Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вырас давер да ўладаў і паглыбіўся раскол грамадзтва, — вынікі незалежнага апытаньня


Менск, 19 кастрычніка 2020
Менск, 19 кастрычніка 2020

Гэтыя зьвесткі прадставіў прадстаўнік новай каманды незалежных сацыёлягаў Філіп Біканаў.

Абнародаваньне гэтых вынікаў адбылося ў межах прэзэнтацыі шырэйшага праекту «Беларускі трэкер пераменаў». У праекце, які будзе штоквартальна аналізаваць трэнды разьвіцьця беларускага грамадзтва ў самых розных сфэрах, аб’ядналіся такія вядомыя беларускія дасьледчыкі – рэгулярныя аўтары Свабоды, як Арцём Шрайбман, Кацярына Барнукова, Леў Львоўскі, Павал Сьлюнькін і Генадзь Коршунаў.

Філіп Біканаў
Філіп Біканаў

Апытаньні, на якіх грунтуе свае высновы Біканаў, праводзіліся онлайн сярод гарадзкога насельніцтва Беларусі ў кастрычніку 2021 году (1500 чалавек) і ў траўні 2022 году (1024).

Сацыёлягі мэтадам клястэрнага аналізу вызначылі 4 групы беларускага грамадзтва, падзеленыя паводле ступені даверу і недаверу да ўлады: зацятыя прыхільнікі ўлады, схільныя давяраць уладзе, схільныя не давяраць уладзе, зацятыя праціўнікі ўлады.

За 7 месяцаў, якія прайшлі паміж апытаньнямі, доля рэспандэнтаў, якія ў той ці іншай ступені давяраюць уладзе (зацятыя прыхільнікі ўлады + схільныя давяраць уладзе), павялічылася на 10 адсоткавых пунктаў і склала амаль палову.

Дынаміка даверу і недаверу да ўлады

Адно з тлумачэньняў прычын такога шмат у чым нечаканага зруху — зьмены ацэнак наяўнай сытуацыі і пэрспэктываў разьвіцьця краіны апісанымі вышэй чатырма групамі.

Гэтыя ацэнкі вымяраюцца праз 5 індыкатараў:

  • Індэкс сямʼі — ацэнка бягучага становішча (матэрыяльнага і эмацыйнага) сямʼі;
  • Індэкс дабрабыту краіны, які абʼядноўвае ацэнкі эканамічнага і палітычнага становішча краіны ў цэлым;
  • Індэкс чаканьняў, які адлюстроўвае ўяўленьні людзей пра іх асабістую найбліжэйшую будучыню і будучыню краіны;
  • Індэкс ацэнкі ўлады, які адлюстроўвае ўзровень ухвалы дзейнасьці дзяржаўнай улады ў краіне;
  • Індэкс сацыяльных настрояў, які адлюстроўвае вэктар палітычных, эканамічных і грамадзкіх перажываньняў беларусаў.

Ацэнкі становішча ўласнай сямʼі ў апытаных за 7 месяцаў пагоршыліся, але ўсе астатнія ацэнкі палепшыліся. Наступны графік паказвае, за кошт каго адбыліся гэтыя зьмены.

Зацятыя прыхільнікі ўлады і тыя, хто хутчэй давярае ёй, даволі высока ацэньваюць становішча сваіх семʼяў, але становішча краіны і яе пэрспэктывы ацэньваюць яшчэ вышэй.

У праціўнікаў улады — як памяркоўных, так і зацятых — суадносіны ацэнак іншыя. На ўзроўні сямʼі, шчыльнага кола яны неяк выжываюць, але на пэрспэктывы краіны глядзяць вельмі змрочна.

Сацыёлягі адзначаюць, што рост даверу да ўлады адбыўся пераважна за кошт палітычнай «сярэдзіны», за кошт памяркоўных, і фактарам гэтай зьмены стала вайна.

«Хутчэй за ўсё, за кошт „нэўтральных“ людзей у некаторай ступені быў паўтораны эфэкт 2014–2015 гадоў, калі Аляксандар Лукашэнка мог пахваліцца пэўнай кансэнсуснай ацэнкай сваёй ролі як прэзыдэнта краіны, — адзначаюць у дакладзе чальцы каманды Біканава. — Як гэта спрацавала і стала магчымым? Вайна — вельмі непапулярная зьява сярод беларусаў... Разам з тым беларускае грамадзтва вельмі баіцца быць уцягнутым у вайну. У такой сытуацыі „галубіная“ рыторыка Аляксандра Лукашэнкі пра тое, як краіна супраціўляецца ўцягваньню ў вайну, знаходзіць сваю аўдыторыю. Вобраз патэнцыйнай „жахлівай“ будучыні, у якой Беларусь будзе вымушаная ўступіць у вайну, пераважае пагаршэньне матэрыяльнага становішча цяпер; на гэтым фоне сучаснасьць выглядае як ня самы кепскі варыянт разьвіцьця падзей».

Як бачна з графіку 3, прыцягнуць, прывабіць большасьць Лукашэнку не ўдалося, большасьць інакш ацэньвае сытуацыю і ягоную ролю ў ёй. Але большую, чым раней, частку грамадзтва ён здолеў перацягнуць на свой бок.

Каманда Філіпа Біканава адзначае яшчэ адну асаблівасьць грамадзкай думкі — паглыбленьне палярызацыі «краёў» палітычнага спэктру.

На наступным графіку паказана, як ставяцца да розных сацыяльных групаў чатыры клястэры, вылучаныя вышэй паводле стаўленьня да ўлады (чым вышэйшая ацэнка, тым горшае стаўленьне).

На графіку відаць, што палітычныя антыподы — зацятыя праціўнікі і зацятыя прыхільнікі ўлады — ставяцца адны да адных горш, чым да каго б там ні было іншага. Іх узаемныя ацэнкі — паміж 6 і 7, гэта значыць паміж «гатовыя прыняць як турыста ў Беларусі» і «ні ў якім выглядзе не хацеў бы бачыць іх у Беларусі».

Раней такое самае ўзаемнае стаўленьне палітычных антыподаў у Беларусі было зафіксаванае ў апытаньні Chatham House.

«Павелічэньне дыстанцыі паміж зацятымі прыхільнікамі і праціўнікамі ўлады можа ў нейкі момант перарасьці ў гвалтоўнае супрацьстаяньне», — папярэджваюць сацыёлягі з каманды Філіпа Біканава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG