Усе дзяржаўныя службоўцы, якія працуюць у так званым урадавым квартале Кіева — вуліцы Грушэўскага і Банкавая, на гэтым тыдні будуць працаваць дыстанцыйна.
Мясцовыя ўлады зьмяняюць рух мэтро і іншага грамадзкага транспарту і заклікаюць украінцаў з 22 да 26 жніўня пільна рэагаваць на ўсе паветраныя трывогі.
У некаторых гарадах мясцовыя ўлады забаранілі ў гэты час правядзеньне любых масавых захадаў, у тым ліку і ва ўкраінскай сталіцы.
Расейскія войскі прасунуліся на Мікалаеўшчыне
Геаграфія баёў і расейскіх абстрэлаў не мяняецца вось ужо цягам месяца.
Расея абстрэльвае цывільныя раёны Нікапальскага і Крывароскага раёну Днепрапятроўскай вобласьці, Харкаў і Харкаўскую вобласьць, Мікалаеў і Мікалаеўшчыну. Ідуць баі ў Херсонскай, Данецкай і Луганскай вобласьці.
Артылерыйскімі ўдарамі Расея традыцыйна рыхтуе наступ, але, нягледзячы на перавагі, яе войскам не ўдаецца істотна прасунуцца ў глыб украінскай тэрыторыі.
На Луганшчыне пад кантролем Украіны ўсё яшчэ застаюцца два населеныя пункты, што таксама не дазваляе Расеі абвясьціць пра выхад на адміністрацыйныя межы рэгіёну.
Паводле Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, у выніку штурму каля сяла Благадатнага ў Мікалаеўскай вобласьці расейскія войскі крыху прасунулі свае пазыцыі. Гэта адбылося ўпершыню за больш як месяц шчыльных баёў.
Расея вычарпала рэсурс?
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што расейскія войскі наўрад ці змогуць дасягнуць «значных тэрытарыяльных посьпехаў» ва Ўкраіне цягам некалькіх наступных месяцаў.
«Расейскія наступальныя апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны, імаверна, вычарпалі абмежаваны імпульс, да якога яны наблізіліся ў канцы ліпеня, і, магчыма, дасягнулі кульмінацыі. Расейскія вайскоўцы прадэманстравалі сталую няздольнасьць ператварыць невялікія тактычныя посьпехі ў апэратыўныя посьпехі. Гэты недахоп можа перашкодзіць Расеі дасягнуць значных тэрытарыяльных посьпехаў у наступныя месяцы, калі не адбудзецца сур’ёзных зьменаў на полі бою», — адзначаюць https://www.understandingwar.org/backgrounder/russian-offensive-campaign-assessment-august-21 экспэрты Інстытуту.
Паводле іх, хутчэй за ўсё, расейскія сілы ня маюць магчымасьці выдзяляць дастатковыя рэсурсы для любой наступальнай апэрацыі, каб аднавіць імпульс, неабходны для значнага тэрытарыяльнага прасоўваньня.
«Расейскім войскам таксама патрэбна будзе сфармаваць і задзейнічаць дадатковыя штурмавыя групы, тэхніку і (палепшыць) маральны дух, каб аднавіць абмежаваныя тэрытарыяльныя зрухі, якія прыносяць невялікія тактычныя перавагі», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту.
Украінская выведка: на беларускім кірунку бязь зьмен
Як сьцьвярджаюць у Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны і ў апэратыўным камандаваньні «Поўнач», на ўкраінскую тэрыторыю зь беларускага боку запускаюць для выведкі дроны. У той жа час украінская выведка пакуль ня бачыць фармаваньня на беларускай тэрыторыі вайсковых ударных груповак, неабходных для новага ўварваньня.
«Істотных зьменаў у дзеяньнях (вайсковых падразьдзяленьняў Беларусі на мяжы з Украінай. — РС) мы ня бачым. Вядома, захоўваецца пагроза абстрэлаў і з тэрыторыі Беларусі, бо ў тыле на пэўнай адлегласьці ад мяжы знаходзяцца тыя сілы (і аб гэтым неаднойчы паведамлялі ў Генэральным штабе Ўкраіны), якія могуць нанесьці ўдар па Ўкраіне і якія назапашваліся апошні час. Але, спадзяюся, калі гаварыць пра мяжу, то ніякіх правакацый з тэрыторыі Беларусі ў гэты час ня будзе, аднак трэба быць пільнымі, бо пагроза ракетных і авіяцыйных удараў застаецца», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка 22 жніўня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Расея павялічыла колькасьць ракет на Чорным моры
Апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» паведаміла, што Расея нарошчвае сваю прысутнасьць у Чорным моры. Пяць марскіх караблёў зь ня менш як 30 ракетамі «Калібар» на борце і адзін авіяцыйны корпус знаходзяцца за мысам Тарханкут.
Начальнік аб’яднанага каардынацыйнага прэсавага цэнтру Сіл абароны поўдня Ўкраіны Натальля Гумянюк мяркуе, што назапашваньне такой колькасьці зброі можа сьведчыць як пра ігру цягліцамі для расейскай прапаганды, гэтак і пра рэальную пагрозу.
«Мы заклікаем усіх выконваць усе сыгналы паветранай трывогі, памятаць, што ракеты „Калібар“ зьяўляюцца высокадакладнай зброяй зь вялікімі тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі пацэльваньня, яны пагражаюць ня толькі паўднёвым, а і ўсім іншым рэгіёнам Украіны. Мы таксама ўсьведамляем, што цалкам імавернае выкарыстаньне ракет ня толькі марскога базаваньня, а яшчэ ў ворага застаецца стратэгічная авіяцыя і перадавыя ракетныя комплексы са звышгукавымі ракетамі, якія апярэджваюць сыгналы апавяшчэньня трывогі», — сказала Натальля Гумянюк 22 жніўня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Колькасьць ахвяр сярод дзяцей павялічылася
Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў аб павелічэньні да 1096 колькасьці дзяцей, якія пацярпелі з 24 лютага ад баявых дзеяньняў і абстрэлаў расейскімі войскамі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулі 273 дзіцяці і 723 атрымалі раненьні.
Найбольш дзяцей пацярпела ў Данецкай, Харкаўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Мікалаеўскай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай абласьцях.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.