Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Аляксандар Азараў, які заняў у кабінэце Ціханоўскай месца прадстаўніка ў аднаўленьні правапарадку


Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў

9 жніўня Аляксандар Азараў стаў прадстаўніком Кабінэту Ціханоўскай ў аднаўленьні правапарадку. Апавядаем пра гэтага чалавека.

Адзін з кіраўнікоў ініцыятывы ByPol

Ініцыятыва ByPol створаная ў лістападзе 2020 году як грамадзкая арганізацыя былых беларускіх сілавікоў. Аляксандар Азараў ад пачатку стаў адным зь яе кіраўнікоў. Ён удзельнічае у відэароліках, якія публікуе ByPol, агучвае расьсьледаваньні ініцыятывы і камэнтуе выцекі інфармацыі аб дзейнасьці беларусіх сілавікоў. Адным з асноўных кірункаў сваёй дзейнасьці называе рыхтаваньне пляну «Перамога» — стварэньня народнага збройнага рушэньня, пра што часта згадвае ў інтэрвію.

Больш за 10 гадоў працы ў ГУБАЗіКу, 21 год у сілавых структурах

З канца 90-х Азараў працаваў сьледчым у розных упраўленьнях унутраных спраў Менску, расьследаваў крымінальныя злачынствы. Паводле інфармацыі Свабоды, падчас працы ў ГУБАЗіКу з 2008 па 2019 год у сфэру адказнасьці Аляксандра Азарава ўваходзілі справы, зьвязаныя з гандлем людзьмі і дзейнасьцю груповак футбольных фанатаў. Сам ён ня раз казаў у інтэрвію, што быў адным з найлепшых спэцыялістаў у галіне барацьбы з арганізацыяй прастытуцыі ў Беларусі і за мяжой.

«Трэба было наладжваць кантакт з жаночым кантынгентам, які часта езьдзіць за мяжу на такую „працу“, — узгадваў Аляксандар Азараў пра сваю службу ў той пэрыяд. — А гэта трэба было пастарацца. Бо пра такія рэчы ніхто ня хоча ўвогуле расказваць. І сілай не прымусіш. Трэба было неяк настройваць да сябе, каб чалавек табе расказваў усё, усё сваё сэксуальнае жыцьцё раскрываў у тым ліку».

Звольніўся праз канфлікт з кіраўніцтвам за год да жніўня 2020 году

З ГУБАЗіКу Аляксандар Азараў пайшоў у 2019 годзе. Прычынай, зь яго словаў, стаў канфлікт з кіраўніцтвам. Да сярэдзіны жніўня 2020 году ён працаваў выкладчыкам у Акадэміі МУС, меў званьне падпалкоўніка. Зь Беларусі выехаў падчас восеньскіх пратэстаў у 2020-м. Прычынай ад’езду называе арышты былых сілавікоў.

Нарадзіўся ў Менску, вырас у крымінальным раёне

Нарадзіўся Аляксандар Азараў у Менску ў 1977 годзе. Яго бацька быў будаўніком, маці працавала інжынэрам. Бацька загінуў на будоўлі, калі Аляксандру было 11 гадоў. Як расказваў сам Азараў у інтэрвію Свабодзе, сьмерць бацькі моцна паўплывала на яго далейшы лёс. Сям’і вылучылі новую кватэру ў цэнтры гораду, ён пайшоў у добрую школу, а большасьць сяброў дзяцінства Аляксандра ў 90-я трапілі ў турмы і калёніі.

Мае жонку і дваіх дзяцей, цяпер стала жыве разам зь сям’ёй у Варшаве.

Хадзіў на акцыі пратэсту ў сярэдзіне 90-х

Азараў ніколі ня ўдзельнічаў у палітычных партыях і рухах. Паводле яго, у сярэдзіне 90-х хадзіў «на мітынгі побач з Пазьняком», аднак пазьней расчараваўся ў апазыцыі і ня бачыў у ёй сілы, якая можа зрынуць Лукашэнку. Такое ж адчуваньне меў і летам 2020 году, аднак падзеі 9 жніўня і наступных тыдняў зьмянілі яго пазыцыю.

Прызнаваўся, што ў міліцыю трапіў празь нежаданьне служыць у арміі пасьля ўнівэрсытэту, дзе вывучаў эканоміку. Як і іншыя выпускнікі, плянаваў працаваць у банку або ў іншай фінансавай установе. Мае дзьве вышэйшыя адукацыі — скончыў Інстытут правазнаўства і БДЭУ па спэцыяльнасьці «эканоміка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG