Паводле выданьня Politico, высокапастаўлены прадстаўнік Пэнтагону 19 жніўня прызнаў, што ЗША цягам пэўнага часу пастаўлялі Кіеву супрацьрадыёлякацыйныя ракеты HARM, хоць гэта не было анансавана публічна. «Калі мы ўпершыню абвясьцілі аб пастаўках ракет HARM, то іх згадка ў заяве не была канкрэтнай. Мы апісалі гэта так, што мы даём супрацьрадыёлакацыйныя магчымасьці», — сказаў чыноўнік на брыфінгу.
Паводле дзьвюх крыніц Politico, у новы пакет вайсковай дапамогі Кіеву, пра які было абвешчана на мінулым тыдні, увайшлі кіраваныя артылерыйскія снарады Excalibur. Пры гэтым у афіцыйнай заяве Пэнтагону аб узбраеньнях, якія пастаўляюцца Украіне, яны ня згадваюцца.
Politico таксама азнаёмілася з афіцыйным апавяшчэньнем Кангрэсу ў сувязі з выдзяленьнем Украіне чарговага пакету дапамогі, у якім, паводле зьвестак газэты, адзначаецца, што ўзбраеньне, якое пастаўляецца Вашынгтонам Кіеву, «не абмяжоўваецца» тым, што паказана ў сьпісе.
- 19 жніўня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн распарадзіўся выдзеліць дадатковую вайсковую дапамогу Ўкраіне. Агульны кошт пакету складзе 775 млн даляраў. У ліку ўзбраеньня, якое ЗША паставяць Украіне, будуць 16 105-мілімэтровых гаўбіц, 15 выведвальных дронаў Scan Eagle, 40 адзінак бранятэхнікі і 1 тыс. супрацьтанкавых комплексаў «Джавэлін», а таксама боепрыпасы да іх.
- Такім чынам, агульны аб’ём вайсковай дапамогі ЗША Ўкраіне з пачатку расейскага ваеннага ўварвання складзе 10,6 млрд даляраў.