Палітзьняволеная жыхарка Пінску Алена Маўшук, якую 12 лютага вызвалілі разам з журналістам Свабоды Андрэем Кузьнечыкам і неназваным грамадзянінам ЗША, распавяла ў інтэрвію «Люстэрку», што ўмовай яе памілаваньня і вызваленьня быў ад’езд зь Беларусі. Дарогу да мяжы жанчына ня бачыла, бо канваіры надзелі на яе твар маску.
Паводле Алены Маўшук, пра вызваленьне яна даведалася раптоўна.
«Усё гэта было спантанна. Я працавала на фабрыцы, вярнулася пасьля першай зьмены, і мы ўсё пайшлі на вячэру. Да мяне падышоў кантралёр і сказаў: „Маўшук, пойдзем з намі“. Мы прыйшлі ў атрад, мне сказалі вынесьці ўсё-ўсе свае рэчы. Дзяжурны памагаты начальніка калёніі павёў мяне ў штаб. Там быў пракурор, які сказаў: „Уладзіміраўна, ваша памілаваньне разглядалася“», — распавядае Алена Маўшук.
Пасьля гэтага пракурор сказаў ёй, што памілаваньне ўжо разгледзелі і яе згодныя вызваліць, але з умовай, што ёй трэба пакінуць Беларусь, і спытаў, ці былі ў палітзьняволенай такія намеры. Алена Маўшук адказала, што «ўжо прагаварыла тое, што не хачу жыць у Беларусі».
Адразу пасьля вячэры Маўшук з рэчамі забралі, прыехала машына, і яе павезьлі ў Менск. Паводле цяпер ужо былой палітзьняволенай, уначы яна знаходзілася ў СІЗА КДБ. Колькі часу яна там правяла, Маўшук ня ведае. Пасьля гэтага яе забралі і некуды павезьлі.
«Пакуль мяне везьлі да мяжы, я нічога ня бачыла. Калі я выйшла з памяшканьня, на мяне надзелі маску, і таму я нічога ня бачыла», — кажа Алена Маўшук.
Паводле Маўшук, да мяжы яе суправаджалі канваіры. Толькі калі прыехалі на мяжу, зь яе зьнялі маску і вярнулі пашпарт.
Алена Маўшук удакладніла, што сама вырашыла напісаць прашэньне аб памілаваньні ў ліпені 2024 году і што яе «ніхто не прымушаў гэтага рабіць».
Пра папраўчую калёніі № 24 у Зарэччы, дзе яе ўтрымлівалі, Алена Маўшук распавяла, што цяпер там ідзе рамонт, «але зімой было вельмі холадна, ацяпленьне працавала дрэнна». Кармілі, паводле яе, спачатку дрэнна, але «апошнія два гады пачалі добра карміць». Паводле Маўшук, да яе як да палітзьняволенай «было вельмі перадузятае стаўленьне»: яе ўвесь час саджалі ў штрафны ізалятар.
Палітзьняволеная распавяла, што ў калёніі «вельмі цяжка было з мэдычнай часткай»: немагчыма было дамагчыся атрыманьня нейкіх лекаў або ўколаў. У мяне пагоршыўся слых, і яна прасіла вывезьці мяне ў гарадзкую бальніцу, але гэтага так і не зрабілі. Таксама падчас зьняволеньня ў яе зьявіліся праблемы са зрокам і ўжо 5 гадоў былі праблемы з нагой у выніку траўмы, якую яна атрымала на мітынгу ў 2020 годзе.
Што вядома пра Алену Маўшук
Шматдзетную маці Алену Маўшук затрымалі ўначы 10 жніўня 2020 году ў Пінску. Паводле словаў міліцыянтаў, жанчына нібыта з палкай замахваліся на супрацоўнікаў міліцыі. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Муж Алены і дзеці ня ведалі пра яе месцазнаходжаньне і стан на працягу чатырох сутак. Пазьней зь імі зьвязалася сукамэрніца і расказала, што Алена ў камэры «голая, босая, зьбітая, уся ў сіняках».
Алену ў СІЗА паставілі на ўлік як «схільную да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праяўленьня агрэсіі». Таксама жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў.
30 красавіка 2021 году Алену Маўшук асудзілі на 6 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Яе мужа Сяргея Маўшука асудзілі на 6,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Адразу пасьля абвяшчэньня прысуду Алена напісала ў сшытку: «Я павешуся» і паказала прысутным у судовай залі. У тэлефанаваньнях з калёніі Алена паведамляла блізкім, што да яе ўжываюць фізычны і псыхалягічны гвалт, пазбавілі ўсіх перадач і спатканьняў, яна рэгулярна атрымлівае пакараньні і знаходзіцца ў прыгнечаным псыхалягічным стане. Алену Маўшук пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Усяго ў сям’і Алены і Сяргея пяцёра дзяцей: Юлія, Карына, Ангеліна, Вольга і Дзяніс. Двое непаўналетнія. 10-гадовую Ангеліну 17 верасьня 2020 году забіралі ў сацыяльны прытулак са школы, хоць муж Алены быў яшчэ на свабодзе, але ён дзяўчынцы айчым. Потым апеку над Ангелінай аформіла хросная маці. Карыну таксама забіралі ў прытулак, потым яна была ў Клецку ў сваякоў.
Форум