Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя беларусаў на вайну адрозьніваецца ад рэакцыі і ўкраінцаў, і расейцаў. Сацыёлягі патлумачылі цікавую зьяву


Марыюпаль
Марыюпаль

У рамках канфэрэнцыі Варшаўскага ўнівэрсытэту «Still without peace. Warsaw East European Conference» адбылася панэль «Вайна ва Ўкраіне. Грамадзкая думка ў Расеі, Беларусі, Украіне» з удзелам расейскіх, украінскіх і беларускіх сацыёлагаў.

Кіраўнік Беларускай аналітычнай Майстэрні, прафэсар Андрэй Вардамацкі расказаў пра рэакцыю беларусаў на вайну, адрозную ад рэакцыі і ўкраінцаў, і расейцаў. Паводле яго і ў Расеі, і ва Ўкраіне адбылася зьява, вядомая як «кансалідацыя вакол сьцягу» — рэзкі рост падтрымкі палітычнага кіраўніцтва. Рэйтынгі папулярнасьці і Ўладзіміра Зяленскага, і Ўладзіміра Пуціна зашкальваюць, перавышаючы 80%.

У той жа час у Беларусі, паводле Вардамацкага, адбылася кансалідацыя вакол нежаданьня, каб беларускае войска ўдзельнічала ў вайне. Супраць яго ўдзелу ў вайне — 86% апытаных. Але гэтая ідэя зусім не зьяўляецца галоўнай ідэяй беларускай улады і папулярнасьць Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі зусім не такая высокая, як лідэраў Украіны і Расеі ў сваіх краінах — патлумачыў беларускі сацыёляг. Ён назваў гэтае становішча «кансалідацыяй без сьцягу».

Вардамацкі таксама паведаміў, што сумарная папулярнасьць лідэраў апазыцыі вышэй за папулярнасьць Лукашэнкі.

Кіраўнік Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі (КМІС) Уладзімір Паніота прысьвяціў свой выступ рэтраспэктыве ўкраінска-расейскі адносінаў з 2014 году.

Паводле Паніота да 2014 году Пуцін ва Ўкраіне быў папулярней за любога ўкраінскага палітыка. Пасьля захопу Крыму і вайны ў Данбасе гэтая папулярнасьць кіраўніка Расеі ва Ўкраіне абрынулася.

Стаўленьне ўкраінцаў да Пуціна
Стаўленьне ўкраінцаў да Пуціна

Да 2014 году добрае стаўленьне да Расеі было ва Ўкраіне ўласьцівае пераважнай большасьці грамадзянаў. Пасьля 2014 году сытуацыя зьмянілася кардынальна і ва Ўкраіне, і ў Расеі.

Адсотак пазытыўнага стаўленьня ўкраінцаў да Расеі (паводле КМІС) і расейцаў да Ўкраіны (паводле Лявада-цэнтра)
Адсотак пазытыўнага стаўленьня ўкраінцаў да Расеі (паводле КМІС) і расейцаў да Ўкраіны (паводле Лявада-цэнтра)

Паніота паказаў, што да анэксіі Крыму ідэя далучэньня да NATO была ва Ўкраіне ня надта папулярнай. Сытуацыя зьмянілася пасьля 2014 году, пасьля пачатку сёлетняга поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну доля прыхільнікаў уступленьня ў NATO падвысілася яшчэ больш.

Стаўленьне ўкраінцаў да ўступленьня Ўкраіны ў NATO
Стаўленьне ўкраінцаў да ўступленьня Ўкраіны ў NATO

«Няпраўда, што Пуцін напаў на Ўкраіну, таму што Ўкраіна хацела далучыцца да NATO. Насамрэч наадварот — Украіна хоча далучыцца да NATO таму што Пуцін напаў на яе» — адзначыў прафэсар Паніота.

Навуковы кіраўнік расейскага Лявада-цэнтру Леў Гудкоў казаў у сваім выступе пра тое, што цяперашняя вайна стала вынікам аднаўленьня ў РФ таталітарных структураў. Ён паказаў, як ў Расеі з пачатку нулявых гадоў паралельна расла як папулярнасьць Сталіна, гэтак і давер да арміі і спэцслужбаў.

Таксама Гудкоў паказаў, што ўяўленьне пра сяброўства Ўкраіны ў NATO, як пра пагрозу для Расеі, умацавалася ў РФ насамрэч яшчэ напачатку стагодзьдзя.

Калега Гудкова, кіраўнік аддзелу сацыяльна-культурных дасьледаваньняў Лявада-цэнтра Аляксей Левінсон распавёў пра мэтадалягічны экспэрымэнт , пры дапамозе якога дасьледчыкі абверглі шэраг распаўсюджанных уяўленьняў пра сацыялягічныя дасьледаваньні ў несвабодных краінах, такіх як Расея. Паводле Левінсона экспэрымэнт не пацьвердзіў меркаваньні, што рэспандэнты, якія не ўхваляюць палітыку ўлады, часьцей адмаўляюцца ад удзелу ў апытаньнях, і што дадзеныя апытаньняў грамадзкай думкі характарызуюць толькі тых, хто гатовы адказваць на пытаньні сацыёлягаў.

Украінская сацыялягіня Іна Валасевіч з цэнтру Infosapiens, гаворачы пра цяперашняе стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў, адзначыла, што яно нашмат лепшае, чым да расейцаў. Паводле яе толькі траціна ўкраінцаў зараз ставіцца да беларусаў кепска. «Але Беларусь — наш вораг» — сказала ўкраінская сацыялягіня.

Выступы сацыёлягаў можна паглядзець у Youtube.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG