Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Радзіславы» няма, але вы трымайцеся


Архіўны здымак з прытулку арганізацыі «Радзіслава» для ахвяраў хатняга гвалту
Архіўны здымак з прытулку арганізацыі «Радзіслава» для ахвяраў хатняга гвалту

Расея напала на Ўкраіну ў ноч пасьля так званага Дня абаронцы Айчыны, а ў Беларусі «Радзіславу», якая ратавала жанчын, ліквідавалі на наступны дзень пасьля 8 сакавіка.

Паліталягіня Кацярына Шульман называе такога кшталту падзеі выпадковым сымбалізмам, але ў гэтым канкрэтным выпадку я ўсё ж думаю, што гэта звычайны цынізм і зьдзек.

Грамадзкае аб’яднаньне «Радзіслава» 20 гадоў ратавала жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Ім давалі месца, дзе пажыць у бясьпецы, аказвалі юрыдычную і псыхалягічную дапамогу. А цяпер былая дырэктарка Вольга Гарбунова — палітзьняволеная, а арганізацыю ліквідавалі, як і сотні іншых.

І ўсё ж цяжка было абраць больш цынічную дату для ліквідацыі, чым 9 сакавіка — найбліжэйшы да 8 сакавіка працоўны дзень. Вядома ж, спажывецкае і шмат у чым абыякавае стаўленьне ўладаў Беларусі да жанчын — не сакрэт. І нежаданьне прымаць закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту таксама заўжды было дужа паказальным. Але прымяркоўваць зьнішчэньне «Радзіславы» да Міжнароднага дня жаночай салідарнасьці — гэта надзвычай зьдзекліва.

Восьмага сакавіка Лукашэнка традыцыйна віншаваў беларускіх жанчын са сьвятам у звычайнай патрыярхальнай манеры — расказваў пра «жаночае прызначэньне», «жаночую мудрасьць» і пра тое, як жанчыны натхняюць мужчын на подзьвігі. «Вы застаяцеся вернымі традыцыйным каштоўнасьцям, сем’ям і галоўнаму прызначэньню — працягваць жыцьцё на Зямлі і рабіць сьвет лепшым», — сказаў ён. І на наступны дзень жанчынам Беларусі афіцыйна заявілі, што «вернасьць сям’і» і «традыцыйныя каштоўнасьці» — гэта ня іх (наш) выбар, а самы сапраўдны праклён.

Я ведаю некалькі гісторый жанчын, якія зьвярталіся па дапамогу не ў «Радзіславу», а ў дзяржаўныя крызісныя пакоі. І гэта жудасныя гісторыі — дзяржава дае жанчынам псыхолягаў, якія раяць пацярпелым ад хатняга гвалту задумацца, якая іх адказнасьць за перажыты гвалт. Быў мінімум адзін выпадак, калі агрэсар змог трапіць у дзяржаўны крызісны пакой. Дзяржава ня ўмее і ня хоча вучыцца якасна дапамагаць жанчынам, а праца гэтай сыстэмы, як і шмат якіх іншых, круціцца вакол статыстыкі і прыгожых справаздач. А ўласна дапамога там ня ў фокусе ўвагі.

Няма цяпер у Беларусі арганізацый, для якіх жанчыны, пацярпелыя ад хатняга гвалту, былі б у фокусе ўвагі. Застаюцца неабыякавыя людзі, якія на індывідуальным узроўні будуць дапамагаць, чым змогуць, але сыстэмнай падтрымкі больш няма.

А працяглы палітычны крызіс у Беларусі і вайна ва Ўкраіне — гэта дадатковыя фактары рызыкі для жанчын, у чыіх сем’ях ёсьць так званыя кухонныя баксэры. Вольга Гарбунова, былая дырэктарка «Радзіславы», расказвала, што ў жніўні 2020-га паднялася вялікая хваля гвалту ў сем’ях, і калі б яна цяпер працягвала працаваць, яна б абавязкова сказала пра новае пагаршэньне сытуацыі.

Але наўрад ці мы цяпер даведаемся праўду пра агульную сытуацыю з хатнім гвалтам у Беларусі. Абарона жанчын ад агрэсараў — гэта, як на цяперашнія часы, злачынства. Затое авіяўдар па радзільні ў Марыюпалі — падзея, ня вартая асуджэньня з боку ўладаў Беларусі. Як і ранейшае нараджэньне мёртвага немаўляці ў Менскім СІЗА не было нагодай для хоць бы выказанай заклапочанасьці. Бо любое мацярынства нібыта сьвятое, але на некаторае — беларускай дзяржаве напляваць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG