— Вы будзеце выступаць ад імя Беларусі? Што вядома пра ўдзел прадстаўніка афіцыйнага Менску?
— Я буду гаварыць ад імя беларусаў, і тых, хто на свабодзе, але ў першую чаргу тых, хто ў турмах. Нельга дапусьціць, каб у ААН чулі толькі голас рэжыму. Мне нічога невядома пра ўдзел прадстаўнікоў рэжыму. Але дапускаю, што яны паспрабуюць зноў гандляваць палітвязьнямі, і расказваць пра тое, што сытуацыя нібыта нармалізуецца. Менавіта гэта і ёсьць адна з маіх мэтаў — паказваць рэальны стан: у Беларусі палітычны, гуманітарны і эканамічны крызіс, і не дазволіць рэжыму займацца імітацыяй.
— Пра што будзеце гаварыць? Які будзе галоўны мэсыдж?
— Галоўны мэсыдж — Беларусь ня роўна рэжым, і Беларусь — гэта адзін з ключоў на шляху да вырашэньня рэгіянальнага крызісу. Я вазьму ўдзел у трох дыскусіях. Адна з іх будзе на тэму ролі Беларусі ў рэгіянальнай бясьпецы, дзе буду гаварыць пра пагрозы сувэрэнітэту і важнасьць гарантыяў бясьпекі Беларусі. Другая будзе прысьвечаная дзецям і моладзі, якую ладзіць прадстаўніцтва ЭЗ у ААН. Там падыму пытаньні адукацыі, правоў дзіцяці, дыскрымінацыі, непаўналетніх палітвязьняў. Рэжым на працягу многіх гадоў не выконвае міжнародныя канвэнцыі. Таксама будзе закрытая дыскусія пра Беларусь, пра тое, якім чынам Захад і ААН можа паўплываць на вырашэньне сытуацыі. Я абавязкова згадаю пра палітвязьняў, падтрымку незалежных мэдыяў, прыцягненьне да адказнасьці вінаватых у злачынствах.
— Якой вы бачыце цяпер ролю ААН у падтрымцы дэмакратычных зьменаў у Беларусі?
— ААН магла б адыграць большую ролю падтрымцы дэмакратычных зьменаў. Але і цяпер ёсьць некалькі ініцыятываў, якія робяць важную працу. Першая — гэта праца спэцдакладчыцы Анаіс Марын, якая асьвятляе тэму палітвязьняў, рэпрэсіяў, дэмакратычных ініцыятываў. Другое — гэта дзейнасьць экспэртнай групы ў межах Офісу Вярхоўнага камісара па правах чалавек. Летась яны прадставілі моцную справаздачу, у якой гаварылася па сутнасьці пра злачынствы супраць чалавечнасьці. Мандат працы гэтай групы быў працягнуты. Трэцяе — гэта Рада Бясьпекі. Ужо тройчы адбываліся слуханьні па Беларусі. Зараз мы дабіваемся, каб адбылася дыскусія па небясьпецы разьмяшчэньня ядзернай зброі на нашай тэрыторыі. ААН спрабавала паслаць спэцмісію ў Беларусь па вырашэньні крызісу, таксама дзеля маніторынгу ўмоваў у турмах — але, канешне, рэжым у Менску адмовіўся. Ім ёсьць, што хаваць, але праўда ўсё роўна бачна на ўвесь сьвет.
— Якія сустрэчы на высокім узроўні заплянаваныя?
— Будзе шмат сустрэчаў, але самыя важныя — гэта сустрэчы з прэзыдэнткай Эўракамісіі Урсуляй фон дэр Ляен і Генэральнай сакратаркай Рады Эўропы Марыяй Пейчыновіч-Бурыч. Ёсьць прыкметы таго, што сытуацыя ў рэгіёне можа хутка мяняцца, відавочна, дойдзе да нейкі перамоваў. І неабходна, каб голас Беларусі і беларусаў быў улічаны, каб за нас не вырашалі лёс нашай краіны, як гэта ўжо было ў гісторыі. Я веру, што мы зможам вырвацца з эпохі Лукашэнкі, і з залежнасьці ад Расеі. Гэта наша задача — і Кабінэта, і Каардынацыйный рады, і грамадзкіх арганізацый, і партызанаў, і дэмакратычнай большасьці. Гэтую працу ніхто ня зробіць за нас, але ж нам патрэбна і каб дэмакратычны сьвет не зрушыў са сваіх пазыцый падтрымкі і дапамагаў беларусам. Бо, паўтаруся, Беларусь — можа стаць часткай вырашэньня рэгіянальнага крызісу.