Раней Сэрбія атрымлівала расейскую нафту праз Харватыю, але гэтыя пастаўкі падпалі пад санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну. Новы нафтаправод стане адгалінаваньнем нафтаправода «Дружба», які пад санкцыі не падпаў.
Прэсавы сакратар вугорскага ўраду Золтан Ковач паведаміў, што дамову падпісалі лідэры дзьвюх дзяржаваў — Віктар Орбан і Аляксандар Вучыч. Ён дадаў, што новая нітка «Дружбы» дазволіць Сэрбіі атрымліваць таньнейшую расейскую нафту маркі Urals. Пастаўкі па нафтаправодзе JANAF праз Харватыю, на яго думку, з прычыны санкцый наўрад ці адновяцца ў будучыні.
6 кастрычніка Эўразьвяз зацьвердзіў восьмы пакет эканамічных санкцый супраць Расеі. У яго, у прыватнасьці, уваходзіць забарона на транспартаваньне расейскай нафты, купленай даражэй за цану, вызначаную Эўразьвязам як «столь». Аднак гэта тычыцца толькі той нафты, якая перавозіцца танкерамі. Менавіта Вугоршчына настойвала на тым, каб рашэньне аб цэнавай «столі» ня тычылася трубаправоднай нафты.
Вугоршчына неаднаразова выступала ў Эўракамісіі за зьмякчэньне санкцый супраць Расеі, асабліва тых, што тычацца імпарту энэрганосьбітаў, заяўляючы, што гэта неспрыяльна адаб’ецца на росьце цэнаў на паліва. Аднак увядзеньне восьмага пакету санкцый Вугоршчына падтрымала.