Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе заявілі, што блякаваньне Будапэштам уваходу Ўкраіны ў ЭЗ можа прывесьці да больш раньняга ўступленьня Малдовы


Эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня ЭЗ Марта Кос. Прага, 28 красавіка 2025 году
Эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня ЭЗ Марта Кос. Прага, 28 красавіка 2025 году

У інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода 28 красавіка падчас візыту ў Прагу эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня ЭЗ Марта Кос расказала, як мірнае пагадненьне з Расеяй можа паўплываць на сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ і як зьбіраюцца абыходзіць вугорскае вэта, ці дазволяць Малдове апярэдзіць Украіну на шляху ў ЭЗ, ці дапускаюць у ЭЗ заяўку на сяброўства ад Армэніі і што будуць рабіць з Грузіяй.

Марта Кос сярод іншага заявіла, што не выключае «разьяднаньня» эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны і Малдовы на асобныя працэдуры ў чэрвені, калі ў Брусэлі, як чакаецца, прымуць шэраг рашэньняў аб пашырэньні. Зь ёю гутарыў эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

— Пашырэньне Эўразьвязу, мабыць, яшчэ ніколі не было такім геапалітычным, як цяпер. Раней гэта быў працэс, а зараз гэта найвышэйшая стадыя геапалітыкі. Якое ваша бачаньне пашырэньня ЭЗ падчас дзеяньня вашага мандату да 2029 году?

— Я цалкам з вамі згодная. Яшчэ калі я была кандыдаткай на пасаду камісара, у кастрычніку ці лістападзе я казала, што сёньняшняе пашырэньне адрозьніваецца ад таго, што было пяць гадоў таму. Але зараз я кажу, што сытуацыя з пашырэньнем адрозьніваецца нават ад студзеня гэтага году, бо зьмянілася вельмі шмат чаго, уключна з новай адміністрацыяй ЗША.

Геапалітыка зьмянілася: раней яна была прыярытэтам для пашырэньня, але тады яно не было так шчыльна зьвязана з пытаньнямі бясьпекі і міру.

Цяпер жа праз пашырэньне мы пэўным чынам вяртаемся да вытокаў стварэньня ЭЗ — забесьпячэньня міру, свабоды, росквіту, і сёньня мы можам дадаць яшчэ і бясьпеку. Менавіта гэтым мы займаемся цягам усяго працэсу. Вядома, гаворка ўсё яшчэ ідзе пра разьдзелы, клястары і кантрольныя крытэры, але ўсё гэта мае значна большае значэньне: калі мы зазнаем няўдачу... Дакладней, мы ня можам зазнаць няўдачы. Гэта настолькі важна сёньня, што ў пашырэньні правалу быць ня можа — гэта самая пасьпяховая замежнапалітычная ініцыятыва ЭЗ.

— Што значыць няўдача?

— Няўдачай будзе, калі ў пэрыяд працы гэтага складу Эўракамісіі да ЭЗ не далучыцца ніводная новая краіна. Але я ўпэўненая, што мы зможам гэта зрабіць. Напрыклад, у выпадку Чарнагорыі ўсе разьдзелы адкрытыя, засталося іх толькі закрыць — мы маглі б тэхнічна завяршыць працэс да канца 2026 году. Тэхнічна мы маглі б завяршыць працэс з Альбаніяй да канца 2027 году. Я падкрэсьліваю — тэхнічна, бо гэта працэдура перамоваў: краіны павінны правесьці рэформы, а рашэньне аб сяброўстве прымаюць дзяржавы — чальцы ЭЗ.


Марта Кос і Рыкард Юзьвяк. Прага, 28 красавіка 2025 году
Марта Кос і Рыкард Юзьвяк. Прага, 28 красавіка 2025 году

Украіна

— Што тычыцца Ўкраіны — ёсьць пытаньне пра нацыянальныя меншасьці, якое падымае Вугоршчына. Ці бачыце вы магчымасьць дамовіцца? Ці, на вашую думку, Украіна зрабіла дастаткова што да заканадаўства аб нацыянальных меншасьцях? Ці мо вы адчуваеце, што Будапэшт запатрабуе яшчэ больш? Як гэта разьвязаць?

— Украіна зрабіла дастаткова — магу сказаць гэта з свайго асабістага досьведу, паколькі я спрыяла дыялёгу паміж Вугоршчынай і Ўкраінай. Было шмат пытаньняў, і Ўкраіна гатовая выканаць усе патрабаваньні. Але для Вугоршчыны гэтага недастаткова. Цяпер мы павінны знайсьці спосаб пераканаць Вугоршчыну дазволіць адкрыць першы разьдзел працэдуры ўступленьня.

Украінцы выдатна разумеюць, што ідзецца ня толькі пра абарону вугорскай меншасьці, абарона нацыянальных меншасьцяў — адна з найважнейшых абавязкаў для ўсіх краін-кандыдатаў. Паглядзім, што пакажа так званае грамадзкае апытаньне ў Вугоршчыне.

Акрамя таго, паглядзім, як дзяржавы-чальцы адрэагуюць на той факт, што мы ня можам дзейнічаць паводле старых правілаў пашырэньня, улічваючы новую геапалітычную сытуацыю. Бо мы нейкім чынам заціснутыя ў напружаньні паміж геапалітычнымі патрэбамі і патрэбамі бясьпекі з аднаго боку, а з другога — мэтадалёгіяй, якая за 30 гадоў не асабліва зьмянілася.

— Які ваш плян у выпадку вугорскага вэта? Як абысьці яго ці зьняць?

— Гаворка не ідзе пра абход — з вугорцамі трэба гаварыць. Дыялёг заўсёды дапамагае. Напрыклад, калі прымалі рашэньне аб наданьні Ўкраіне статусу кандыдата, Вугоршчына не пярэчыла. Мы разьлічваем на гэта.

— Калі гэтая перашкода будзе зьнятая, ці рэальна сёлета адкрыць усе шэсьць разьдзелаў і для Малдовы, і для Ўкраіны?

— Так, тэхнічна гэта магчыма, але працэсам ухваленьня рашэньняў займаецца Эўрапейская Рада. Але з тэхнічнага гледзішча, чаму я пра гэта кажу, бо мы ўжо працуем нават зараз, калі ня можам адкрыць першы разьдзел, над іншымі разьдзеламі — з абедзьвюма краінамі. Я ўпэўненая, што мы зможам падрыхтаваць абедзьве краіны, каб адкрыць усё сёлета.

— Вы згадвалі пра геапалітычныя аспэкты, адзін зь іх — вайна ва Ўкраіне. Калі Ўкраіну прымусяць заключыць мірнае пагадненьне на нявыгадных умовах, а, шчыра кажучы, цяпер менавіта так гэта выглядае, як гэта можа паўплываць на яе шанцы ўступіць у ЭЗ?

— Пашырэньне — гэта ня толькі пра ўступленьне ў Эўразьвяз. Як я бачу пашырэньне: сяброўства ў ЭЗ можа стаць палітычным якарам гарантый бясьпекі для Ўкраіны. Магчыма, у бліжэйшы час Украіна ня зможа стаць чальцом NATO, але пэрспэктыва сяброўства ў ЭЗ будзе мець палітычнае значэньне.

Эўракамісія падтрымлівае любое рашэньне, якое будзе ў інтарэсах Украіны. І, вядома, мы хочам прысутнічаць, бо, у рэшце рэшт, менавіта ЭЗ дапаможа Ўкраіне стаць сябрам, возьме на сябе большую частку аднаўленьня, дый ужо цяпер ЭЗ ёсьць найбольшым донарам дапамогі — гэта амаль 150 мільярдаў эўра. Я не магу ўявіць аднаўленьня Ўкраіны без удзелу ЭЗ.

— То бок сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ — гэта пытаньне недыскусійнае?

— У якім сэнсе?

— Здаецца, цяпер многія краіны ЭЗ у пэўнай ступені згодныя, што Ўкраіны ня будзе ў NATO. Але вы гаварылі з многімі сталіцамі, ці гатовыя яны ставіць пад пытаньне сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ?

— Не. Я заўважыла вялікую падтрымку ідэі сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ. Вядома, ёсьць асобныя пытаньні, якія трэба вырашыць, у прыватнасьці, што да нацыянальных меншасьцяў, але ў цэлым падтрымка сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ вялікая.


Эўрамайдан у Кіеве, 30 лістапада 2013 году
Эўрамайдан у Кіеве, 30 лістапада 2013 году

Малдова

— Я ведаю, што эўракамісары ў пытаньнях пашырэньня звычайна ня любяць даваць часавых прагнозаў, але вы ўзгадалі Чарнагорыю і Альбанію. Ці стануць яны 28-й і 29-й дзяржавамі сябрамі ЭЗ да канца вашай кадэнцыі ў 2029 годзе? Ці мо яшчэ нехта?

— Магчыма. Малдова цяпер паказвае сябе як «вельмі руплівы вучань» сярод усіх краін. Яны сапраўды адчуваюць гістарычны момант. Мы яшчэ ніколі ня бачылі такога стаўленьння: бо гэта праект міру, бо яны імкнуцца належаць да супольнасьці каштоўнасьцяў і дэмакратыі. Яны гатовыя зрабіць усё магчымае. Нават Украіна — упершыню ў гісторыі мы вядзем перамовы з краінай, якая знаходзіцца ў стане вайны. Такога раней не было. Таму я аптымістычна настроеная: навічкоў можа быць больш за два.

— Што тычыцца Малдовы — праблема пакуль, падобна, не ў Малдове, а ў тым, што яна зьвязаная з Украінай. Ці настаў час разьяднаць іх, як гэта раней зрабілі з Альбаніяй і Паўночнай Македоніяй?

— Мы ўжо абмяркоўваем гэта зь дзяржавамі-чальцамі. Ніводная краіна не выступае супраць адкрыцьця першага разьдзелу перамоваў з Малдовай. Я спадзяюся, што мы знойдзем рашэньне і зможам адкрыць ня толькі першы разьдзел, але і ўсе разьдзелы ўжо сёлета.

— Гэта значыць разьяднаньне ўжо ў гэтым чэрвені не выключаецца?

— Так.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду. Парыж, 10 сакавіка 2025 году
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду. Парыж, 10 сакавіка 2025 году

Грузія

— У Грузіі назіраецца адкат: адбываецца скарачэньне кантактаў на высокім узроўні, было прыпыненае дзеяньне візаў для дыпляматычных пашпартоў, скарочанае фінансаваньне, грошы ЭЗ больш не ідуць у Тбілісі. Ці разглядаюцца яшчэ якія-небудзь дадатковыя захады?

— Ёсьць шмат магчымасьцяў, але мы вельмі асьцярожна падыходзім да таго, што рабіць у гэтай сытуацыі. Мы маглі б, скажам, скасаваць бязьвізавы рэжым, але найбольш пацярпелі б простыя людзі. У нас ёсьць угода аб паглыбленай і ўсеабдымнай зоне свабоднага гандлю. Мы маглі б прагледзець гэтую ўгоду. Таксама Грузія дагэтуль мае статус кандыдата. Мы маглі б яго замарозіць ці аб’явіць аб прыпыненьні, як гэта было з Турэччынай. Такія магчымасьці ёсьць.

Але мне не падабаецца, калі ўрады ня ўлічваюць волю людзей. А вялікае прагненьне грузінскага народу — ісьці эўрапейскім шляхам. Таму мы працягнем працу над гэтым. Я не магу пагадзіцца з тым, што мы страцілі Грузію, нават калі ўрад прымае адзін за адным законы, якія відавочна супярэчаць эўрапейскім каштоўнасьцям.

— Але, здаецца, вы ня надта гатовыя выкарыстоўваць іншыя абмежавальныя інструмэнты.

— Мы спрабавалі ўвесьці санкцыі, але гэта было немагчыма з прычыны браку аднадушнасьці сярод дзяржаваў ЭЗ. Так, мы сапраўды намагаліся гэта зрабіць, але некаторыя дзяржавы-чальцы ўвялі санкцыі супраць асобных людзей — і гэта пакуль што мэханізм, які працуе.

— Ці разглядаеце вы магчымасьць аднавіць дыялёг з урадам у Тбілісі, зноў пачаць кантакты на высокім узроўні? Бо чым даўжэй гэтая сытуацыя будзе працягвацца, тым важнейшай будзе размова з партнэрамі.

— Лягчэй за ўсё не размаўляць. Але каб размаўляць, трэба ведаць, што ты можаш прапанаваць і на што гатовы іншы бок. Таму зараз мы разглядаем, як нам выбудаваць дыялёг так, каб вярнуць Грузію на эўрапейскі шлях.

— Вось жа гэта значыць, што дыялёг магчымы ў будучыні? Я правільна разумею?

— Так. Як я ўжо сказала, самае простае — не размаўляць. Але мы вядзем дыялёг з многімі краінамі сьвету, якія нават ня маюць статусу кандыдата.

Грузія дагэтуль мае статус кандыдата. Турэччына таксама мае статус кандыдата, але працэс замарожаны — з 2019 году мы не вядзем перамоваў. Аднак цяпер мы аднавілі дыялёгі на высокім узроўні — адзін аб эканоміцы, плянуем яшчэ адзін аб міграцыі, і паглядзім, ці пачнем мадэрнізацыю мытнага зьвязу з Турэччынай. Бізнэс-супольнасьць таксама зацікаўленая ў гэтым. У нас аб’ём абмену таварамі і паслугамі з Турэччынай складае каля 240 мільярдаў эўра — гэта істотна.

Армэнія

— У Армэніі цяпер робяцца заканадаўчыя крокі для збліжэньня з ЭЗ, патэнцыйна нават з падачай заяўкі на сяброўства. Ці вы б гэта віталі?

— Тое, што адбылося ў парлямэнце Армэніі, дэманструе, што для іх ЭЗ больш прывабны, чым раней.

Ёсьць дзьве ўмовы, пры якіх краіна можа падаць заяўку: гэта павінна быць дзяржава і гэта павінна быць эўрапейская дзяржава. Мы яшчэ не атрымалі заяўку, паглядзім. Але гэта яшчэ адна прыкмета таго, як я ўжо казала, што мы цікавыя для многіх іншых краін.

Нават Ісьляндыя цяпер разглядае магчымасьць аднаўленьня перамоваў. Мы ўжо закрылі 13 разьдзелаў перамоваў на аснове старой мэтадалёгіі. І гэта цікава. Калі я кантактавала з прадстаўнікамі ісьляндзкага ўраду і пытала, чаму яны хочуць вярнуцца, яны адказалі — і я цытую: «Мы хочам належаць да супольнасьці каштоўнасьцяў і дэмакратыі». І гэта гаворыць краіна, якая мае вельмі высокі ўзровень інтэграцыі з ЭЗ, будучы часткай Эўрапейскай эканамічнай зоны.

Я была б вельмі радая, калі б мы змаглі рушыць наперад з Ісьляндыяй і, магчыма, зь іншымі краінамі, якія могуць перагледзець магчымасьць дыялёгу з намі.

— А як наконт Армэніі — ці віталі б вы заяўку ад Ерэвану?

— Пакуль ня ведаю. Ёсьць пэўныя ўмовы, якія трэба будзе выканаць. Пабачым.


Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэмʼер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал. Талін, 28 красавіка 2025 году
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэмʼер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал. Талін, 28 красавіка 2025 году
  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG