Сьвятлана Ціханоўская на палях сэсіі Генасамблеі ААН сустрэлася з генэральным сакратаром Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаў (ААД) Люісам Альмаграм. Гэта першы кантакт палітыка з кіраўніком ААД — рэгіянальнай арганізацыі, якая ўключае ў сябе ўсе краіны Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі палітычны крызіс у Беларусі і барацьбу беларусаў супраць дыктатуры.
Тры краіны Лацінскай Амэрыкі зараз лічацца дыктатурамі — Вэнэсуэла, Куба і Нікарагуа. Разам з тым гэты рэгіён мае і досьвед пасьпяховай барацьбы супраць дыктатараў, які можа быць прыдатным для Беларусі, і на сёньня большасьць краінаў разглядаюцца менавіта як дэмакратычныя.
Сьвятлана Ціханоўская дамовілася з Люісам Альмаграм пра наладжваньне кантактаў з палітычным кіраўніцтвам краінаў Лацінскай Амэрыкі і пра ўдзел у мерапрыемствах ААД. Гэта дазволіць даць інфармацыю пра палітычны крызіс у Беларусі — будуць усталяваныя непасрэдныя дачыненьні з кіраўнікамі дзяржаў Лацінскай Амэрыкі і вызначаныя крокі, каб дапамагчы беларусам вызваліць краіну ад дыктатуры, сьцьвярджае прэсавая служба Ціханоўскай.
Апрача таго Ціханоўская мела кантакты з прэзыдэнтамі Польшчы і Літвы Анджэем Дудам і Гітанасам Наўседам.
Дэлегацыя ад уладаў прыбыла на 77-ю сэсію ў Нью-Ёрк з «канкрэтнымі прапановамі», піша БелТA. Гэтую дэлегацыю ўзначальвае Ўладзімер Макей.
Напярэдадні форуму ён накіраваў ліст-зварот усім калегам зь дзяржаў – сяброў ААН, у якім выклаў падыходы да ключавых пытаньняў функцыянаваньня ААН і шляхах рэфармаваньня арганізацыі. Некаторыя пункты ліста:
- Беларусь, як і многія іншыя краіны, вымушана канстатаваць узрастаньне разрыву паміж цяперашняй ААН і разнастайнасьцю сьвету, якая хутка расьце;
- арганізацыя страціла нэўтральны, тэхнічны характар бесстароньняй пляцоўкі для забесьпячэньня міжнароднага супрацоўніцтва раўнапраўных чальцоў;
- эканамічныя санкцыі, прынятыя без мандату Рады Бясьпекі, застаюцца па-за рашэньнямі арганізацыі і безь яе асуджэньня;
- можа быць, для дасягненьня мэты (пошук агульнай згоды абсалютна ўсіх удзельнікаў перамоў) ва ўсе сфэры працы ААН трэба ўкараніць правіла кансэнсусу? Так мы атрымаем толькі тыя рашэньні, па якіх усе ўдзельнікі гатовыя працаваць разам.