Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры адказы пра спадарожнікавы інтэрнэт, які прапануе кампанія Ілана Маска


З 2022 году спадарожнікавая сыстэма Starlink прымяняецца Ўзброенымі сіламі Ўкраіны для сувязі паміж падразьдзяленьнямі і навядзеньня зброі, дронаў і артылерыі, каб нішчыць расейскія вайсковыя цэлі падчас уварваньня Расеі ва Ўкраіну. Але першапачатковая і галоўная мэта Starlink ня ў гэтым.

Што такое Starlink?

Назву Starlink можна перакласьці як «зорная сувязь». Гэта спадарожнікавая сыстэма, якая мае забясьпечваць доступ да хуткага інтэрнэту па ўсім сьвеце — пераважна там, дзе няма іншай інфраструктуры.

Сыстэма належыць амэрыканскай кампаніі SpaceX, якую ў 2002 годзе заснаваў Ілан Маск. Праект пачалі распрацоўваць у 2015 годзе, а ў 2019 годзе SpaceX пачала запускаць спадарожнікі для Starlink.

Запуск кампаніяй SpaceX ракеты Falcon з 53 спадарожнікамі Starlink, 21 красавіка 2022
Запуск кампаніяй SpaceX ракеты Falcon з 53 спадарожнікамі Starlink, 21 красавіка 2022

На верасень 2002 году на нізкую каляземную арбіту было запушчана больш за 3000 спадарожнікаў. 18 верасьня SpaceX запусьціла на арбіту яшчэ 54 спадарожнікі.

Ці можна атрымаць доступ да Starlink у Беларусі?

Пакуль не.

У жніўні 2020 году, калі ўлады падчас пратэстаў фактычна адключылі інтэрнэт у Беларусі, Ілан Маск спытаўся ў Твітэры, чым ён можа дапамагчы ў гэтай сытуацыі. І тады многія беларусы прасілі пра доступ да Starlink — тады толькі чакалася, што сыстэма мае пачаць працаваць у тэставым рэжыме.

Цяпер жа Беларусь — адна зь нямногіх краін сьвету, разам з Расеяй, Кітаем, Іранам, Афганістанам, Вэнэсуэлай, Сырыяй і Паўночнай Карэяй, дзе няма і пакуль не плянуецца доступу да Starlink. На мапе ўсе гэтыя краіны пазначаныя шэрым колерам.

Пры гэтым Starlink неўзабаве мае быць даступны на ўсіх кантынэнтах. У верасьні 2022 году Нацыянальны фонд навукі ЗША паведаміў пра тэставаньне Starlink у Антарктыцы. Пакуль што Starlink тэхнічна даступны ў 40 краінах.

Якія перавагі і заганы Starlink?

Starlink — далёка не адзіная спадарожнікавая сыстэма, якая прапануе доступ да інтэрнэту ў цяжкадаступных месцах, там, дзе няма іншай інфраструктуры. Сярод канкурэнтаў — OneWeb, HughesNet, Viasat і Amazon.

Перавага Starlink — у большай хуткасьці, параўнальна зь іншым спадарожнікавым інтэрнэтам. SpaceX таксама вядзе перамовы зь некаторымі авіялініямі, каб паспрабаваць зрабіць інтэрнэт даступным праз Starlink падчас палётаў.

Спадарожнікі Starlink над Даніяй, 21 красавіка 2020
Спадарожнікі Starlink над Даніяй, 21 красавіка 2020

Па стане на верасень 2022 году падключэньне да Starlink каштуе 110 даляраў на месяц. Пры гэтым трэба купляць абсталяваньне (у тым ліку сатэлітную талерку і мадэм) за 599 даляраў.

Шэраг астраномаў крытыкуюць пляны Starlink значна павялічыць колькасьць спадарожнікаў у сыстэме. Астраномы занепакоеныя так званым «сьветлавым забруджваньнем» — яркасьць спадарожнікаў у аптычных і радыёхвалях можа сур’ёзна паўплываць на навуковыя назіраньні за зоркамі, кажуць яны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG