У інтэрвію BBC нобэлеўская ляўрэатка Марыя Рэса расказала, што закон выкарыстоўваўся супраць яе ў якасьці інструмэнту рэпрэсій. Гэтае супрацьстаяньне, паводле журналісткі, доўжылася больш за чатыры гады.
Аднак у выніку суд у Філіпінах апраўдаў журналістку і яе навінавае агенцтва Rappler па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.
«Мы спадзяваліся, што гэты дзень наступіць раней, — сказала BBC Марыя Рэса. — І вы ведаеце, усё зьвялося да трох рэчаў: фактаў, праўды і справядлівасьці. Яны сёньня і перамаглі».
Выданне Rappler было адным зь нямногіх філіпінскіх СМІ, якія адкрыта крытыкавалі былога прэзыдэнта Радрыга Дутэртэ. (За дзень да адстаўкі Дутэртэ з пасады прэзыдэнта філіпінская камісія па каштоўных паперах і біржам анулявала ліцэнзію выданьня).
У 2018 годзе ўрад Дутэртэ абвінаваціў Рэсу і яе выданьне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, паколькі рэдакцыя прыцягвала капітал ад замежных інвэстараў. Рэса і Rappler аспрэчвалі абвінавачаньні.
Нацыянальны саюз журналістаў Філіпін заявіў, што справа аб ухіленьні ад выплаты падаткаў супраць Rappler — прыклад таго, як закон усё часьцей выкарыстоўваецца для рэпрэсій і запалохваньня журналістаў і грамадзян.
- У 2021 годзе Марыя Рэса стала ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру, падзяліўшы яе з расейскім журналістам, галоўным рэдактарам «Новой газеты» Дзьмітрыем Муратавым.