадаюць на Данецкую, Днепрапятроўскую і Луганскую вобласьці краіны. Агульны абʼём карысных выкапняў складае 111 мільярдаў тон.
- Да пачатку 2025 году Ўкраіна страціла два з чатырох радовішчаў літыя — ключавога кампанэнта для акумулятараў электрамабіляў і іншых прыладаў. Паводле зьвестак на 2023 год, Расея кантралявала больш за 700 радовішчаў карысных выкапняў на акупаваных тэрыторыях.
- Атрымаўшы доступ да ўкраінскіх рэсурсаў, ЗША зьменшаць сваю залежнасьць ад Кітая, які здабывае каля 60% усіх рэдказямельных мэталаў у сьвеце і перапрацоўвае амаль 90%. У 2023 годзе ўлады КНР забаранілі экспарт тэхналёгіяў выманьня і апрацоўкі рэдказямельных мэталаў, што моцна ўскладніла здабычу, якую вядуць ЗША і іх саюзьнікі.
Форум