Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На судзе ніхто ня выступіў у абарону прытулку, нават офіс ААН», — асуджаная на «хатнюю хімію» кіраўніца «Радзіславы» Вольга Гарбунова


Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова

Праваабаронцу Вольгу Гарбунову 6 траўня пасьля паўгода зьняволеньня пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі» і вызвалілі з-пад варты.

Ужо на волі Вольга ў інтэрвію «Новаму часу» расказала, сярод іншага, пра свой сёньняшні стан, брак салідарнасьці беларусаў у час свайго зьняволеньня і пасьля вызваленьня зь СІЗА, а таксама адмову агенцтва ААН у напісаньні ейнай характарыстыкі для суду пасьля 10 гадоў супрацоўніцтва.

«Я ня ўпэўненая, што ў мяне атрымалася захавацца. Няма плянаў, няма пачуцьцяў, няма жаданьняў. Напэўна, упершыню са мной такая гісторыя, – расказала Вольга Гарбунова. — Я атрымала новую прафэсію, выйду на новую працу, буду сыходзіць раніцай, вяртацца ўвечары, клапаціцца пра дачку, класьціся спаць — і гэта новы для мяне досьвед. Я абавязаная ўладкавацца на працу — па ўмовах абмежаваньня свабоды без накіраваньня, абавязаная знаходзіцца ўвесь астатні час дома, і я так і пляную рабіць. Ці вернецца ў мяне жыцьцё? Напэўна, час пакажа, але ў мяне такое адчуваньне, што, нават калі ня вернецца, мне будзе «ок» з гэтым. Я ўсё адно не адматаю ўсё назад, не адмяню нічога, і я адчуваю, што не магу ад сябе нічога патрабаваць і чагосьці чакаць».

Вольга зазначыла, што яе задача зараз —несьці адказнасьць. Пры гэтым жанчына падкрэсьліла, што гаворка ідзе як і пра «законы гэтага часу ў гэтай краіне», так і пра ейную дачку.

«Шчыра кажучы, я так і не зразумела, што мяне ва ўсім гэтым раніла больш: тое, што было ў СІЗА, ці тое, што было па другі бок агароджы», – сказала Вольга Гарбунова.

Яна зазначыла, што ў яе шмат складаных і супярэчлівых думак пра салідарнасьць беларусак і беларусаў.

«Я не падзяляю ўсеагульнага захапленьня. Мне вельмі не хапіла асабістай салідарнасьці са мной там і пасьля выхаду зь СІЗА. Гэта вельмі балюча, калі самы блізкі чалавек, у якім ты ўпэўненая, як у сабе, і ведаеш, што ён не пакіне цябе адну ў бядзе, як бы адносіны ні складваліся, на самой справе проста зьнікне адразу ж пасьля твайго затрыманьня; паверыць у тое, што яго гэта не датычыцца цяпер, і прыме рашэньне «рухацца далей». І ты адчуваеш сябе вінаватай, адчуваеш сябе цяжарам для блізкіх там, а калі выходзіш, сутыкаесься з тым, што стала нязручнай і тут. Гэта вельмі раніць, калі іншы чалавек піша пра цябе камусьці: «Мне шкада, што ты зь ёю размаўляеш, гэта яна недагаварыла, а ня ты». У гэты момант унутры бурыцца нешта вельмі базавае. Давер да сьвету, ці што».

Таксама, паводле Вольгі, адно з агенцтваў ААН «не знайшло ў сабе сьмеласьці напісаць для суду на яе характарыстыку «пасьля 10 гадоў плённага супрацоўніцтва».

«Ведаючы, што мне пагражаюць гады калёніі. «Ну вы ж усё разумееце...». Ці прыйшоў хоць адзін чыноўнік на суд па ліквідацыі «Радзіславы» і ці сказаў: «Высокі суд, гэта нейкая памылка, я працую зь імі амаль 20 гадоў, які экстрэмізм? Яны днямі і начамі толькі і займаліся, што аказаньнем дапамогі жанчынам»? Не, на судзе не было аніводнага чалавека ў абарону прытулку — ні ад МУС, ні ад ААН, ні ад Менгарвыканкаму. Гэта вось усё прыклады такой салідарнасьці людзей, якія будуць весьці сур’ёзныя размовы на кухні і посьціць пра важнасьць падтрымкі ў сацсетках роўна да таго моманту, пакуль салідарнасьць не наступіць на іх асабістыя інтарэсы — адносіны, працу, прасоўваньне па службе, ілюзію спакою і бясьпекі. Я бачу вельмі шмат такіх людзей цяпер».

Пры гэтым Вольга выказала падзяку людзям, якія заставаліся побач зь ёй у гэты «цёмны час».

«[Людзям, якія] не давалі нікому забыць рознымі спосабамі пра мяне і «Радзіславу», пісалі мне лісты, характарыстыкі для суду, падтрымлівалі маю сям’ю, хадзілі на пахаваньне майго бацькі замест мяне. Гэта былі ня толькі мае сяброўкі і знаёмыя, але і кліенткі сховішча, незнаёмыя мне людзі ці нават людзі, якім я прынесла калісьці боль. Яны знаходзілі ў сабе сілы, знаходзілі час; не шкадуючы, інвэставалі ў мяне, змагаліся з уласным страхам, хоць і чулі толькі цішыню ў адказ. Я спадзяюся, што гэтых іншых людзей больш, чым першых. Але час пакажа. Мне здаецца, што тое, з чым я выйшла, — гэта страта сябе. Ня ведаю, дзе я сябе пакінула і зь якой прычыны. Проста нейкая апатыя, і я сабе дазволіла гэта адчуваць. Нашмат горш было б, калі б у мяне не было апатыі, а была б мая нястрымная энэргія. А як з усім гэтым жыць далей, незразумела. І тады я выбіраю тое, што ўва мне ёсьць. Калі яно са мною зараз адбываецца, значыць, так таму і быць».

Вольга Гарбунова — фэміністка, актывістка, былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту.

Гарбунову затрымалі 9 лістапада 2021 году і да суду зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску. Вядома, што пасьля затрыманьня Вольга амаль два тыдні трымала галадоўку. Ейныя блізкія некалькі дзён ня ведалі, дзе яна знаходзіцца. Адвакату не далі ніякай інфармацыі пра месцазнаходжаньне Вольгі, а допыт яе праводзіўся без прысутнасьці адваката.

6 траўня судзьдзя Сяргей Шаціла абвінаваціў Вольгу ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Раней паведамлялася, што Гарбунову хацелі абвінаваціць яшчэ і паводле трох частак артыкулу 293 КК («арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх і навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Вольгу Гарбунову пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG