Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы не нацысты, а пафігісты», — гутарка з расейскім дасьледчыкам


Антываенны пікет у Новасібірску
Антываенны пікет у Новасібірску

Як мяняецца стаўленьне расейцаў да вайны ва Ўкраіне? Ці вераць яны прапагандзе? Якога завяршэньня вайны яны б хацелі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітык, былы палітвязень, каардынатар дасьледчага праекту «Хронікі» Аляксей Міняйла.

Сьцісла

  • Адказы на прамое пытаньне аб стаўленьні да «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» мала пра што сьведчаць. Вельмі часта яны паказваюць адно ўзровень страху выказаць сваю сапраўдную думку.
  • Сукупнасьць ускосных пытаньняў сьведчыць, што сапраўдная падтрымка сярод расейцаў баявых дзеяньняў ва Ўкраіне — на ўзроўні 30%.
  • Фіксуецца зьніжэньне як падтрымкі «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», гэтак і спажываньня афіцыйнай прапаганды.
  • Значная частка грамадзтва ў інфармацыйным сэнсе «есьць тое, што ім падаюць». Яны ня робяць выбар крыніцаў інфармацыі.
  • Галоўная прычына зьніжэньня падтрымкі «спэцапэрацыі» — яе зацяжны характар.
  • Для многіх прыхільнікаў «спэцапэрацыі» перамога — гэта, па сутнасьці, вяртаньне ў 23 лютага.
Аляксей Міняйла
Аляксей Міняйла
  • Звычайна ўсе глядзяць на адказы на пытаньне: «Ці падтрымліваеце вы спэцыяльную ваенную апэрацыю?». Але гэтыя адказы мала што значаць, бо ў станоўчыя адказы ўваходзяць і тыя, хто едзе ваяваць за «русский мир», і тыя, хто кажа ня тое, што думае, зь меркаваньняў бясьпекі.
  • Яшчэ ў сакавіку мы праз экспэрымэнты высьветлілі, што каля 10% тых, хто дэкляруе падтрымку СВА, насамрэч не падтрымліваюць яе. Некаторыя рэспандэнты нам наўпрост казалі — я вам шчыра адкажу, а заўтра мяне міліцыя забярэ. Цікава, што так адказвалі людзі з каранямі ў СССР (у РФ праваахоўная служба зараз называецца паліцыяй. — РС).
  • Таму мы дадалі варыянт адказу — «Не хачу адказваць на гэтае пытаньне». І гэта зьнізіла як колькасьць тых, хто падтрымлівае СВА, гэтак і тых, хто яе не падтрымлівае.
  • Так што рэальная падтрымка ваенных дзеяньняў ніжэйшая, чым падаюць як афіцыйныя агенцтвы, гэтак і незалежныя, якія, аднак, менш вынаходлівыя, чым мы. У ліпені ў нас зафіксаваны ўзровень такой дэкляраванай падтрымкі склаў 55%. З траўня ён упаў на 9 адсоткавых пунктаў.
  • Мы яшчэ ў сакавіку задавалі пытаньне, ці варта працягваць баявыя дзеяньні да капітуляцыі ўкраінскага войска, ці трэба іх завяршыць як мага хутчэй, незалежна ад дасягненьня ваенных мэтаў. 36% былі за вайну да капітуляцыі УСУ, 32% — за неадкладнае спыненьне апэрацыі.
  • У нас было пытаньне — ці гатовыя вы ахвяраваць на патрэбы арміі? Толькі 27% адказалі, што гатовыя хоць колькі ахвяраваць. 63% адказалі, што не гатовыя ахвяраваць на армію нічога.
  • Мы таксама пыталіся ў рэспандэнтаў, ці бачаць яны для сябе нейкую выгаду (нематэрыяльную) у выпадку перамогі Расеі. Тых, хто падтрымлівае СВА і адначасна бачыць для сябе нейкую выгаду ў перамозе, — 27%.
  • Так што, паводле адказаў на розныя пытаньні, рэальная падтрымка СВА — каля 30%.
  • Колькасьць тых, хто заяўляе аб падтрымцы СВА, зьмяншаецца. Часткова гэта адбываецца за кошт таго, што людзі сталі менш спажываць прапаганды. Мы бачым устойлівы трэнд — людзі менш спажываюць афіцыйных крыніцаў інфармацыі, менш ім давяраюць, больш даведваюцца рэальных фактаў пра тое, што адбываецца.
  • Але значная частка расейцаў, у асноўным гэта людзі сталага веку, прызвычаіліся атрымліваць інфармацыю з тэлебачаньня. Маўляў, па тэлебачаньні ж хлусіць ня будуць. Сярод іх зьніжэньне падтрымкі не такое істотнае, як сярод тых, хто маладзейшы.
  • Тут ёсьць фэномэны, якія я не магу патлумачыць — калі людзі больш вераць тэлебачаньню, чым сваім сваякам, якая там жывуць ці якія вярнуліся з фронту.
  • Значная частка грамадзтва ў інфармацыйным сэнсе «есьць тое, што ім падаюць». Яны ня робяць выбар крыніц інфармацыі. Вы прыгадайце, як у апошнія гады СССР мільёны сядзелі ля тэлевізараў з тазікамі з вадой, якія з экранаў «зараджалі» Чумак і Кашпіроўскі.
  • Толькі зараз у іх замест Чумака і Кашпіроўскага Салаўёў і Скабеева зь вялікімі перамогамі на франтах. А калі ўкраінцы вяртаюць сябе нейкія тэрыторыі — гэта называюць «жэст добрай волі» з боку Расеі. Большасьць апытаных ня лічаць, што яны могуць паўплываць на нешта ў сваім жыцьці. І адносна іх цяжка казаць, што яны нешта выбіраюць.
  • Да таго ж выбіраць, па сутнасьці, няма з чаго. Інфармацыйная прастора ў значнай ступені зачышчаная, і каб дабрацца да незалежных СМІ, то трэба як мінімум паставіць VPN. Трэба рабіць адмысловыя высілкі, а ў большасьці расейцаў усе сілы ідуць на выжываньне.
  • Наконт таго, ці расейцы такія цемрашалы — мне прыгадваецца велізарны канцэрт гурту ТАТУ ў Маскве ў 2000 годзе, калі Пуцін толькі прыйшоў да ўлады і яшчэ не пасьпеў нічога сапсаваць. Зараз гэта сабе ўявіць немагчыма, зараз усё накрыла «традыцыйнымі каштоўнасьцямі».
  • Хоць насамрэч яны расейцам заўсёды былі чужыя. Вольнасьць расейцаў у сэксуальных адносінах адзначалі ўсе замежнікі, якія прыяжджалі ў Расею ледзь не зь сярэднявечча.
  • Пакуль гэтую машыну прапаганды не ўрубілі, гурт ТАТУ меў усеагульныя сымпатыі. Цяпер бы хадзілі нейкія фундамэнталісты і закідвалі б іх яйкамі.
  • Паводле дадзеных нашых дасьледаваньняў, галоўная прычына зьніжэньня падтрымкі «спэцапэрацыі» палягае ў яе зацяжным характары. І чым даўжэй яна будзе працягвацца, тым больш будзе зьніжацца яе падтрымка. Мы назіраем і падзеньне інтарэсу.
  • Мы пыталіся ў прыхільнікаў СВА — а што б магло зьмяніць вашую думку? І там найбольшая колькасьць адказала — зацягваньне баявых дзеяньняў, іх працягласьць.
  • Расейская армія лічылася паводле моцы другой у сьвеце. А цяпер яна другая паводле моцы ва Ўкраіне. І гэта выклікае пытаньні ў расейцаў.
  • У жніўні мы рабілі паглыбленае якаснае дасьледаваньне — якое не вымярае прапорцыі тых ці іншых ацэнак, але дае магчымасьць зразумець матывацыі людзей.
  • Паводле гэтага дасьледаваньня, адбываецца нармалізацыя, людзі адаптуюцца. У выніку і міжасабовыя канфлікты наконт ваенных дзеяньняў залагоджваюцца, і ступень дэпрэсіі таксама зьніжаецца.
  • 55% апытаных ня бачаць для сябе ніякай карысьці ад гіпатэтычнай перамогі, 27% такую карысьць бачаць. Але ў чым яна? У магчымасьці езьдзіць у госьці да родзічаў у краінах СНД, у той жа Ўкраіне, у зьняцьці санкцыяў, у нармалізацыі эканамічнай сытуацыі. Па сутнасьці, гэтыя людзі чакаюць ад перамогі вяртаньня ў час да 24 лютага.
  • Тых, хто чакае ад перамогі нацыянальнай магутнасьці, прэстыжу Расеі на міжнароднай арэне, «перамогі над нацыстамі», — іх усяго 3%. Ёсьць папулярная думка, што расейцы ўсе імпэрцы. Дык вось, імпэрцаў усяго 3%.
  • Мы ў адной з хваляў апытаньня пыталіся ў людзей, што б яны напісалі ў тэлеграме ўкраінцам. Такое ж пытаньне ўкраінцам — пра тэлеграму расейцам — задавала ўкраінская дасьледчая кампанія Infosapiens.
  • Цікава, што і там, і там людзі гавораць іншаму народу — змагайцеся са сваімі ўладамі, адумайцеся, бярыце інфармацыю з альтэрнатыўных крыніц. Праклёнаў было вельмі няшмат з абодвух бакоў, што нават дзіўна.
  • Сукупнасьць дадзеных апытаньняў добра апісаў сацыёляг і філёзаф Грыгорый Юдзін. Ён сказаў, што Расея — гэта краіна не нацыстаў, а пафігістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG