«Адсутнасьць інфармацыі ад уладаў Беларусі аб затрыманьні былой журналісткі Ларысы Шчыраковай выклікае глыбокую занепакоенасьць, — заявіў у Нью-Ёрку Карляс Мартынэс дэ ля Сэрна, праграмны дырэктар Камітэту абароны журналістаў. — Улады павінны неадкладна раскрыць любыя абвінавачаньні, выстаўленыя супраць яе, і забясьпечыць, каб прадстаўнікоў прэсы не перасьледавалі за іх працу».
Камітэт абароны журналістаў зьвярнуўся праз электронную пошту ў Сьледчы камітэт Беларусі па камэнтар, але адказу пакуль не атрымаў.
Былую журналістку Ларысу Шчыракову затрымалі ў Гомлі 6 сьнежня. Сына Шчыраковай у той жа дзень адразу пасьля заняткаў забралі са школы ў сацыяльна-пэдагагічны прытулак Гомельскага у, што за паўтара кілямэтра ад дома.
«Падобна, што яна затрыманая ў крымінальнай справе, інакш яны не маглі б яе затрымаць, бо яе сын непаўналетні», — лічыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
Ларыса Шчыракова — вядомая ў Гомлі журналістка. Да 2021 году яна супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданьняў. Здымала дакумэнтальныя фільмы, вяла свой праект ушанаваньня памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя». Шчыракова запісвала сьведчаньні сваякоў рэпрэсаваных, на падставе гэтых запісаў выходзілі публікацыі і дакумэнтальныя фільмы.
У 2021 годзе Шчыракова публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі. Свой сыход яна патлумачыла тым, што ёй і без таго хапіла перасьледу за працу без акрэдытацыі. Паводле пратаколаў міліцыі, суды каралі журналістку адміністрацыйнымі штрафамі больш як 40 разоў.
У апошнія месяцы былая журналістка займалася этнафотасэтамі — здымала людзей у народных беларускіх строях і адпаведных месцах. Сёлета яна пайшла вучыцца на факультэт псыхалёгіі. Негледзячы на пагрозы, Шчыракова прынцыпова заставалася ў Беларусі.