У Кобрыні на аўкцыён выставілі адну з найбуйнейшых сынагог Беларусі, паведамляе «Берасьцейская газэта».
Яна знаходзіцца на вуліцы Першамайскай, 40. Яе выставілі на пляцоўцы па продажы маёмасьці «БелЮрЗабеспячэньне».
Электронныя таргі прызначаныя на 15 траўня. Пачатковая цана аб’екту складае 612 тысяч рублёў (прыкладна 200 тысяч даляраў). Аб’ект зьяўляецца культурнай спадчынай, будынкам рэлігійнага і культурнага прызначэньня, таму на змельным участку пры ім магчымае толькі разьмяшчэньне аб’ектаў рэлігійнага і культавага прызначэньня.
Чаму сынагогу выставілі на аўкцыён
Сынагога прадаецца за даўгі ТАА «Жылбудкамплект». Гэта забудоўнік, які не дабудаваў жылы комплекс «Грушаўскі пасад» у Менску. 430 дольнікаў перадалі кампаніі больш за 58 млн рублёў, але кватэраў так і не атрымалі.
Жылбудкамплект зьліквідавалі, дамы дабудоўвала дзяржаўная будаўнічая арганізацыя. Сытуацыю падрабязна асьвятляў партал realt.by.
Праблеме быў прысьвечаны нават асобны ўказ Лукашэнкі — «Аб завяршэньні будаўніцтва жылых дамоў», які прадугледзеў атрыманьне заказчыкам пазыкі за кошт бюджэту гораду Менску з пагашэньнем яе за кошт дадатковага будаўніцтва, што дазволілі распачаць на пляцоўцы Грушаўскага пасаду.
Заснавальнік Жылбудкамплекту Ільля Волах, які сам родам з Кобрыні, паводле даных сьледзтва, патраціў грошы дольнікаў на свае асабістыя патрэбы і патрэбы сваёй сям’і. Ён знаходзіцца за мяжой, на Волаха ў Беларусі адкрытая справа. Пацярпелымі прызналі 423 грамадзяніна і 7 кампаній.
Гісторыя сынагогі ў Кобрыні
Цяперашняя каменная сынагога была ўзьведзена ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя, у 1840-х гадах. Сынагогу пабудавалі на вялікім участку паміж ракой Кобрынькай, Пінскай вуліцай, гарадзкімі лазьнямі. Разам з будынкам прадаецца і зямельны ўчастак плошчай 57 сотак, які перадаецца па праве сталага карыстаньня. Агульная плошча сынагогі складае 1068 квадратных мэтраў. Пры гэтым будынак мае статус помніка гісторыка-культурнай спадчыны.
Што вядома пра будынак?
У сьпісе за 1853 год сынагога пазначаная як «незавершанае будаўніцтва», а побач зь ёй дзейнічалі яшчэ дзевяць малітоўных школаў. Да 1913 году сынагога функцыянавала. Пазьнейшыя дакумэнты аб яе працы адсутнічаюць. У пачатку XX стагодзьдзя ў Кобрыні дзейнічала больш за сем сынагогаў, але пасьля Другой сусьветнай вайны ацалела толькі гэтая. У час Другой сусьветнай вайны будынак стаў цэнтрам гета, куды нацысты сагналі габрэйскае насельніцтва з усёй акругі.
Пасьля вайны сынагога ўжо не выкарыстоўвалася як рэлігійны абʼект: каштоўныя рэчы вывезьлі, будынак прыстасавалі пад вытворчыя патрэбы. У 1980-х гадах тут разьмяшчаўся цэх вытворчасьці піва і безалькагольных напояў Кобрыньскага кансэрвавага заводу. У 1990-я гады будынак пачаў занепадаць. Пляны аднавіць сынагогу як культурны цэнтар юдаізму Заходняй Беларусі і музэй гісторыі і этнаграфіі габрэяў Берасьцейшчыны не былі рэалізаваныя.
Слонімская сынагога
Больш вядомы і шматпакутны аб’ект сярод беларускіх сынагогаў месьціцца ў Слоніме. Будынак шмат разоў выстаўлялі на таргі, прадавалі, але гаспадарыць там ніхто так і не пачаў.
Год таму Слонімскую сынагогу прадалі расейскаму прадпрымальніку Дзянісу Дудараву. Слонімская, як і Кобрыньская, знаходзіцца ў даволі добрым стане. Ахвотны купіць яе на тых таргах быў толькі адзін, таму яму прадалі помнік за стартавы кошт — 42 рублі.
У найбліжэйшыя пяць гадоў ён павінен увесьці будынак у эксплюатацыю. Адна з умоў рэстаўрацыі: захаваць у працэсе ўсе мастацкія, стылістычныя і канструкцыйныя асаблівасьці.
Паводле ўмоваў продажу, будынак можна рэканструяваць пад абʼект рэлігійнага (культавага) прызначэньня, абʼект культурна-асьветніцкага і відовішчнага прызначэньня.
Форум