Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарам нацыянальнай выведкі ЗША прызначана Талсі Габард


Талсі Габард
Талсі Габард

Сэнат ЗША большасьцю галасоў падтрымаў прызначэньне Талсі Габард на пасаду дырэктара нацыянальнай выведкі, паведамляе CNN. Яе кандыдатуру прапанаваў прэзыдэнт краіны Дональд Трамп.

Габард служыла ў войску і працавала камэнтатаркай на тэлеканале Fox News, які традыцыйна асацыюецца з Рэспубліканскай партыяй. Раней Габард была ў Дэмакратычнай партыі, але ў 2022 годзе выйшла зь яе. У 2024 годзе яна ўступіла ў Рэспубліканскую партыю.

За кандыдатуру Габард прагаласавалі 52 сэнатары, 48 былі супраць. Практычна ўсе, хто галасаваў «за» — прадстаўнікі рэспубліканцаў. Супраць быў толькі адзін з рэспубліканскіх сэнатараў.

43-гадовая Габард з 2013 па 2021 год была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ад штату Гаваі. Агулам ад 2003 году яна праслужыла ў Нацыянальнай гвардыі ЗША 20 гадоў — у тым ліку служыла ў Іраку ў мэдычным падразьдзяленьні з 2004 па 2005 год і ў рэзэрве, калі ўжо была ў Кангрэсе. У 2021 годзе яна атрымала званьне падпалкоўніка.

На працягу сваёй палітычнай кар’еры Габард часта мяняла свой пункт гледжаньня па многіх вострых пытаньнях, напрыклад, аб даступнасьці абортаў, дазволе аднаполых шлюбаў або праве дзяржавы на сачэньне за грамадзянамі, якіх падазраюць у злачынствах.

Габард неаднаразова выступала супраць уцягваньня ЗША ў ваенныя і палітычныя канфлікты на чужой тэрыторыі. У прыватнасьці, яна абвінавачвала адміністрацыю Джо Байдэна ў тым, што тая выкарыстоўвае ўкраінскі народ як «гарматнае мяса» і зацягвае канфлікт.

Лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сенаце Джон Тун павіншаваў Габард з прызначэньнем. Ён назваў яе «сапраўднай патрыёткай, заўсёды матываванай службай». У той жа час сэнатар ад дэмакратаў Чак Шумэр раскрытыкаваў сваіх рэспубліканскіх калег, якіх, на яго думку, прэзыдэнт Трамп «прымушае да падпарадкаваньня». «Няма пытаньня, ці падыходзіць міс Габард для кіраўніцтва выведкай ЗША, — цытуе сэнатара CBS. — Паводле любых абʼектыўных ацэнак, не падыходзіць».

Габард крытыкуе амэрыканскія выведныя службы ў іх цяперашнім стане як празьмерна ваенізаваныя, а таксама як «марудлівыя, неадэкватныя і якія дапускаюць памылкі», і заклікае да іх рэфармаваньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG