Улады закрылі Чырвоны касьцёл для вернікаў і сьвятароў пасьля інцыдэнту з узгараньнем 26 верасьня. Неўзабаве ўлады пастанавілі забраць будынак у парафіі, матывуючы рашэньне неабходнасьцю рамонту.
«Чырвоны касьцёл — гэта сэрца Менску»
Мянчанка Ганна* (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС) хадзіла ў Чырвоны касьцёл амаль з самага ягонага адкрыцьця для вернікаў у 1990-х — каля 30 гадоў. Прыходзіла туды штодня.
Ганна мяркуе, што Чырвоны касьцёл быў сэрцам Менску, прычым ня толькі ў рэлігійным сэнсе. Гэта сымбаль гораду, выяву якога друкавалі на абгортках шакалядак і марозіва, туды прыяжджалі тысячы турыстаў на экскурсіі.
«Чырвоны касьцёл — гэта сэрца. Катэдра — гэта хутчэй галава, чыстая, зарганізаваная», — разважае Ганна.
На ейную думку, асноўнае адрозьненьне Чырвонага касьцёла ад іншых у тым, што ён быў жывы, там пастаянна былі людзі. Касьцёл быў адкрыты цэлы дзень.
«У Чырвоны касьцёл можна было зайсьці ў любы зручны час і памаліцца, нармалізаваць духоўны стан. У гарадзкой мітусьні так не хапае супакою», — кажа яшчэ адзін парафіянін Яўген.
Толькі там удзень у будныя дні ў зручны час праходзілі сьвятыя Імшы (апоўдні, а 15-й і 17-й гадзіне). У іншых касьцёлах на службу можна было прыйсьці толькі ранкам або ўвечары.
«Тут заўсёды было шмат шлюбаў, бацькі хрысьцілі дзетак, адбываліся катэхэзы. Такая колькасьць духоўных падзеяў, думаю, зьвязаная ня столькі з тэхнічнай магчымасьцю памяшканьняў, а найперш з актыўнасьцю пробашча парафіі і неабыякавых вернікаў», — мяркуе Яўген.
«На вежу вярнулі званы ў гонар фундатара касьцёла»
Пры сьвятыні буяла і нерэлігійнае культурнае жыцьцё: канцэрты, у тым ліку замежных выступоўцаў, выставы, прэзэнтацыі кніг. Працавала вялікая бібліятэка імя Адама Міцкевіча, дзейнічаў тэатар аднаго актора «Зьніч».
«Колькі грандыёзных ідэяў ужо зьдзейсьнілі. Напрыклад, вярнулі на вежу храма званы ў гонар фундатара касьцёла Эдварда Вайніловіча і ягоных дзяцей, чый тытул мае сьвятыня. На жаль, пасьля гэтага ня раз забаранялі званіць, нібыта гук звона перашкаджае раніцай ці нават удзень спаць жыхарам суседніх дамоў», — успамінае Яўген.
Чырвоны касьцёл — знакавае месца і таму, што там разьвітваліся з народным паэтам Рыгорам Барадуліным, там жа праводзілі паніхіду па жонцы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ірыне Казулінай.
Тры гады штодня пры Чырвоным касьцёле маліліся за Беларусь
Пасьля выбараў і рэпрэсіяў 2010 году ў Чырвоным касьцёле арганізавалі малітву за Беларусь. Менчукі стыхійна ставілі зьнічы да помніка сьвятому Міхалу Арханёлу. Гэта ж на ягоных вачах адбываўся жорсткі разгон Плошчы-2010.
Вернікі маліліся за краіну тры гады. Штодня зьбіраліся ўвечары пад касьцёлам на паўгадзінкі, прамаўлялі просьбы, сьпявалі песьні, размаўлялі. А раз на тыдзень ладзілі даўжэйшыя экумэнічныя малітвы ў касьцёле, куды прыходзілі і каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты.
З словаў Ганны, пробашч Уладзіслаў Завальнюк падтрымліваў усе ініцыятывы вернікаў.
У 2020 годзе, калі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча не пусьцілі ў Беларусь, у Чырвоным касьцёле арганізавалі малітоўныя шпацыры. Вернікі хадзілі адтуль у катэдру і па дарозе маліліся на ружанцы. Часам зьбіраліся па 20 чалавек, часам ішоў хтосьці адзін, але малітва трывала штодня аж да моманту, пакуль ярарху не дазволілі вярнуцца ў Беларусь.
«Ёсьць сілы толькі на тое, каб выжыць, а не на змаганьне»
Парафія сьвятых Сымона і Алены — найбольшая ў Менску, а Чырвоны касьцёл — найбольшая каталіцкая сьвятыня у горадзе. Аднак сеціва абляцела фота, дзе пробашч ксёндз Уладзіслаў Завальнюк стаіць на каленях перад касьцёлам сам-адзін. Чаму няма натоўпаў вернікаў, якія баранілі б касьцёл, калі яго забіраюць?
На думку Ганны, сёньня беларускі касьцёл аслабеў. Многія актыўныя вернікі або сядзяць у турме, або зьехалі пасьля пратэстаў 2020 году. Да таго ж бараніць касьцёл сёньня небясьпечна. Міліцыянты ўжо папярэджвалі вернікаў, каб не зьбіраліся ў групкі і нават у пары, калі тыя хочуць маліцца хоць бы каля касьцёла.
«Калі атмасфэра страху, апатыі, чалавек замірае. Касьцёл і сьвятары вельмі аслабленыя, стомленыя. Людзі маюць сілы толькі на тое, каб выжыць, а не на змаганьне. Таксама невядома, якія дзеяньні зробяць лепш, а якія горш», — разважае Ганна.
Яўген мяркуе, што вернікі не прыходзяць масава пад касьцёл, бо запалохвае міліцыя.
«Сабрацца разам на малітву ў вялікай колькасьці не дазваляюць супрацоўнікі міліцыі, якія спрабуюць расцаніць гэта як „несанкцыянаванае мерапрыемства“. Вернікі назіралі, як людзей нават не пускалі на прыступкі касьцёла. Некаторыя проста баяцца», — расказвае мужчына.
Да таго ж, мяркуе ён, некаторым бракуе большай падтрымкі ад сьвятароў, «у чыёй кампэтэнцыі разьвязаньне такога складанага пытаньня».
«Зараз важна ня падаць духам, а, наадварот, падтрымліваць адзін аднаго. Агулам сярод парафіянаў гэта ёсьць», — лічыць ён.
«Закрылі касьцёл, каб закрыць голас сумленьня»
Ганна кажа, што парафіяне ня вераць у вэрсію з няспраўнай электраправодкай, якая выклікала пажар. Яна мяркуе, што касьцёл наўмысна зачынілі, бо ўлады баяліся таго, што там адбывалася, што там казалі праўду.
«Яны закрылі касьцёл, каб закрыць голас сумленьня, голас душы. Ва ўладаў ён асацыяваўся з пратэстамі, бо там людзі хаваліся, людзей там зачынялі і адтуль выцягвалі», — кажа Ганна.
Прычыну сёньняшняй сытуацыі жанчына бачыць і ў тым, што беларускі касьцёл шмат гадоў ішоў на кампраміс з уладамі, быў асьцярожны ў выказваньнях.
«Касьцёл сьвятых Сымона і Алены ёсьць сымбалем адраджэньня каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі. Таму ягонае закрыцьцё, як і кожнага іншага храма ў XXI стагодзьдзі — нешта жудаснае і неймавернае. Гэта можа прывесьці толькі да духоўнага заняпаду ўсёй нацыі і ўпадку кожнага чалавека асабіста. Такое ў нашай гісторыі мы ўжо назіралі», — кажа Яўген.
Вернікі мяркуюць, што Чырвоны касьцёл цяжка замяніць іншымі сьвятынямі — зважаючы на тое, якую дзейнасьць там вялі, на адносіны ўнутры супольнасьці, на атмасфэру ў сьвятыні.
«Вядома, цяпер частка парафіянаў „разьмеркаваліся“ па іншых касьцёлах Менску. Аднак калі прыходзіш у касьцёл, да якога належыш, гэта як вяртаесься ў свой дом. Таму добра і трэба бываць у гасьцях, аднак вяртацца дахаты — гэта натуральна», — перакананы Яўген.