Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі правялі сустрэчу з прадстаўнікамі Чырвонага касьцёла. Пра што дамовіліся


Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк 11 кастрычніка маліўся на ганку каля зачыненых дзьвярэй Чырвонага касьцёла.
Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк 11 кастрычніка маліўся на ганку каля зачыненых дзьвярэй Чырвонага касьцёла.

У Менгарвыканкаме 14 кастрычніка ўлады правялі сустрэчу з прадстаўнікамі Чырвонага касьцёла, паведамляе партал Catholic.by.

У сустрэчы ўзялі ўдзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Аляксандр Румак, намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран, дырэктар КУП «Мінская спадчына» Аляксандр Кохан і іншыя чыноўнікі.

Касьцёл сьвятых Сымона і Алены на сустрэчы прадстаўлялі Апальстольскі нунцый арцыбіскуп Антэ Йозіч, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзэф Станеўскі, прэс-сакратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз-канонік Юрый Санько.

Паводле партала Catholic.by, дырэктар «Мінскай спадчыны» прадставіў плян работ па ліквідацыі наступстваў пажару ў Чырвоным касьцёле. Паводле яго, паколькі работы прадугледжаны ва ўсім будынку, знаходжаньне ў ім немагчымае.

Упаўнаважаны Румак падкрэсьліў, што «гэта — касьцёл і ім застанецца, толькі
цяпер мы павінны канструктыўна спрацаваць, каб правесьці рамонт», — адзначаецца ў паведамленьні.

Пры гэтым арцыбіскуп Станеўскі зьвярнуўся да ўладаў з просьбай выдзеліць памяшканьне ў межах парафіі, дзе можна было б праводзіць малебны.

  • Чырвоны касьцёл быў закрыты ўладамі для вернікаў і сьвятароў пасьля інцыдэнту з узгараньнем 26 верасьня. Ужо неўзабаве ўлады пастанавілі забраць будынак у парафіі, матывуючы рашэньне неабходнасьцю рамонту.
  • Ужо да 12 кастрычніка парафіі неабходна было забраць сваю маёмасьць з будынка. Але вернікаў і ксяндза не пускаюць у будынак касьцёла.
  • Ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк, які ўжо больш за тыдзень трымае «чысты пост», 11 кастрычніка маліўся на ганку каля зачыненых дзьвярэй Чырвонага касьцёла, калі да яго падышлі міліцыянты ў форме і паспрабавалі гвалтам адцягнуць з патрабаваньнем: «Пройдёмте!». Сьвятар папрасіў іх не кранаць яго, і міліцыянты перасталі яго чапаць. Сілавікі перашкаджалі малітве і іншых людзей, якія зьбіраліся каля сьвятыні.
  • 11 кастрычніка каталіцкая суполка накіравала Лукашэнку адкрыты ліст з просьбай дапусьціць упаўнаважаных прадстаўнікоў прыходу да агляду пашкоджаных пажарам збудаваньняў Чырвонага касьцёла ў Менску. Копія ліста разьмешчаная на сайце парафіі.
  • Парафіяне таксама заявілі аб тым, што пажар у храме быў не выпадковым, і накіравалі ў Сьледчы камітэт запыт аб даваньні інфармацыі па выніках праведзеных сьледчых дзеяньняў.
  • 13 кастрычніка споўнілася 175 гадоў фундатару касьцёла Эдварду Вайніловічу. Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзеяч, мэмуарыст, нарадзіўся ў 1847 годзе. У 1905–1910 гадах на грошы Вайніловіча пабудавалі Чырвоны касьцёл у Менску ў памяць пра ягоных дзяцей, якія заўчасна памерлі, — Сымона і Алену Вайніловічаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG