Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы з Карпянковым памяняемся месцамі — задаваць пытаньні буду я». Вялікая размова з прадстаўніком ByPol Аляксандрам Азаравым


Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў

Радыё Свабода працягвае цыкль «Ворагі рэжыму». У новай частцы размаўляем зь сілавіком з 21-гадовым стажам, адным зь лідэраў ініцыятывы ByPol.

Аляксандар Азараў — адзін зь лідэраў і твараў ініцыятывы ByPol. Яго часта можна пабачыць у байполаўскіх роліках на YouTube. Дзяржаўныя СМІ і праўладныя тэлеграм-каналы ўдзяляюць Азараву шмат увагі, называюць здраднікам і злачынцам. Сам ён, як прызнаецца ў размове са Свабодай, за абвінавачаньнямі супраць сябе ня сочыць. Дакладна ведае толькі пра «тэрарызм».

«Спэцыяльна я не сачу, — расказвае Аляксандар Азараў. — Калі ў прэсе недзе публікуюць такую інфармацыю, зьвяртаю ўвагу. Плюс дакумэнты, якія мне дадому прысылаюць. Нашыя крыніцы нешта прысылаюць, датычна мяне альбо іншых удзельнікаў ByPol пра заведзеныя крымінальныя справы. Мы гэта ўсё зьбіраем. Пра сябе я на 100% ведаю пра „тэрарызм“, я ў сьпісе тэрарыстаў на сайце КДБ. А больш ня ведаю, ня ў курсе».

«Вырас у крымінальным раёне»

Аляксандар Азараў нарадзіўся ў Менску ў 1977 годзе. Бацька Аляксандра быў будаўніком, маці — інжынэрам. Калі Аляксандру споўнілася 11 гадоў, у сям’ю прыйшла бяда.

«Бацька загінуў на працы, — успамінае Азараў. — Яго забіла токам. Маці гадавала двух сыноў адна (у мяне яшчэ ёсьць малодшы брат, ён маладзейшы за мяне на год). Пасьля сьмерці бацькі нам далі кватэру ў цэнтры Менску. Адкупіліся, так скажам. Што расказаць пра дзяцінства, я дык нават і ня ведаю. У Фрунзэнскім раёне я рос сярод дзяцей рабочых у крымінальным асяродзьдзi. Усе жылі ў маленькіх кватэрах, маласямейках. Калі я зьехаў адтуль, то пасьля даведаўся, што ўсіх аднаклясьнікаў перасаджалі ў турмы — за крадзяжы, наркотыкі».

Аляксандар прызнаецца, што ягонае жыцьцё зьмянілася дзякуючы пераезду ў цэнтар гораду. Гэта дапамагло вырвацца з крымінальнага раёну, хоць і не ўратавала ад «крымінальнай» будучыні пасьля 2020 году.

«Да пераезду я вучыўся ў звычайнай школе, а калі жылі ў цэнтры, то трапіў у спартовую, — успамінае Аляксандар. — Вучыўся з хлопцамі, якія займаліся плаваньнем. Плавалі два разы на дзень, да ўрокаў і пасьля. Але я ня плаваў. Бо я не плывец, не спартовец. Нумізматыкай крыху захапляўся, шахматамі. Хадзіў на сэкцыі фэхтаваньня, вольнай барацьбы. Але ні на чым такім не спыніўся. Затое школу скончыў з залатым мэдалём».

Атмасфэру таго часу Аляксандар Азараў апісвае выпадкам, які здарыўся падчас выпускных іспытаў у школе. Здавалі гісторыю Беларусі. І настаўнікі паведамілі вучням, што калі нехта зь іх будзе адказваць на іспыце па-беларуску, то атрымае вышэйшую адзнаку. Прадмет гэты ў школе Аляксандра выкладалі па-расейску. Ён быў адзіным, хто адважыўся рызыкнуць.

«Выйшаў і стаў па-беларуску расказваць гісторыю Беларусі, — расказвае Аляксандар. — Ну мне і паставілі 5 балаў (па 5-бальнай шкале, на 10-бальную беларускія школы перавялі ў канцы 90-х. — РС). Хаця настаўніца гісторыі ў нас была расейскамоўная сама, з Расеі прыехала. Але тады была беларусізацыя, незалежнасьць, усё такое. Настаўнікі былі іншымі».

«Памятаю сьцягі „УНА-УНСО“ у 1996-м, перакуленыя міліцэйскія аўтамабілі»

90-я ў Менску Аляксандар Азараў памятае такімі ж, як і ўсе, хто жыў у той час. Расказвае пра пачатак «перабудовы», «Лебядзінае возера» па тэлевізары падчас ГКЧП у Маскве, купоны на прадукты.

«Маці адпраўляла ў краму з купонамі па сьмятану, — расказвае Азараў. — Адзін купон на адзін від сьмятаны, другі — на іншы. На малако свае купоны таксама. Чэргі. Усё гэта засталося ў памяці, як нічога немагчыма было набыць».

У школе Азараў вучыўся разам са старэйшым сынам Івана Ціцянкова, які пазьней узначаліў кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Кажа, што Ціцянкоў-малодшы быў ціхім і сьціплым хлопцам.

«Ніхто зь ім не сябраваў, — прыгадвае Аляксандар. — Ён такі адзіночка быў. Але калі ягоны бацька стаў загадчыкам гаспадаркі ў Лукашэнкі, то ўжо ўсе хацелі сябраваць зь Ціцянковым. Аднаклясьнікі, якія ў школе нават у ягоны бок не глядзелі, цяпер сталі ягонымі найлепшымі сябрамі. Грошай у яго было ня мерана. На дыскатэкі езьдзілі, у клюбы. Ціцянкоў зь пісталета страляў там, але яго ўжо ніхто не чапаў, бацька вырашаў усе пытаньні».

Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў

Пасьля школы Аляксандар Азараў спрабаваў паступіць у Вышэйшую пажарную тэхнічную вучэльню. Аднак зрабіць гэтага не атрымалася нават з залатым мэдалём, на паступленьне быў вялікі конкурс — 4 чалавекі на месца. У выніку пасьля школы Аляксандар пайшоў у ПТВ, дзе год правучыўся на аўтамабільнага сьлесара, а пасьля паступіў у Інстытут правазнаўства.

«Юрысты — гэта модна тады было, усе хацелі быць юрыстамі, — гаворыць Азараў. — Падчас вучобы я не скажу, што расчараваўся. Але я яшчэ ў школе захапляўся гісторыяй Беларусі, беларускай мовай, партыяй БНФ. Хадзіў на ўсе акцыі пратэсту разам зь Зянонам Пазьняком. Памятаю сьцягі „УНА-УНСО“, чырвоныя з чорнымі крыжамі. Перакуленыя міліцэйскія аўтамабілі памятаю. Сам іх не перакульваў, але побач там быў. Усё сам бачыў» (згадваюцца падзеі на Чарнобыльскім шляху ў 1996 годзе. — РС.)

«Міліцыю не любiў, але жыцьцё прымусіла — і пайшоў туды»

Інстытут правазнаўства Аляксандар Азараў скончыў у 2000 годзе таксама з адзнакай, атрымаў чырвоны дыплём. Расказвае, што агульнай марай для ягоных аднакурсьнікаў было ўладкавацца ў банк, сам Аляксандар вучыўся акурат на факультэце падаткова-банкаўскага права. Але адразу пасьля інстытуту Азарава захацелі забраць у войска. Уратавацца ад яго можна было толькі ў міліцыі.

«Я туды пайшоў не таму, што любіў гэта ўсё, — прызнаецца Аляксандар. — Гэта быў процілеглы бок на ўсіх акцыях пратэсту. Але жыцьцё прымусіла — і пайшоў. Я, праўда, пайшоў не зусім у міліцыю, а ў сьледчыя. Яны тады падпарадкоўваліся МУС. Але ў прынцыпе былі асобна. Форма была міліцэйская, але кіраўніцтва сваё, больш-менш самастойнымі былі».

Працаваць Аляксандар пачынаў у Савецкім раёне Менску. Расказвае, што ніхто яго асабліва да працы не рыхтаваў, вучыцца даводзілася ўсяму самастойна і проста на месцы.

«Я ж не заканчваў міліцэйскіх ВНУ, — узгадвае Аляксандар Азараў. — Пытаюся ў іх: „Што мне рабіць, як трэба расьсьледаваць?“. Кажуць: „Дапытвай людзей“. — „Каго?“ — „Каго хочаш, таго і дапытвай. Усіх, хто ў справе праходзіць, хто згаданы ў матэрыялах“. Дапытваць можна колькі заўгодна, хоць дзесяць разоў. Галоўнае — высьветліць усе пытаньні. Вучыўся сам на расьсьледаваньнях».

Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў

Першым начальнікам Аляксандра быў Генадзь Казакевіч (цяпер намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі. — РС). Азараў расказвае, што запомніў Казакевіча надоўга яшчэ з тых часоў. Кожны сьледчы ў канцы году мае справаздачу, вынікі ягонай працы ацэньваюцца па тым, колькі спраў было перададзена ў суд. На агульным сходзе найлепшых узнагароджваюць каштоўнымі падарункамі — наборамі посуду, мікрахвалёўкамі, прасамі, пыласосамі і іншым.

«Гэта быў 2000-2002 год, усё дорага каштавала, кожны сьледчы хацеў нейкае месца заняць, каб атрымаць падарунак, — успамінае Аляксандар Азараў. — І ў першы год сваёй службы я скончыў крымінальных справаў больш за ўсіх за год. Вядома, мне тады яшчэ давалі самыя лёгкія справы, але ўсё адно іх трэба было закончыць. І я ўсіх апытаў і зразумеў, што ў мяне першае месца. Думаю, што вось, атрымаю падарунак. Адбываецца падвядзеньне вынікаў, прыяжджае старшыня СК Глухоўскі і называе пераможцу — жанчыну, якая зараз працуе ў КДБ».

Жанчына тая акурат працавала разам з Казакевічам, прыгадвае Азараў. Ягоныя дасягненьні на цырымоніі таксама агучылі, аднак колькасьць раскрытых справаў чамусьці зьменшылася. Высьветліць прычыну такой несправядлівасьці Аляксандар вырашыў проста на месцы.

«Падышоў да Казакевіча і кажу: „Генадзь Аркадзевіч, як жа так? — успамінае Азараў. — Я стараўся, скончыў 27 справаў, а мне напісалі 24. Я ведаю, што ў гэтай жанчыны менш. Вы мае ёй дадалі, ці што?“ А ён мне кажа: „Саша, зразумей, тут ня важна, колькі ты справаў скончыў. Тут важна, хто павінен перамагчы. Гэтае пытаньне палітычнае, а не такое, як ты думаеш. Што ты больш справаў расьсьледаваў і перамог. Тут мы вырашаем, хто лепшы, а хто не. Маўчы і ідзі працуй“. І я вось тады моцна пакрыўдзіўся і зразумеў, што сыстэма гэтая несправядлівая».

«Ні ў 2006-м, ні ў 2010-м звальняцца з органаў не хацеў»

Азараў кажа, што сьледчым ён на тым месцы прапрацаваў яшчэ каля 3 гадоў, пасьля чаго яго забралі ва ўпраўленьне СК па Менску. Займаўся тады Азараў ужо эканамічнымі справамі, адмыслова скончыў БДЭУ па спэцыяльнасьці эканоміка. У 2004 годзе яму даверылі расьсьледаваць крымінальную справу аб гандлі людзьмі. Як кажа сам Азараў, на той час гэта было нешта новае, яшчэ ніколі ў Беларусі такіх справаў не заводзілі.

«Ніхто ня ведаў, як iх расьсьледаваць, што зь імi рабіць, — успамінае Аляксандар. — Даручылі мне. Я заняўся, і з таго часу ўсё, што зьвязана з гандлем людзьмі, сталі даваць мне. Стаў спэцыялістам. Мэтадычкі пісаў, выправы былі на сэмінары і канфэрэнцыі. А ў 2007-м я перавёўся ў Галоўнае ўпраўленьне па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі. Стаў апэратыўнікам у Цэнтральным апараце МУС».

Пакуль Аляксандар займаўся кар’ерай, у Беларусі працягваліся палітычныя працэсы. Адбыўся 2006 год з разгонам намётавага мястэчка, пабіцьцём кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна і зьяўленьнем новых палітвязьняў. Як прызнаецца Азараў, пра ўсё гэта ён ведаў, сачыў за навінамі, але звальняцца з органаў ня думаў.

«Памятаю, што мне было крыўдна, — дзеліцца былы сілавік. — Я сачыў за ўсім па навінах. Нас непасрэдна ў разгонах не задзейнічалі. Але звальняцца я не хацеў. Калі шчыра, я ня думаў, што апазыцыя можа нечага дамагчыся, штосьці зьмяніць. У той час я працаваў у сыстэме і бачыў, як гэта ўсё адбываецца. У мяне не было нават нейкіх надзей і спадзяваньняў да самага жніўня 2020-га, да палітычных спраў дачыненьня ня меў. Я за ўсім назіраў, у 2010 годзе таксама. Калі хтосьці біў шыбы ў Доме ўраду, я знаходзіўся на службе, быў ва ўзмацненьні. Але спадзяваньняў на перамогу апазыцыі ў мяне не было».

З 2008 году Аляксандар Азараў працаваў у ГУБАЗіКу. Расказвае, як аднойчы перад чарговай акцыяй пратэсту апазыцыі Карпянкоў (Мікалай Карпянкоў цяпер — намесьнік міністра ўнутраных спраў. — РС) на агульным сходзе загадаў супрацоўнікам прынесьці з дому кавалкі арматуры, каб пасьля раскідаць гэта ўсё на месцы мітынгу. Па словах Азарава, у той час такую просьбу нават супрацоўнікі ГУБАЗіК успрынялі як нейкае вар’яцтва, у выніку ніхто нічога не прынёс.

Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў

«Натоўпы людзей зь белымі стужкамі»

У ГУБАЗіК Аляксандар Азараў перайшоў праз тое, што там акурат стваралі новае ўпраўленьне па супрацьдзеяньні гандлю людзьмі. Ён расказвае, што гэта была зусім іншая праца. Калі раней працаваць трэба было па напісаных заявах і перададзеных зьверху справах, то тут злачынствы трэба было выяўляць ужо самастойна і самастойна іх расьсьледаваць.

«Трэба было наладжваць кантакт з жаночым кантынгентам, які часта езьдзіць за мяжу на такую „працу“, — узгадвае Азараў. — А гэта трэба было пастарацца. Бо пра такія рэчы ніхто ня хоча ўвогуле расказваць. І сілай не прымусіш. Трэба было неяк настройваць да сябе, каб чалавек табе расказваў усё, усё сваё сэксуальнае жыцьцё раскрываў у тым ліку. Ужо пасьля ў Акадэміі МУС я чытаў лекцыі на гэтую тэму: як размаўляць з ахвярамі гандлю людзьмі, каб яны табе ўсё расказалі. Гэтыя справы расьсьледаваліся ў асноўным на падставе паказаньняў пацярпелых, усё іншае было другасным».

У 2019 годзе Аляксандар Азараў перайшоў з ГУБАЗіКу ў Акадэмію МУС. Прычынай гэтага рашэньня называе канфлікт з кіраўніком аднаго з упраўленьняў Бедункевічам (Міхаіл Бедункевіч цяпер — намесьнік начальніка ГУБАЗіК. — РС) Па словах Аляксандра, працаваць стала немагчыма, таму прыйшлося сыходзіць. Азараў тады ўжо меў званьне падпалкоўніка. У дзень галасаваньня 9 жніўня 2020 году ён знаходзіўся на выбарчым участку.

«Бачыў натоўпы людзей, якія зь белымі стужкамі на руках стаялі ў чарзе, каб прагаласаваць, — згадвае Азараў той дзень. — І ўсе чальцы выбарчай камісіі гаварылі нам, што перамагла Ціханоўская, што будуць перамены. Я падумаў, што нарэшце дачакаўся. Але потым усё перамянілася. Старшыня камісіі сказаў нам, што ў пратакол упісаў лічбы, якія яму давялі зьверху. А бюлетэні для галасаваньня ўвогуле ніхто не лічыў. І гэта мяне разьюшыла. Міліцыя мяне на той момант дастала да пячонак».

Да самай раніцы 10 жніўня 2020 году Аляксандар знаходзіўся ў будынку Акадэміі МУС. Расказвае, што там іх трымалі, пакуль у цэнтры гораду ішла зачыстка ад пратэстоўцаў.

«Ішоў раніцай дадому, бачыў кроў на асфальце, — расказвае Азараў. — Акуляры валяліся, пераламаныя ровары, пах газу паўсюль. Удзень чытаў СМІ. Пра ўсе катаваньні, пра забойства Тарайкоўскага (удзельнік пратэстаў Аляксандра Тарайкоўскі быў забіты 10 жніўня 2020 г. — РС). Поўнае беззаконьне. Я вырашыў, што Лукашэнка — гэта злачынец, які захапіў уладу. Напісаў рапарт на звальненьне. Там ужо стос са штук 15 такіх рапартаў ляжаў».

«Самае складанае цяпер — дачакацца вяртаньня на Радзіму»

У Беларусі, прызнаецца Аляксандар, ён заставаўся да кастрычніка 2020 году. Уладкоўваў свае прыватныя справы. Вырашыў зьехаць, калі пачаліся арышты былых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія звольніліся пасьля 9 жніўня.

«Калі я звальняўся, псыхоляг у мяне пытаў, чаму я прыняў такое рашэньне, — расказвае Азараў. — Я адказаў, што прычыны палітычныя. Таму ня стаў чакаць, калі па мяне прыйдуць. Тым больш ГУБАЗіК, які сябе праявіў як асноўны рухавік тыраніі. Ведаў, што яны захочуць мне адпомсьціць. Таму вырашыў хуценька выехаць. Дапамагчы Радзіме за мяжой. Гэта лепш, чым сядзець у турме. Думаў, што еду на некалькі дзён, глянуць што і як. Аказалася, што пакуль вось так, з канцамі».

Цяпер Аляксандар Азараў жыве ў Варшаве разам са сваёй сям’ёй — жонкай і дваімі дзецьмі. Тое, што яны змаглі прыехаць да яго ў Польшчу, былы апэратыўнік называе цудам — опэр забыў паставіць жонцы забарону на выезд. Паводле зьвестак Аляксандра, пасьля ягонага ад’езду за сям’ёй сачылі працяглы час. Жывуць яны цяпер, як кажа Азараў, «як і ўсе сем’і тых беларусаў, хто быў вымушаны зьехаць». На ўзровень жыцьця ня скардзіцца. Гаворыць, што ён дакладна не ніжэйшы, чым быў у Беларусі.

«Самае складанае цяпер — дачакацца вяртаньня на Радзіму, — кажа Аляксандар. — Пляны я маю. ByPol распрацаваў плян „Перамога“, які павінен вярнуць у Беларусь законнасьць і правапарадак. Да пляну далучылася каля 200 000 беларусаў. Мы ўсе вернемся і будзем размаўляць зь бедункевічамі і карпянковымі па-іншаму. Якой будзе мая сустрэча з Карпянковым? Цяжка сказаць. Але мы дакладна памяняемся месцамі. Ён будзе адказваць на мае пытаньні. Праз два гады пасьля падзей аптымізму ў мяне менш ня стала. У нас няма права яго страчваць. Мы рыхтуемся, рыхтуем людзей, якія будуць ядром пляну „Перамога“. Усё гэта для таго, каб мы маглі вярнуцца, адхіліць Лукашэнку ад улады і прызначыць новыя выбары».

Аляксандар Азараў кажа, што сам бы хацеў узяць удзел у будове новай Беларусі і заняцца рэформай МУС. Ён лічыць, што ягонага 21-гадовага досьведу працы ў органах для гэтага дастаткова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG