Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі паэт з Бучы Сяргей Прылуцкі пайшоў ваяваць за Ўкраіну


Сяргей Прылуцкі, архіўнае фота
Сяргей Прылуцкі, архіўнае фота

Ужо больш за два тыдні, як беларускі паэт Сяргей Прылуцкі знаходзіцца ў Інтэрнацыянальным легіёне.

Паэт распавёў «Нашай Ніве», як трапіў туды.

Сяргей Прылуцкі шмат гадоў жыве ва ўкраінскім горадзе Буча, які ў 2022-м стаў сымбалем трагедыі ўкраінскага народу і ваенных злачынстваў расейскіх акупантаў. Тады беларус Сяргей Прылуцкі з жонкай і маленькім сынам эвакуяваўся, але ўжо ў траўні 2022 году вярнуўся ў Бучу. Цяпер жа ён ідзе ваяваць.

Паводле Прылуцкага, гэта не раптоўнае рашэньне — ён быў гатовы ісьці ваяваць яшчэ ў 2022 годзе, але тады «стаялі вялізныя чэргі перад ваенкаматамі, быў сур’ёзны адбор». Людзей, у якіх былі нейкія пытаньні са здароўем, адсейвалі, і ён «са сваім трошкі неідэальным здароўем быў не такі патрэбны».

Сяргей Прылуцкі кажа, што, пасьля эвакуацыі з Бучы ў 2022-м стаў на вайсковы ўлік на новым месцы (у яго ёсьць украінскае грамадзянства) і з таго моманту чакаў, што ў нейкі момант яго прызавуць.

«Калі я вярнуўся ў Бучу, было шмат бюракратычных пытаньняў. У 2024 годзе прынялі новы закон наконт мабілізацыі, бюракратыі стала менш, і я змог зноў стаць на вайсковы ўлік у Бучы. Неяк усё расьцягнулася на год, і выйшла, што я трапіў у войска толькі цяпер. Мяне гэта не шакавала, ня стала нейкім сюрпрызам, бо я сам шукаў месца, куды пайсьці служыць», — кажа паэт.

На пытаньне, чаму менавіта Інтэрнацыянальны легіён, Сяргей Прылуцкі адказвае, што ён ва Ўкраіне ўсе ж «прадстаўнік нацыянальнай меншасьці» плюс да таго ж яму параілі ісьці туды — «сказалі, што там добрыя падразьдзяленьні» і там патрэбныя людзі. Таксама ў Інтэрнацыянальным легіёне служаць некалькі ягоных сяброў служыць — усё гэта паўплывала на карысьць ягонага выбару.

На пытаньне, як сямігадовы сын адрэагаваў на навіну пра тое, што тата пойдзе на вайну, Сяргей адказаў:

«Як усе дзеці: сумуе безь мяне. Але ён разумее, што адбываецца», — кажа паэт.

У хуткім часе ў Сяргея пачнецца навучаньне ў «вучэбцы», якое, ён мяркуе, зойме 45 дзён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG