На саміце 20–21 кастрычніка лідэры ЭЗ вывучаць шэраг варыянтаў абмежаваньня цэн на газ, наконт якога няма згоды ўжо некалькі тыдняў. Пра гэта гаворыцца ў новым дакумэнце, зь якім азнаёмілася агенцтва Reuters.
Эўракамісія мае намер прапанаваць захады барацьбы з энэргетычным крызісам у аўторак, да сустрэчы лідараў.
У падрыхтаваным дакумэнце гаворыцца, што лідэры пагодзяцца «вывучыць часовы дынамічны цэнавы калідор» на прыродны газ да таго часу, пакуль ня будзе распрацаваны ліміт на цэны. Бэльгія, Грэцыя, Італія і Польшча хочуць устанавіць цэнавы калідор для аптовых зьдзелак, што азначала б цэнавы дыяпазон зь сярэднім значэньнем, ніжэйшым за рынкавую цану.
Дыпляматы гавораць, што можа быць дасягнуты кансэнсус у абмежаваньні цаны на газ, які выкарыстоўваецца для вытворчасьці электраэнэргіі, на прыкладзе схемы, рэалізаванай Гішпаніяй і Партугаліяй у чэрвені, хоць некаторыя асьцерагаюцца, што гэта можа павысіць попыт на газ у ЭЗ.
Паводле дыплямата ЭЗ, знаёмага з праблемай, наяўнасьць некалькіх варыянтаў не азначае, што любы зь іх ці ўсе яны абавязкова будуць узгодненыя. Амбасадары ЭЗ правядуць пазачарговую сустрэчу ў Люксэмбургу ў панядзелак, каб абмеркаваць гэтае пытаньне і разгледзець усе магчымыя варыянты.
Столь цэнаў на нафту
6 кастрычніка Эўразьвяз прыняў восьмы пакет санкцый супраць Расеі, які ўключае ўвядзеньне столі цэн на расейскую нафту.
У канцы году Расею таксама чакае нафтавае эмбарга з боку Эўропы, гэта значыць поўная забарона на марскія перавозкі расейскай нафты ў ЭЗ. Потым гэтая забарона распаўсюдзіцца на ўсе нафтапрадукты.
Пастаўшчыкам паслуг будзе дазволена працягваць весьці бізнэс, калі марскія перавозкі расейскай нафты і нафтапрадуктаў будуць ажыцьцяўляцца пры ўмове, што прадукцыя рэалізуецца па цане роўнай або ніжэйшай за гранічна ўстаноўленую. Ліміты цэн яшчэ трэба ўзгадніць.
Рэакцыя Расеі
Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што «далучэньне да стану прыхільнікаў гэтай столі цэнаў» пацягне наступствы для жыхароў краін, якія ўхвалілі столь коштаў на расейскі газ.
Пяскоў не ўдакладніў, якія менавіта могуць быць наступствы для жыхароў краін, дзе прымуць абмежаваньне цэнаў на газавыя рэсурсы.
Кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер сьцьвярджаў, што ўвядзеньне столі коштаў на газ пацягне за сабой спыненьне паставак. Паводле яго, такое аднабаковае рашэньне зьяўляецца парушэньнем істотных умоў кантракта.