Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку ўдараў ЗША па порце на захадзе Емэну загінулі 74 чалавекі


Здымак з порту Рас Іса пасьля амэрыканскай атакі
Здымак з порту Рас Іса пасьля амэрыканскай атакі

Амэрыканскае камандаваньне атакавала хусітаў. Тыя падлічылі страты.

Паводле лічбаў міністэрства аховы здароўя, падкантрольнага хусітам, у выніку амэрыканскіх авіяўдараў па паліўным порце Рас Іса на захадзе Емэну загінулі мінімум 74 чалавекі, яшчэ 171 чалавек атрымаў раненьні. Гэта найбольш сьмяротны ўдар з пачатку маштабнай ваеннай кампаніі Вашынгтону супраць хусітаў, распачатай месяц таму.

Пра ўдар паведамляе Reuters.

Ратавальныя каманды працягваюць працаваць у пошуках ахвяр. Прадстаўнік міністэрства аховы здароўя Аніс аль-Асбахі ўдакладніў, што зьвесткі аб загінулых толькі папярэднія, лічбы могуць вырасьці.

Амэрыканскае вайсковае камандаваньне заявіла, што мэтай атакі было пазбавіць хусітаў адной з ключавых эканамічных крыніц — даходаў ад паліва.

«Мэтай гэтых удараў было паслабленьне эканамічнай базы хусітаў, якія працягваюць выкарыстоўваць рэсурсы краіны, на пакуты ўласнаму народу», — гаворыцца ў паведамленьні Цэнтральнага камандаваньня ўзброеных сілаў ЗША, апублікаваным у сетцы X.

Тэрмінал Рас Іса, пабудаваны каля 40 гадоў таму, зьяўляецца найбуйнейшым портам Емэну, прызначаным для экспарту нафты. Яго ёмістасьць для захоўваньня складае да 3 мільёнаў барэляў.

Цэнтральнае камандаваньне арміі ЗША не пракамэнтавала інфармацыю аб колькасьці загінулых і параненых, прадстаўленую міністэрствам аховы здароўя хусітаў. ЗША заявілі, што працягнуць наносіць удары па Емэне да таго часу, пакуль хусіты ня спыняць атакі на судны ў Чырвоным моры.

У час двухмесячнага перамір’я ў Газе хусіты спынілі атакі на судны, але паабяцалі аднавіць удары пасьля аднаўленьня ізраільскай апэрацыі. Тым ня менш, з таго часу яны пакуль не наносілі новых удараў па марскіх цэлях.

У сакавіку, у выніку двухдзённых удараў ЗША, паводле зьвестак хусітаў, загінулі больш за 50 чалавек.

Рух хусітаў кантралюе значную частку тэрыторыі Емэну з пачатку ўнутранага канфлікту ў краіне ў 2014 годзе. Зь лістапада 2023 году рух зьдзейсьніў дзясяткі ракетных і дронавых нападаў на судны ў Чырвоным моры. Менавіта праз гэта на порт зьвяртаюць павышаную ўвагу ЗША і Ізраіль, лічачы яго месцам перавалкі ўзбраеньняў для хусітаў.

Хусіты заяўляюць, што дзейнічаюць у падтрымку палестынскіх арабаў у вайне паміж Ізраілем і радыкальнай групоўкай ХАМАС у Газе, і што іх мэтай зьяўляюцца толькі судны, зьвязаныя з Ізраілем, ЗША ці Вялікай Брытаніяй. Пры гэтым пад абстрэл не аднойчы траплялі судны, якія ня маюць да гэтых краін ніякага дачыненьня.

Як хусіты, так і ХАМАС прызнаныя ў ЗША і ЭЗ тэрарыстычнымі арганізацыямі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG