Раней міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі паведаміў, што хоча ўзьняць на саміце пытаньне прыпыненьня выдачы кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў грамадзянам Расеі і Беларусі. На цяперашні момант, паведамляе інфармацыйнае агенцтва ČTK, больш верагоднае прыпыненьне дзеяньня дамовы аб спрошчаным парадку атрыманьня шэнгенскіх візаў, якая дзейнічала з 2007 году.
Эўразьвяз ужо прыпыніў дзеяньне той часткі пагадненьня, якая тычылася ўезду расейскіх дзяржаўных службоўцаў і прадпрымальнікаў. Цяпер можа быць замарожаная частка, якая тычыцца турыстаў. У гэтым выпадку заявы на атрыманьне візаў, пададзеныя расіянамі (і, магчыма, беларусамі, наконт гэтага не было кансэнсусу), ня будуць мець прыярытэтнага права на разгляд, і атрымаць шэнгенскую візу стане даўжэй, даражэй і бюракратычна складаней.
Нямеччына і Францыя супраць візавага бану
Эўрапейскі Зьвяз не павінен перашкаджаць расейскім турыстам наведваць блёк, заявілі Нямеччына і Францыя напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў у Празе.
«Разумеючы занепакоенасьць некаторых дзяржаў-членаў у гэтым кантэксьце, мы не павінны недаацэньваць пераўтваральную сілу вопыту жыцьця ў дэмакратычных сыстэмах зь першых вуснаў, асабліва для будучых пакаленьняў», — гаворыцца ў сумеснай франка-нямецкай заяве, якую цытуе Reuters.
«Наша візавая палітыка павінна адлюстроўваць гэта і працягваць дазваляць асабістыя кантакты ў ЭЗ з грамадзянамі Расеі, не завязанымі з расейскім урадам», — падсумоўваецца ў супольным дакумэнце гэтых дзьвюх краін.
Што яшчэ на парадку дня
Таксама міністры замежных спраў абмяркуюць глябальныя наступствы расейскага ўварваньня, эўрапейскія пэрспэктывы Ўкраіны, Малдовы і Грузіі і будучыню праграмы «Ўсходняе партнэрства».
У рамках разгляду адносін паміж ЭЗ і Афрыкай кіраўнікі МЗС разгледзяць пытаньне дапамогі афрыканскім краінам у кантэксьце расейскай ваеннай агрэсіі.
Нефармальная сустрэча міністраў замежных спраў ЭЗ — магчымасьць правесьці адкрытую дыскусію аб прыярытэтах зьнешняй палітыкі Эўразьвязу.
Форум 2000
Усьлед за сустрэчай міністраў у Празе пачнецца канфэрэнцыя Forum 2000, якая будзе праходзіць з 31 жніўня па 2 верасьня, яе часткай стане Ўкраінскі форум-2000. На форуме будуць і беларускія ўдзельнікі, сярод іх дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка, прадстаўніца мэдыяпарталу Zerkalo.ia Аляксандра Пушкіна.
Заснавалі «Форум-2000» у 1997 годзе прэзыдэнт Чэхіі, драматург і дысыдэнт Вацлаў Гавэл, журналіст, пісьменьнік, грамадзкі дзеяч і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Элі Візэль і японскі філянтроп Йохі Сасакава.
«Форум-2000» займаецца «выяўленьнем ключавых праблем, зь якімі сутыкаецца наша цывілізацыя. Фонд вывучае, як процістаяць распальваньню канфліктаў, галоўнымі кампанэнтамі якіх зьяўляюцца рэлігія, культура ці этнічная прыналежнасьць. Ён дае плятформу для адкрытай дыскусіі аб гэтых важных тэмах і падтрымлівае глябальны дыялёг. Фонд таксама садзейнічае разьвіцьцю дэмакратыі ў недэмакратычных краінах і разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, захаваньню правоў чалавека і рэлігійнай, культурнай і этнічнай цярпімасьці ў маладых дэмакратыях», — так апісваюцца задачы Форуму на ягоным сайце.
У розныя часы ўдзельнікамі Форуму былі Алесь Бяляцкі, Аляксандар Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Сьвятлана Ціханоўская, іншыя прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасьці.