«Я па-ранейшаму вельмі падтрымліваю Ўкраіну, але я перакананы, што маштабная эскаляцыя вайны нанясе вялікую шкоду Ўкраіне і, магчыма, сьвету», — напісаў Маск у твітэры ў адказ на паведамленьне прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
У сваім паведамленьні кіраўнік украінскай дзяржавы адрэагаваў на апытаньне, якое Маск апублікаваў раней у твітэры.
Мільярдэр напісаў, што для дасягненьня міру Ўкраіна павінна заставацца нэўтральнай, а Крым трэба аддаць Расеі. І нават больш: паводле яго, «фармальна Крым — гэта частка Расеі, як і было ад 1783 году (да памылкі Хрушчова)».
Пазьней ён таксама запрасіў узяць удзел у апытаньні сваіх падпісчыкаў у твітэры — звыш 107 мільёнаў чытачоў.
«Тады паспрабуем так: людзі, якія жывуць на Данбасе і ў Крыме, павінны вызначыцца, у складзе Расеі яны ці Ўкраіны. Так ці не?» — напісаў ён.
У адказ Зяленскі апублікаваў сваё апытаньне: «Каторы Ілан Маск вам больш падабаецца? Той, які падтрымлівае Ўкраіну? Той, які падтрымлівае Расею?».
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ў Расею Ілан Маск выказаў падтрымку Ўкраіне. Пры гэтым ён выказаў спачуваньне «вялікаму народу Расеі, які гэтага (вайны Расеі супраць Украіны — РС) ня хоча».
У лютым Ілан Маск бясплатна перадаў Украіне тэрміналы Starlink для патрэб украінскага войска.