Сэнатары Крыс ван Голен і Пэт Тумі вынесьлі ў чацьвер на разгляд верхняй палаты Кангрэсу папраўку да закону «Аб паўнамоцтвах у галіне нацыянальнай абароны» (NDAA), якая прадугледжвае ўвядзеньне другасных санкцый для замежных кампаній, якія набываюць расейскую нафту па цане, вышэйшай за вызначаную «Вялікай сямёркай» мяжу.
«Сумесная праца адміністрацыі з G7 па ўсталяваньні столі цэнаў на расейскую нафту зьяўляецца вырашальным крокам у прыцягненьні Расеі да адказнасьці за нічым не справакаваную вайну супраць Украіны. Але, каб абмежаваньне цэнаў аказала чаканы ўплыў, мы павінны мець магчымасьць падстрахоўкі. Наша прапанова наконт санкцый даць адміністрацыі неабходныя інструмэнты для забесьпячэньня захаваньня цэнавай мяжы і ўмацуе нашу здольнасьць спыніць ваенную машыну Пуціна», — заявіў сэнатар ван Голен.
«Хоць ЗША ўжо зрабілі крокі, каб прыцягнуць Крэмль да адказнасьці за несправакаваную вайну супраць Украіны, нам яшчэ трэба будзе эфэктыўна скараціць даходы Расеі ад продажу энэргарэсурсаў... Цяпер не час для паўмер або самазаспакоенасьці — прыйшоў час павялічыць выдаткі Крамля, які працягвае гэтую вайну», — сказаў сэнатар Тумі.
Папраўка прадугледжвае ўвядзеньне другасных санкцый для замежных арганізацый, якія ўдзельнічаюць у куплі расейскай нафты, што перавозіцца па моры, і нафтапрадуктаў па цане, вышэйшый за вызначаную столь. Акрамя таго, папраўка прадугледжвае зьніжэньне цэнавай столі на працягу трох гадоў, каб няўхільна пазбаўляць Расею яе нафтавых даходаў.