Ён абазначыў чатыры ўмовы, неабходныя для дасягненьня міру.
- Паўторнае галасаваньне ў акупаваных рэгіёнах Украіны пад наглядам ААН: «Расея пакідае іх, калі такім будзе выбар жыхароў».
- Крым «фармальна» застаецца часткай Расеі, як гэта было з 1783 году («Да памылкі Хрушчова», – напісаў Маск).
- Гарантуюцца пастаўкі вады ў Крым.
- Украіна застаецца нэўтральнай дзяржавай.
Маск адкрыў пад сваім пастом галасаваньне, заклікаўшы сваіх падпісчыкаў падтрымаць або адкінуць яго прапановы. На 22 гадзіны менскага часу прагаласавалі больш як 1 мільён 200 тысяч чалавек, зь іх 63,2 % былі супраць, 36,8 % – за. Неўзабаве пасьля публікацыі твіту Маск паскардзіўся на атаку ботаў.
Твіт Ілона Маска выклікаў вірлівае абмеркаваньне ў сацсетках, у тым ліку ва ўкраінскіх афіцыйных асоб. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале запусьціў альтэрнатыўнае галасаваньне, прапанаваўшы падпісчыкам выбраць, які Ілан Маск ім больш падабаецца: такі, які падтрымлівае Ўкраіну, ці такі, які за Расею.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Украіны Міхаіл Падаляк высунуў у адказ свае тры тэзісы: Украіна вызваляе свае тэрыторыі, у тым ліку Крым; Расея павінна быць дэмілітарызаваная і пазбаўленая ядзернай зброі; ваенныя злачынцы адправяцца на лаву падсудных.