Ва Ўкраіне выпусьцілі адмысловы канвэрт, прысьвечаны нобэлеўскаму ляўрэату прэміі міру Алесю Бяляцкаму. Адначасна выйшла і марка, прысьвечаная Беларусі ў сувязі з нобэлеўскім уганараваньнем беларускага праваабаронцы, піша Радыё Рацыя.
Ініцыятарам выданьня канвэрта і маркі стаў Уладзімір Ханас, грамадзкі дзеяч зь Цярнопалю. Ён адзначыў, што марку зь Бяляцкім вырашылі зрабіць разам з маркай, прысьвечанай украінскім ляўрэатам. Гэта адбылося праз тое, што ўлада ў Беларусі належыць сілам, якія выступаюць супраць Украіны.
«ААН практычна нічога ня робіць у напрамку падтрымкі беларусаў. Гэта яшчэ адзін аргумэнт на карысьць рэфармаваньня ААН. Ну, і ў беларусаў менш рэсурсаў. Таму, рыхтуючы спэцыяльныя канвэрты да атрыманьня Нобэлеўскай прэміі міру Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў (старшыня Аляксандра Матвійчук), мы вырашылі зрабіць такі ж канвэрт для беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага».
Выбар быў невідавочны, ён стаўся «пэўным выклікам», кажа ініцыятар выданьня маркі і канвэрта.
«Ва Ўкраіне хапае патрыятычных марак, сусьветны розгалас выклікаў знакаміты „расейскі карабель“. У Беларусі такіх брэндаў няма. Таму мы вырашылі выпусьціць праект маркі зь беларускай сымболікай. Пасьля абмеркаваньняў вырашылі абраць стылізаваны варыянт адной зь першых марак незалежнай Беларусі з гербам „Пагоня“. Гэта афіцыйны плацёжны сродак — і своеасаблівы сымбаль падтрымкі і салідарнасьці зь беларускім народам. І канвэрты, і маркі зробленыя, пасьля гашэньня мы іх дашлём беларускім сябрам».
У студзені 2023 году над Алесем Бяляцкім, а таксама ягонымі паплечнікамі ў праваабарончай дзейнасьці Валянцінам Стэфановічам і Ўладзем Лабковічам праходзіць суд. Усіх трох падсудных праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі. Суд адхіліў хадайніцтвы праваабаронцаў, якія прасілі адкрыць працэс, зьняць зь іх кайданкі ў судовай клетцы і весьці працэс на беларускай мове.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.