Васіль — работнік у сфэры інфармацыі і камунікацыі. Менш за год ён жыве ў невялічкім мястэчку, недалёка ад Льежу. Гэта Валёнія, франкамоўная частка краіны. Васіль кажа, што абраў для жыцьця Бэльгію, бо раней ня раз сюды прыяжджаў, яшчэ зь дзяцінства. Таму краіна для яго ў цэлым была знаёмая.
«Калі выходзіш з кабінэта чыноўніка, хочацца крычаць»
«Але адна справа — быць у гасьцях. Іншая — вырашаць усё самастойна. Часам ад тутэйшых завядзёнак зрывае дах. Мясцовая бюракратыя — гэта катастрофа, чынавенства тут у нейкім астрале. Прычым па ўсіх пытаньнях і на ўсіх узроўнях. Нават калі нехта зь мясцовых чыноўнікаў памыліўся, то ніхто ніколі не прызнае памылку. Будзеш хадзіць у некаторыя ўстановы як на працу, каб потым табе адмовілі. Мне часам хочацца крычаць ад роспачы, калі выходзіш з чарговага кабінэта».
Васіль кажа, што паўгода чакаў афармленьня дакумэнтаў на правы кіроўцы. Днямі акурат завітаў, каб забраць. Кажуць, што не прынесьлі фатаздымак. Беларус на гэта запытаўся, а чаму не папярэдзілі, — у адказ паціскаюць плячыма. Атрыманьне правоў адкладзецца яшчэ на нейкі час. Пры гэтым мужчына падкрэсьлівае, што ніхто з чыноўнікаў не бярэ да галавы, калі даў няправільную кансультацыю.
«У Бэльгіі вельмі высокія цэны на паслугі. Калі цэны на прадукты ці адзеньне ў прынцыпе прымальныя, то арэнда, камунальныя, транспарт — гэта ўсё вельмі дорага. Толькі за адну сувязь (мабільнікі, інтэрнэт, тэлевізар) мы плацім 93 эўра на трох чалавек», — расказвае Васіль.
«У маім рэгіёне ніхто не гаворыць па-ангельску»
У рэгіёне, дзе асеў беларус, абсалютная большасьць жыхароў размаўляе на францускай мове, хоць у Бэльгіі ёсьць рэгіёны, дзе людзі гавораць па-флямандзку (самі мясцовыя называюць гэтую мову «галяндзкай») і па-нямецку.
«Вучым францускую мову, я троху ёй валодаў пасіўна. Але ніколі не разьвіваў і не вучыў. Цяпер даводзіцца ўдасканальваць на акадэмічным узроўні. Дзеці ходзяць у францускую школу, жонка ходзіць на курсы. У маім рэгіёне ніхто не гаворыць па-ангельску, нават кнігу ў бібліятэцы цяжка знайсьці па-ангельску. Мы побач жывём зь Нідэрляндамі, дык там імгненна адказваюць па-ангельску, а ў Валёніі з гэтым ёсьць праблемы. Флямандцы, як правіла, лепш ведаюць францускую, бо яна ў іх абавязковая ў школах. А франкафоны амаль ня ведаюць флямандзкай, бо ў іх гэты прадмет на выбар. Ангельскую і нямецкую таксама вучаць слаба».
Мужчына параўноўвае сыстэмы адукацыі ў Беларусі і Бэльгіі. Кажа, што перавага не заўжды на баку бэльгійскай.
«У мяне складаецца ўражаньне, што тут усё больш проста і ненапружна. Наша адукацыя больш патрабавальная. Нашы настаўнікі, часам і праз крык, але ўплываюць на вучняў. Тут гэтага няма — ня вывучыў дык ня вывучыў. Зь іншага боку, тут няма ніякіх ідэалёгій, піянэраў ды непатрэбных паперак. На другі год у бэльгійскіх школах застаецца вельмі шмат вучняў. Сыстэма вышэйшай адукацыі тут не прыярытэтная, як у нас. Няма такога, што ўсе павінны вучыцца ва ўнівэрсытэтах. Калі ты скончыў проста школу і працуеш нават на самай простай працы, то гэтага табе хапае для таго, каб арандаваць жыльлё, мець аўто, забясьпечыць сабе ўсе базавыя патрэбы. Ва ўнівэрсытэтах ніхто таксама нікога не трымае. Як правіла, ВНУ тут канчае толькі кожны чацьвёрты з тых, хто паступіў».
«Існуе стомленасьць ад украінцаў»
Пры гэтым Бэльгія — гэта вельмі шматнацыянальная краіна. Штогод толькі афіцыйна яны прымаюць 36 тысяч мігрантаў. Мясцовыя жыхары вельмі талерантныя да ўсіх людзей.
«Тым ня менш іхная міграцыйная палітыка прывяла да таго, што ў вялікіх гарадах утвараюцца сапраўдныя мігранцкія „гета“, якія жывуць самі ў сабе. Гэта ёсьць і ў Брусэлі, і ў Льежы, і ў Шарлеруа. Да мігрантаў стаўленьне спакойнае, хоць існуе стомленасьць ад украінцаў», — кажа Васіль.
Ён расказвае, што пытаньне наконт украінцаў актыўна дыскутуецца ў бэльгійскім грамадзтве. Украінскія сем’і атрымліваюць дапамогу ад дзяржавы ў памеры 1500 эўра на месяц, жывуць у бэльгійскіх сем’ях. Часта бывае, што замест таго, каб дапамагаць сваім гаспадарам, яны эканомяць грошы і перасылаюць сваякам ва Ўкраіну.
«Бывалі выпадкі нападу і крадзяжоў ва ўкраінцаў. На гэта паліцыя проста разводзіла рукамі. Увогуле злачыннасьць у Бэльгіі па крадзяжах і рабунках у чатыры разы большая, чым у Беларусі. Некалькі разоў бачыў ахвяр крадзяжоў. Як правіла, гэта робяць залётныя банды зь іншых краін, якія прыяжджаюць, цягам дня ўскрываюць некалькі дамоў ці кватэр у адной мясцовасьці і зьяжджаюць».
«Між горадам і вёскай розьніца ў цане неістотная»
У Бэльгіі амаль няма розьніцы ў цане арэнды паміж вялікімі гарадамі і невялічкімі вёсачкамі, у краіне добрыя транспартныя зносіны, а ў вялікіх гарадах існуюць ня самыя бясьпечныя раёны.
«Дом ці апартамэнты можна знайсьці за 600–700 эўра. Мы плацім 650 эўра за дом зь дзьвюма спальнямі, заляй, кухняй, падвалам і кабінэтам. За 1100 эўра — гэта быў бы сапраўдны шык з выдатным рамонтам. У Брусэлі жыльлё трапляецца за 700–800 эўра».
А вось камуналка ў Бэльгіі вялікая. Сям’я аддае за ўсё больш як 300 эўра на месяц.
«70 эўра мы плацім за ваду. 228 эўра — гэта электрычнасьць і газ у месяц. Тут плаціцца сярэдні плацёж на год, а ў канцы году адбываецца пераразьлік, тады табе ці нешта вяртаюць ці ты даплачваеш. Мінімальная страхоўка на дом — гэта 21 эўра. Вываз сьмецьця раз на тыдзень — гэта 1,5 эўра. Плюс за кожны кіляграм 25 цэнтаў, калі не сартуеш. Калі сартуеш, таксама бываюць свае прыколы. Мяшкі для такога сьмецьця каштуюць 4 эўра. Я купіў у суседнім горадзе за 1 эўра, дык камунальшчыкі папярэдзілі, што наступным разам могуць не забраць увогуле», — дзеліцца Васіль.
Беларус кажа, што дамы і апартамэнты здаюцца, як правіла, бяз мэблі. Таму напоўніць жытло мэбляй — яшчэ той квэст, асабліва калі ўсё з нуля. Аднак ёсьць магчымасьць сабраць тое, што аддаецца праз інтэрнэт бясплатна альбо за мінімальную цану. Гэтаму таксама ёсьць прычына — людзям прасьцей аддаць ужыванае, чым самім ад яго пазбаўляцца, вывозіць і плаціць за кожны кіляграм сьмецьця.
«Дзякуючы свайму сябру, які мае прычэп, мы ўкамплектавалі дом мэбляй і бытавой тэхнікай не даражэй як за 500 эўра. Пры гэтым ёсьць абсалютна ўсё — ад відэльца да лядоўні».
Беларус кажа, што вельмі шмат усялякіх даплат трэба зрабіць, калі набываеш аўто. Гэта падатак на куплю, плата за нумары, за платную дарогу, за страхоўку. У Бэльгіі вельмі папулярныя малалітражныя машыны, бо падатак на іх істотна ніжэйшы. Сваёй падатковай палітыкай улады забілі ў грамадзян жаданьне набываць аўто аб’ёмам болей за 1,5 літра, бо ўжо за 2 літры давядзецца заплаціць каля 1000 эўра падатку.
«З рубрыкі прыколаў — гэта калі табе па пошце прыходзіць адзін нумар, і ты мусіш зрабіць самастойна другі. Гэта каштуе яшчэ дадатковыя 20 эўра. Так працуе сыстэма ў Валёніі, а вось у Фляндрыі поштай дасылаюць адразу два аўтамабільныя нумары. Адчуваецца галяндзкая рацыянальнасьць».
Васіль кажа, што Бэльгія — вельмі цікавая, але і складаная краіна.
«У Бэльгіі няма магчымасьці пайсьці, як кажуць у нас, пагуляць у двары. Бо іх проста не існуе! Жыцьцё бэльгійцаў — між іх домам, працай і гандлёвымі цэнтрамі. Яны фактычна пешшу не перасоўваюцца, нават 300 мэтраў едуць на аўто. Вельмі складана знайсьці дзіцячыя пляцоўкі, бліжэйшая ад нас — за 2 кілямэтры, а другая бліжэйшая — за 10».
«Сярэдні заробак 2500 эўра»
Васіль расказвае, што хлеб у крамах можна купіць за 1 эўра, хоць сьвежавыпечаны абыдзецца ў 2,3 эўра. Кіляграм бульбы-фры будзе каштаваць 70 цэнтаў, а вось проста бульба ў залежнасьці ад сэзону — 1–1,5 эўра.
«Малако — 70 цэнтаў. Пачак масла — 3 эўра. Кіляграм сьвініны на зьніжках будзе 6 эўра, бязь зьніжкі — 10–11 эўра. Тут усе карыстаюцца зьніжкамі. Неверагодная колькасьць макулятуры пра акцыі ў крамах. Калі на месяц зьедзеш, то ўжо ня ўлезеш у паштовую скрыню. Паперазварот вялізны».
Шаўрма ці піта абыдзецца ад 6 эўра. Піва ў крамах можна знайсьці нават за 20 цэнтаў за бутэльку, але часьцей гэта ад 1 эўра. У барах выпіць будзе каштаваць ад 2,5 эўра за куфаль аб’ёмам 0,3 літра.
Беларус кажа, што сярэдні заробак у Бэльгіі — дзесьці каля 2500 эўра на рукі. Сям’я, дзе працуюць двое дарослых, мае 4500–5000 эўра. На кожнае дзіця да васямнаццаці гадоў плаціцца дапамога ад дзяржавы ў памеры 150 эўра на месяц.
«Канцы з канцамі сям’я з чатырох чалавек у краіне можна зьвесьці за 1800–2000 эўра ў месяц, і гэта будзе нагадваць беларускі варыянт выдаткаў — выжыць любой цаной. У каго даход вышэйшы, той ужо можа дазволіць сабе паходы па пабах, адпачынкі, паездкі, моднае адзеньне, тэлефоны і аўто».
«Добрая краіна для пэнсіянэраў»
Васіль пакуль ня мае ў Бэльгіі мэдычнай страхоўкі, таму паходы да лекара абыходзяцца нятанна. Прыём у тэрапэўта для прызначэньня аналізаў — 25–28 эўра. Калі ёсьць страхоўка, то такі самы паход будзе каштаваць 2–4 эўра.
«Прыём у спэцыяліста яшчэ даражэйшы — 70–80 эўра. Здаць кроў на аналізы каштуе 50 эўра. Невялікая зубная плёмба для дзіцяці каштавала 70 эўра. Вельмі капіталістычная краіна. Калі ў Беларусі няма палітычнай свабоды, то тут няма эканамічнай. Бэльгійцы кажуць, што 30 гадоў таму ў іх была сярэдняя кляса, а цяпер існуюць альбо багатыя, альбо хутчэй бедныя. Людзі зь сярэднімі заробкамі сядзяць на крэдытах, і на руках у іх амаль нічога не застаецца».
У цэлым ёсьць праблема з доступам да мэдыцыны, кажа Васіль. Можна зьвярнуцца бясплатна ў шпіталь па «эмэджансі» (экстраную дапамогу. — РС). Яны абавязкова агледзяць, але папярэдзяць, што могуць памераць тэмпэратуру, ціск, паслухаць лёгкія, выпісаць лекі, паглядзець агульны стан, і калі няма «эмэджансі», то адправіць дадому і да свайго лекара, якому давядзецца плаціць, калі няма страхоўкі. Тым ня менш абсталяваныя бальніцы вельмі сучасна. Беларускі мэдычны пэрсанал ня горшы за бэльгійскі, толькі бракуе якасных лекаў і сучаснага абсталяваньня, лічыць беларус.
Мужчынская стрыжка ў Бэльгіі будзе каштаваць ад 10–15, жаночая — ад 30 да 200 эўра, расказвае Васіль.
«Клімат у Бэльгіі вельмі добры. Сьнег можна пабачыць толькі ў Ардэнах. Як правіла, сьнег, на якім можна на санках пакатацца, выпадае раз на 20 гадоў. А так звычайна імжыць дожджык, можа па два тыдні імжыць не спыняючыся. Пры гэтым тэмпэратура і зімой, і летам ідэальная для беларусаў».
Васіль расказвае, што дома ў Беларусі звык мець тэмпэратуру ў пакоі 22–24 градусы. У Бэльгіі ж гэта раскоша, бо газ і электрыка дарагія. Ён кажа, што шмат каму прасьцей надзець другі швэдар ці ўзяць другую коўдру, чым уключыць ацяпленьне. Таму тэмпэратура дома ў сярэднім 18 градусаў.
«Забаваў для дзяцей тут сапраўды бясконца шмат, любая ў сярэднім пачынаецца ад 5 эўра на чалавека. Гэта ад музэяў, замкаў і да паркаў адпачынку з атракцыёнамі і квэстамі. Такога ў Бэльгіі вельмі шмат, хоць кожныя выходныя выяжджай».
Васіль называе Бэльгію ідэальнай краінай для пэнсіянэраў, якія адчуваюць сябе тут досыць камфортна, а вось мясцовая моладзь едзе на заробкі ў ЗША, Канаду, ды нават у суседнія Нідэрлянды, дзе меншыя падаткі.
«Пераяжджаць у Бэльгію я б раіў толькі ў тым выпадку, калі маеце моцны сантымэнт да краіны, а ваш даход на сям’ю ў месяц ня меншы за 3000 эўра», — кажа мужчына.