Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я магу адгрэбці і ад латышоў, і ад «расейцаў». Плюсы і мінусы жыцьця ў Латвіі


Марыя (імя зьменена) жыве ў Латвіі амаль два гады, зьехаць мусіла празь перасьлед на радзіме. За гэты час няблага падвучыла латыскую мову, што дазволіла знайсьці працу сацыяльным мэнтарам. Яна дапамагае ўкраінцам, што прыбываюць у Латвію, уладкавацца на месцы, стаць часткай мясцовага грамадзтва.

«У мае абавязкі ўваходзіць стасаваньне з рознымі дзяржаўнымі інстанцыямі. Вы не паверыце, але па розных тэлефонах могуць казаць зусім розныя рэчы. Таму трэба разьбірацца. Я дапамагаю ўкраінцам з пошукам жыльля, працы, нават псыхаэмацыйнай падтрымкай».

Выбрала Латвію, бо там выходзіла замуж

Беларуска кажа, што інтэгравацца ў латыскае грамадзтва — ня самая простая задача, таму такія мэнтары неабходныя. Але мала хто з украінцаў ведае пра іх існаваньне, таму вельмі часта свае пытаньні яны вырашаюць самі.

У Латвіі Марыя з канца 2020 году. Зь Беларусі яна зьехала яшчэ ў жніўні 2020-га, калі фатаздымкі зь ёю зьявіліся на сайце Сьледчага камітэту, а таксама прапагандысцкіх рэсурсаў. Спачатку зьехала да сяброўкі ва Ўкраіну. На той момант здавалася, што сытуацыя ў Беларусі зьменіцца хутка, а паколькі нічога не мянялася, то паўстаў выбар краіны для сталага жыцьця.

«У мяне быў хлопец-латыш, мы сустракаліся зь ім чатыры гады. Гэта былі дыстанцыйныя стасункі, але і я прыяжджала да яго на некалькі месяцаў у Латвію, і ён да мяне ў Менск. Сустракаліся ў трэціх краінах, падарожнічалі. Былі і добрыя званочкі, і кепскія. Ён сказаў: прыяжджай да мяне, мы нарэшце пажэнімся. Канечне, было хваляваньне, але ўсе хвалююцца перад шлюбам», — расказвае Марыя.

Двойчы зьяжджала зь Беларусі

У выніку дзяўчына зрабіла ва Ўкраіне латвійскую гуманітарную візу. Але гэта быў час ковідных абмежаваньняў, самалёты ня лёталі, аўтобусам праз Польшчу прапускаць яе таксама не хацелі. Заставаўся варыянт ехаць празь Беларусь, нягледзячы на пагрозы перасьледу.

«Людзі, якія праходзілі са мной па той жа справе, сказалі, што ёсьць пэўнае зацішша. Я была абавязаная прайсьці карантын 14 дзён у Беларусі, магчымасьці адразу паехаць у Латвію не было, за гэты час афармляла дакумэнты перад шлюбам, бачылася зь сябрамі. Я нібыта і была падрыхтаваная да ўсяго гэтага, але ніякая падрыхтоўка ніколі не параўнаецца з рэальнасьцю. Пакуль я была ў Менску, пачынае актывізавацца СК і выклікае ўсіх па нашай справе на допыты. Хутчэй за ўсё, мяне б выклікалі на допыт у панядзелак, а я выехала ў суботу», — кажа Марыя.

Беларуска кажа, што лічыла Латвію для сябе больш-менш знаёмай краінай. Але ў рэальнасьці ўсё выйшла зусім ня так, як чакала.

«Ня блытайце турызм з эміграцыяй, — кажа Марыя. — Шлюб працягнуўся нядоўга, неўзабаве я апынулася на вуліцы. Дапамагло, што я ў адчаі пачала посьціць нешта ў фэйсбуку. Мне адказвалі: няўжо ты ня можаш знайсьці суполку беларускую? Добра вам гаварыць у Вільні ці Варшаве, а ня ў Рызе. Я знайшла некалькі таварыстваў, яны аказаліся ябацькамі. Але праз фэйсбук знайшліся людзі, якія мне дапамаглі. Яны параілі мне падацца на ўцякацтва».

«У лягеры для ўцекачоў было ня так блага»

Узімку 2020 году Марыя падалася на ўцякацтва. Паўгода пражыла ў лягеры для ўцекачоў у Муцыніеках.

«У мяне была свая міталёгія ў галаве наконт гэтага, але аказалася ня самая горшая сытуацыя: ёсьць дах над галавой, нават плацяць нейкія грошыкі, хай і невялікія. Абсалютна нармальнае месца. Душ і прыбіральня на калідоры. Табе даюць некалькі талёнчыкаў, па якіх пару разоў у месяц можна зьезьдзіць у горад. Давалі пакеты зь ежай і неабходным для мыцьця. У пакетах было шмат мукі, цукру, рысу. Грэчкі не было. Было некалькі кансэрваў, якія зьядаліся вельмі хутка».

Таксама ў лягеры дзяўчына хадзіла бясплатна на курсы латыскай мовы.

«Пры гэтым у нас не было ні асадак, ні паперы. Калі адрываўся гузік ад чагосьці, то быў сапраўдны квэст знайсьці іголку і нітку. На шчасьце, у лягеры быў пакой са старым адзеньнем, які вельмі дапамагаў».

«Я б не сказала, што Рыга расейскамоўная»

У выніку беларуска атрымала статус уцякачкі ў Латвіі на пяць гадоў. Цяпер яна жыве ў Рызе.

«Па-латыску размаўляю, я шмат разумею, магу хадзіць на лекцыі. Мяне ўзялі на працу, бо ў мяне быў пэўны ўзровень мовы. Усе неабходныя дакумэнты аформіць магу. Але патрэбная практыка. Я б не сказала, што Рыга расейскамоўны горад. Трэба глядзець па раёнах. Ля аўтавакзалу, ці чыгуначнага, там шмат гаворыць людзей па-расейску, там шмат алькаголікаў, маргіналаў. Ёсьць нібыта „расейскія“ раёны, ёсьць такія, дзе больш жывуць латышы. Напрыклад, у Даўгаўпілсе ня ўсе работнікі крамаў ведаюць латыскую мову, а вось у Рызе ўсе дакладна».

Дарагая электрычнасьць

Марыя расказвае, што па сваёй працы часта глядзіць цэны на жыльлё для ўкраінскіх уцекачоў. Кажа, што знайсьці двухпакаёвую кватэру рэальна нават за 250–300 эўра ў месяц. Прыкладна столькі атрымлівае ўкраінская сям’я з трох чалавек дапамогі ад латыскай дзяржавы.

«Натуральна, ня ў цэнтры, але гэта таксама Рыга, там ходзіць грамадзкі транспарт кожныя 5–10 хвілін, паўгадзіны дарогі — і ты ў цэнтры. У кожным рыскім раёне ёсьць свае фішкі, напрыклад, архітэктурныя помнікі, ці лес, рэчка. Калі хочаце наняць у цэнтры, то можна знайсьці і за 800, і за 1200, але таксама рэальна знайсьці ў цэнтры за 350–400 эўра», — расказвае беларуска.

Што тычыцца камуналкі, то ў апошні месяц Марыя сплаціла 61,80 эўра за камунальныя паслугі. Асобна ідзе рахунак за электрычнасьць — 94,43 эўра. Гаворка ідзе пра аднапакаёвую кватэру з электрычным падагрэвам вады.

«За інтэрнэт я плачу 13 эўра. За тэлефон раней плаціла 5 эўра, цяпер тарыф павялічыўся да 9 эўра. Адна паездка ў грамадзкім транспарце — 1,15 эўра», — кажа Марыя.

«Латвія — вялікая вёска»

Дзяўчына прызнаецца, што на першым часе ёй было даволі цяжка.

«Мэнталітэт людзей усё ж адрозьніваецца. Латышы — яны больш нясьпешныя, жыцьцёвы рытм ніжэйшы за менскі. Гэта нармальна, беларусы таксама больш нясьпешныя за ўкраінцаў. Латышам не падабаюцца скандалы, яны рашаюць усё „па-ціхаму“, ня кожны скажа ўсё ў твар — гэта непрыемны момант. Латвія — гэта такая вялікая вёска, некаторыя неаднойчы прызнавалася, што баяцца, што пра іх кепска скажуць, што можа сапсаваць рэпутацыю на ўсё жыцьцё. Я б сказала, што існуе боязь высоўвацца.

Але ў некаторых людзей зусім іншая карціна сьвету. І латышы могуць таксама адкрыцца з найлепшага боку: быць шчырымі, сардэчнымі і людзьмі, якія глыбока спачуваюць. Яскравым прыкладам гэтага служыць цяперашняя падтрымка ўкраінцаў. У Латвіі, напрыклад, адмянілі ў школах бясплатнае харчаваньне дзецям, але пакінулі ўсе льготы і магчымасьці для жыхароў Украіны. Шмат ініцыятывы ў дапамозе ідзе ня толькі ад дзяржавы, але ад саміх людзей, гатовых аддаць свае рэчы, калі камусьці яны больш патрэбныя», — расказвае Марыя.

Адной зь вялікіх праблем Латвіі яна называе падзел на «расейцаў» і латышоў. І хоць гэты падзел ня часта гучна абмяркоўваецца ў грамадзтве, але ён прыносіць пэўныя нязручнасьці.

«Я магу адграбаць ад латышоў, што я нібыта „руская“, а ад расейскамоўнага насельніцтва — што я „няправільная беларуска“ і праціўніца рэжыму. Але шмат і абсалютна адэкватных. Бывае, што цябе могуць дзесьці кепска абслужыць, калі ты не валодаеш латыскай мовай. І гэтая барацьба вымотвае само грамадзтва, хоць латышы ня любяць пра гэта гучна гаварыць, крыху табуяваная тэма для мэдыя».

«Закупляюся па зьніжках»

Прадуктамі Марыя закупляецца ў асноўным у краме Maxima. Шмат што набывае па зьніжках.

«Малако ў нас польскае Farm Milk, таму яно таннае — 0,85 цэнта. Гэта самы танны варыянт, мясцовае даражэйшае. Хлеб — 1 эўра, але ёсьць розныя варыянты. Мяса падаражэла, на самых вялікіх зьніжках можна набыць за 4 эўра кіляграм сьвініны. Гуркі — 1,95 за кіляграм, памідоры — 2,99 эўра. Цэны мяняюцца штодня, у мяне недалёка дзьве крамы Maxima, дык нават там цэны розьняцца».

Выпіць піва ў цэнтры Рыгі будзе каштаваць 5 эўра. Якасная кава абыдзецца ў 3–3,5 эўра, хоць у цэнтры гораду цэны будуць вышэйшыя.

«Дзяржава часткова кампэнсуе паслугі лекараў»

Што тычыцца мэдыцыны, то дзяржава часткова кампэнсуе жыхарам краіны паходы да лекараў, неабходная толькі дэклярацыя месца жыхарства.

«Таму наведваньне тэрапэўта — 2 эўра, спэцыяліста — 4 эўра. Але ісьці трэба па дзяржаўнай чарзе. Абсьледаваньні могуць ніяк не пакрывацца. Мне ў Беларусі таблеткі выпісвалі задарма, а тут са зьніжкай у 90%. Але выбар лекаў таксама бывае ня самы лепшы, нарматывы ЭЗ адрозьніваюцца ад беларускіх. Стаматолягі тут бясплатныя толькі дзецям да 16 гадоў. Гэта вельмі балючае пытаньне — вельмі дорага і вялікія чэргі».

Пастрыгчыся ў Рызе можна за 5–15 эўра, але ў модным барбэршопе гэта будзе каштаваць мінімум 30 эўра.

«Я скажу шчыра, ёсьць краіны больш цікавыя. Тут ня так проста. Сацыяльнае забесьпячэньне ня вельмі, ёсьць расслаеньне ў грамадзтве па моўнай прыкмеце. Але ўсім, хто прыяжджае, вельмі падабаюцца лясы, мора, славутасьці, выдатныя месцы для пешых прагулак. Тут шмат добрых людзей, свая культура, шмат мерапрыемстваў. Але холадна і сыра восеньню і зімой, як і ў Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG