Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў прыняла закон аб амністыі. Палітвязьняў вызваляць ня будуць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Авальнай залі законапраект прадставілі міністар унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Іван Кубракоў і намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у нацыянальнай бясьпецы Аляксандар Барсукоў.

Паводле папярэдніх падлікаў, мяркуецца прымяніць амністыю «ў гонар 80-годзьдзя перамогі» ў дачыненьні да 7630 асуджаных, піша тэлеграм-канал Палаты прадстаўнікоў.

Асноўнымі ўмовамі для прымяненьня амністыі зьяўляюцца поўнае пакрыцьцё шкоды, прычыненай злачынствам, і станоўчая характарыстыка асобы ў пэрыяд адбывацьця пакараньня, нагадвае Палата прадстаўнікоў.

Законапраект, прыняты ў двух чытаньнях, зьмяшчае шэраг навэлаў.

  • Зьмяншаецца тэрмін пакараньня на адзін год раней не судзімым асобам, якія ўчынілі злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў, за выключэньнем асобаў, якія ўчынілі такія злачынствы, што пацягнулі па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека ў выніку спажываньня ім наркатычных сродкаў;
  • Дапаўняецца пералік асоб, якія цалкам вызваляюцца ад пакараньня і іншых мераў крымінальнай адказнасьці, асобамі, якія маюць мэдыцынскія паказаньні да адумысловага лекаваньня ў сувязі з анкагематалягічнымі захворваньнямі і дэпрэсіямі крыватвору;
  • Асобы, асуджаныя за неасьцярожныя злачынствы, якія пацягнулі сьмерць чалавека, вызваляюцца ад пакараньня часткова тэрмінам на адзін год замест замены прызначанага ім пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі больш мяккім пакараньнем у выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
  • Раней не судзімым асобам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту і асуджаным да пазбаўленьня волі на тэрмін ня звыш шасьці гадоў, замяняецца пакараньне больш мяккім у выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Палата асобна апісала, да каго не прымяняецца амністыя. Гэта асобы, якія:

  • злосна ўхіляюцца ад выкананьня дадатковага пакараньня ў выглядзе штрафу або пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю (частка 2 артыкулу 423 КК);
  • якія зьдзейсьнілі злачынствы, зьвязаныя зь незаконнымі дзеяньнямі ў дачыненьні дзяржаўных сакрэтаў (артыкулы 374, 3751, 3752).

Як і пры амністыі, прымененай на падставе Закону Рэспублікі Беларусь ад 2 ліпеня 2024 году № 19-3 «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», прадугледжваюцца:

  • зьніжэньне тэрміну пакарання на адзін год шматдзетным жанчынам, асуджаным за ўчыненьне забойства або прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула сьмерць без абцяжваючых адказнасьць прыкметаў (ч. 1 арт. 139 і ч. 3 арт. 147 КК);
  • жанчынам і адзінокім мужчынам, якія маюць непаўналетніх дзяцей, якія ўчынілі злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў;
  • асобам, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы;
  • не распаўсюджваньне амністыі на асоб, якія ўчынілі злачынствы, прадугледжаныя ч. 1 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі), чч. 1 і 2 арт. 350 (зьнішчэньне, блякаваньне або мадыфікацыя кампутарнай інфармацыі) КК;
  • не прымяненьне амністыі да асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці.

Апошні пункт, відавочна, разьлічаны на палітычных вязьняў. КДБ і МУС часта ўносяць асуджаных паводле «палітычных» артыкулаў у сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», а таксама выносяць ім папярэджаньні без дай прычыны ў турмах, саджаюць у карцары і крытыя турмы, каб у выніку на іх не распаўсюджвалася амністыя. Амністыя папярэдніх гадоў палітычных зьняволеных таксама ня тычыліся.

Нагадаем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў прызнаныя міжнароднай супольнасьцю нелегітымнымі. Заяўлялася, што выбары праходзілі ў атмасфэры застрашэньня электарату, непразрыста, ва ўмовах шматлікіх палітычных зьняволеных і зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці Беларусі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG