Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы працягваюць абстрэл Запарожжа, забітыя і параненыя ў Харкаве. 92-і дзень вайны Расеі супраць Украіны


Наступствы ракетных удараў па Мікалаеве
Наступствы ракетных удараў па Мікалаеве

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях Украіны. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Украінцы атрымалі францускія гаўбіцы Caesar і ўпершыню выкарысталі іх на фронце.
  • Раніцай 25 траўня расейцы крылатымі ракетамі абстралялі Запарожжа, пацэлілі ў цэхі заводу «Мотор-Січ». Абстрэлы працягнуліся і ўвечары таго дня.
  • Працягваюцца баі ў Луганскай і Данецкай абласьцях, расейцы атакуюць Севераданецк.
  • МАГАТЭ заявіла, што ня мае доступу на Запароскую АЭС, якую захапілі расейскія войскі.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 26 траўня

Расейцы абстралялі Харкаў: ёсьць загінулыя і параненыя

Расейскія вайскоўцы 26 траўня зноў абстралялі Харкаў, паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў і заклікаў харкаўчан не пакідаць месцы бясьпекі.

Алег Сінягубаў паведаміў аб 7 загінулых і 17 параненых у выніку сёньняшняга абстрэлу. Пазьней стала вядома, што ў выніку абстрэлаў Харкава таксама загінула пяцімесячнае дзіця, агульная колькасьць загінулых павялічылася да 8, паведаміў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка.

Пад Запарожжам зьбілі крылатую ракету

Увечары 25 траўня ў час паветранай трывогі ўкраінская супрацьпаветраная абарона зьнішчыла варожую ракету. Пра гэта паведаміў кіраўнік Хмяльніцкай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гамалій.

Паводле яго, абломкі расейскай ракеты ўпалі ў поле, не прычыніўшы пашкоджаньняў. Стратаў у выніку варожых абстрэлаў няма. Нягледзячы на пасьпяховыя дзеяньні ўкраінскіх зэнітчыкаў, якія на гэты раз перашкодзілі праціўніку нанесьці прыцэльны ракетны ўдар, кіраўнік адміністрацыі заклікаў жыхароў рэгіёну быць асьцярожнымі падчас авіяналётаў і хавацца ў сховішчы.

Раніцай 25 траўня расейскія акупанты абстралялі Запарожжа з ракет. Адна ракета была зьбіта супрацьпаветранай абаронай. Астатнія тры пашкодзілі інфраструктуру, у тым ліку мясцовы гандлёва-забаўляльны цэнтар і жылыя дамы.

У навакольлях Севераданецка працягваюцца цяжкія баі

«У навакольлях Севераданецка працягваюцца цяжкія баі, вораг спрабуе прарвацца ў горад. Абласны цэнтар зьнішчаюць артылерыяй і авіяцыяй», — заявіў кіраўнік Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Раней 26 траўня дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч распавёў, што расейскае войска, паводле папярэдніх непацьверджаных дадзеных, захапіла горад Ліман у 50 км ад Севераданецка.

Генштаб Украіны: Беларусь «зачышчае» наступствы знаходжаньня расейскіх войскаў

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вядзецца пошук і ўтылізацыя боепрыпасаў і зброі, згубленых расейцамі. Пра гэта паведамляецца ў ранішняй зводцы Генштабу Ўзброеных Сіл Украіны.

«Наступствы разьмяшчэньня на тэрыторыі Ўкраіны падразьдзяленьняў Узброеных сіл РФ, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях, ліквідуюцца. Прымаюцца меры для прадухіленьня незаконнага абарачэньня зброі і боепрыпасаў, якія могуць быць страчаны расейскімі падразьдзяленьнямі».

У Генштабе таксама адзначылі, што з асабовым складам вайсковых частак Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь праводзяцца камандна-штабныя і мабілізацыйныя вучэньні. Захоўваецца верагоднасьць нанясеньня ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі па тэрыторыі Ўкраіны.

У Данецкай вобласьці 5 загінулых мірных жыхароў за дзень

26 траўня ў Данецкай вобласьці пад абстрэламі загінулі пяцёра мірных жыхароў, паведаміў кіраўнік аблдзяржадміністрацыі Павел Кірыленка. Двое чалавек загінулі ў Мар’інцы, двое — у Лімане і адзін — у сяле Зара.

Ва Ўкраіну прыехала прэм'ер-міністар Фінляндыі Санна Марын

Яна працягнула пагадненьне аб дапамозе ў рэформе ўкраінскай адукацыі і паабяцала ўдзел Фінляндыі ў аднаўленьні інфраструктуры Ўкраіны, паведаміў украінскі прэм'ер-міністар Дзяніс Шмыгаль.

У Вярхоўнай Радзе разгледзяць законапраект аб канфіскацыі ўласнасьці Беларусі за дапамогу Расеі ў вайне

Вярхоўная Рада Ўкраіны разгледзіць законапраект аб адабраньні ўласнасьці Беларусі за прадастаўленьне Расеі тэрыторыі для нанясеньня авіяцыйных і ракетных удараў. У тлумачальнай запісцы Беларусь названая «суагрэсарам». Законапраект уносіць зьмены ў закон, падпісаны Уладзімірам Зяленскім у пачатку сакавіка 2022 году: ён дазваляе канфіскоўваць уласнасьць Расеі і яе рэзыдэнтаў ва Ўкраіне.

Ва Ўкраіне арыштавалі беларускія ўгнаеньні на 20 мільёнаў даляраў

У марскім порце ў Мікалаеўскай вобласьці знайшлі 77 тысяч тон мінэральных угнаеньняў, якія належалі беларускай кампаніі. Маёмасьць арыштаваная ў рамках крымінальнай вытворчасьці з-за «злоўжываньняў службовых асоб Мікалаеўскай мытні, якія садзейнічалі незаконнаму перамяшчэньню санкцыйных тавараў праз мытны кантроль».

Пэнтагон: Расея страціла ў вайне з Украінай каля 1000 танкаў

Паводле ацэнак міністэрства абароны ЗША, Расея з пачатку вайны супраць Украіны страціла амаль 1000 танкаў, больш за 350 адзінак артылерыі, каля 36 бамбавікоў і больш за 50 верталётаў. Амэрыканскі бок адзначае, што Расея «ўсё яшчэ захоўвае пераважную частку сваіх сіл»:

«У вайне з Украінай яны (Расея — рэд.) вельмі шмат уклалі ва ўзбраеньне і асабісты склад, і страты нясуць як украінцы, так і расейцы, — лічаць у Пэнтагоне. — У вайне расейцы маюць перавагу з пункту гледжаньня колькасьці адзінак асабовага складу, узбраеньня і адзінак зброі, што прымяняюцца імі. Гэта трэба мець на ўвазе».

У Кіеве асудзілі дэзэртыра

Дняпроўскі раённы суд Кіева прызнаў вінаватым у дэзэрцірстве і дзяржаўнай здрадзе (артыкулы 408, 111 КК Украіны) былога ўкраінскага вайскоўца Міхаіла Казаранку, які пасьля далучэньня Крыму ўступіў у расейскую армію. Яго прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўленьня волі.

Казаранка служыў у 126-й асобнай гвардзейскай брыгадзе берагавой аховы Расеі ў званьні старэйшага сяржанта. Раней ён служыў у 36-й брыгадзе берагавой аховы ВМС Украіны.

Што адбываецца ў Расеі

У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы

Цяпер заключыць кантракт з расейскім войскам можна будзе да заканчэньня працаздольнага ўзросту, гэта значыць да 65 гадоў.

Расея ўводзіць пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да 154 чальцоў Палаты лордаў Вялікай Брытаніі

Пра гэта паведамляе МЗС РФ. У паведамленьні гаворыцца, што яны «зрабілі непасрэдны ўнёсак у выпрацоўку антырасейскіх санкцыйных захадаў Лёндана, нацэленых на стварэньне ўмоваў для палітычнай ізаляцыі Расеі і разбурэньне яе эканомікі, выкарыстоўвалі свой аўтарытэт для нагнятаньня антырасейскай гістэрыі ў Вялікай Брытаніі».

У Расеі завочна арыштоўваюць украінскіх вайскоўцаў

Басманны раённы суд Масквы завочна арыштаваў кіраўніка Адэскай аблдзяржадміністрацыі, былога камандзіра батальёна «Айдар» Максіма Марчанку, яго вінавацяць у прымяненьні забароненых сродкаў і мэтадаў вядзеньня вайны. Таксама суд праз такое ж абвінавачаньне завочна арыштаваў камандзіра 44-й асобнай артылерыйскай брыгады Ўзброеных сіл Украіны Сяргея Баранава. Абодвух абвясьцілі ў міжнародны вышук.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Італія, Вугоршчына і Кіпр выступаюць за «мірныя перамовы і неадкладнае спыненьне агню»

Вугоршчына і Кіпр падтрымалі ініцыятыву Італіі ўнесьці патрабаваньне аб спыненьні агню і мірных перамовах з Расеяй у праект заявы па выніках саміту ЭЗ 30–31 траўня.

Як піша Reuters, Вугоршчына выступае супраць увядзеньня забароны на імпарт нафты, а Кіпр занепакоены прапанаванай забаронай на продаж нерухомасьці грамадзянам Расеі. Італія ж настойвае, што мірныя перамовы з Расеяй — адна зь першачарговых мэтаў ЭЗ у цяперашнім становішчы.

На мінулым тыдні Італія прапанавала плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту, які выклікаў крытыку як ва Ўкраіне, так і ў Расеі.

ЭЗ павялічыць фінансаваньне абароны на 3 мільярды эўра

25 траўня Эўрапейская камісія абвясьціла аб выдзяленьні аднаго мільярда эўра на фінансаваньне Эўрапейскага абароннага фонду, і яшчэ двух мільярдаў — на фінансаваньне дасьледаваньняў у галіне абаронных інавацый. Па словах эўракамісара па ўнутраным рынку Т’еры Брэтона, дадатковае фінансаваньне з Эўрапейскага абароннага фонду пойдзе на разьвіцьцё сумесных абаронных праектаў у космасе, кібэрпрасторы і высокіх тэхналёгіях.

Эстонія перадала Ўкраіне 1/3 усяго свайго вайсковага бюджэту

За 3 месяцы Эстонія пералічыла Ўкраіне 1/3 свайго вайсковага бюджэту — найбольш у сьвеце, паведаміў дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк. «Гэта яшчэ раз сьведчыць: можна быць маленькай краінай, але мець вялікае сэрца, а можна быць другой па велічыні, але ня мець яго зусім. Перамога будзе перамогай народу», — дадаў ён.

Рада Эўразьвязу дазволіла часовую лібэралізацыю гандлю з Украінай

Гэтае рашэньне азначае, што на працягу аднаго году ня будуць спаганяцца імпартныя мыты на ўвесь украінскі экспарт у краіны Эўразьвязу.

Таксама сёньня Рада ЭЗ ухваліла выдзяленьне 4-га траншу дапамогі з Эўрапейскага фонду міру ў памеры 500 млн эўра на патрэбы Ўзброеных сіл Украіны.

Канада закупіла для Ўкраіны 20 тысяч снарадаў для гаўбіц M777

Пра гэта заявіла міністар абароны краіны Аніта Ананд. «Нельга дапусьціць, каб поўнамаштабнае, незаконнае ўварваньне Пуціна ва Ўкраіну было пасьпяховым, і яно такім ня будзе», — сказала Ананд.

Боепрыпасы купілі прыкладна за 98 мільёнаў канадзкіх даляраў, неўзабаве іх даставяць ва Ўкраіну. Гэтыя 155-мм снарады сумяшчальныя з гаўбіцамі М777, якія Канада і ЗША перадалі Ўкраіне раней.

У Вугоршчыне абвясьцілі надзвычайнае становішча ў сувязі з вайной ва Ўкраіне

Прэмʼер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан абвясьціў надзвычайнае становішча. Паводле прэмʼера, яно ўводзіцца з прычыны вайны ва Ўкраіне, «канца якой не відаць». Орбан матываваў такі рэжым «прасторай для манэўру і магчымасьцю неадкладнага рэагаваньня» на наступствы расейскага ўварваньня.

ЗША перададуць Украіне ўзбраеньне яшчэ на 100 мільёнаў даляраў

У гэтым пакеце будуць пастаўкі 18 гаўбіц калібрам 155 мм і 18 тактычных машын для перавозу гэтых гаўбіц — эквівалент артылерыйскага батальёну, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі. Таксама ў пакеце дапамогі будзе 36 антыартылерыйскіх радараў ANTPQ.

Напярэдадні на брыфінгу ў Вашынгтоне неназваны высокі прадстаўнік Пэнтагону расказаў журналістам, што 79 з пастаўленых ЗША раней 90 гаўбіц ужо разьмешчаныя на пазыцыях украінскіх войскаў і выкарыстоўваюцца ў баявых дзеяньнях.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG