Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфэрэнцыя Лейбарысцкай партыі ў Лівэрпулі стоячы вітала выступ Ціханоўскай. Відэа


 Лідэры лейбарыстаў Кір Стэрмэр і Анджэла Рэйнэр (зьлева) стоячы апладуюць Сьвятлане Ціханоўскай. 28 верасьня 2022
Лідэры лейбарыстаў Кір Стэрмэр і Анджэла Рэйнэр (зьлева) стоячы апладуюць Сьвятлане Ціханоўскай. 28 верасьня 2022

28 верасьня Сьвятлана Ціханоўская выступіла ў Лівэрпулі на штогадовай канфэрэнцыі брытанскай Лейбарысцкай партыі. У сваёй прамове яна згадала ў тым ліку палітвязьня мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава.

Запіс выступу Ціханоўскай апублікавала BBC. Зала стоячы вітала беларускую дэмакратычную лідэрку працяглымі аплядысмэнтамі.

Падчас канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што беларусы «ня спыняцца», пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні, усе расейскія салдаты не пакінуць Беларусь і пакуль ня будуць праведзены судовыя працэсы аб злачынствах супраць чалавечнасьці.

«Я ніколі не супакоюся, пакуль мае дзеці, усе дзеці, ня змогуць жыць у краіне, свабоднай ад страху, тыраніі і вайны», — адзначыла яна.

Ціханоўская зьвярнулася да прысутных у залі прадстаўнікоў брытанскай Лейбарысцкай партыі са словамі: «Вы нам патрэбны, і мы патрэбны адзін аднаму... І мы пераможам».

«Менавіта Вялікая Брытанія неадкладна адрэагавала на палітычны крызіс у Беларусі», — адзначыла Ціханоўская і падзякавала краіне за аказаную на цягам апошніх месяцаў дапамогу беларусам, пацярпелым ад рэпрэсій.

Ціханоўская таксама згадала ролю Вялікай Брытаніі ў падтрымцы барацьбы Ўкраіны.

«Вялікая Брытанія павінна працягваць узначальваць глябальную барацьбу супраць тыраніі і прыгнёту. Людзі ва ўсім сьвеце глядзяць на вас як на сілу. Мы разам знаходзімся на пярэднім краі ў барацьбе за дэмакратыю».

У сваім выступе яна расказала таксама пра палітзьняволенага журналіста Андрэя Аляксандрава, працэс над якім цяпер праходзіць у Беларусі ў закрытым рэжыме. Яна адзначыла, што Аляксандраў зьяўляецца фанатам футбольнага клюбу «Лівэрпуль» і для захаваньня пазытыўнага настрою ён кожны дзень сьпявае ў камэры песьню «You’ll Never Walk Alone», якая зьяўляецца гімнам гэтага клюбу.

«Аляксандраў — адзін з тых, хто натхняе мяне на працяг барацьбы», — падкрэсьліла палітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG