Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заявіў, што Расея гатовая экспартаваць збожжа, калі Эўропа здыме санкцыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расея гатовая ўнесьці значны ўнёсак у пераадоленьне сусьветнага харчовага крызісу, калі Захад здыме санкцыі, уведзеныя з прычыны вайны ва Ўкраіне.

Пра гэта прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў у чацьвер, 26 траўня, у тэлефоннай размове з прэм’ер-міністрам Італіі Марыё Драгі, перадае Reuters.

Кіраўнікі краінаў абмеркавалі сытуацыю ва Ўкраіне, харчовы крызіс і ягоны ўплыў на бедныя краіны. Уладзімір Пуцін падкрэсьліў, што Расея гатовая экспартаваць збожжа і ўгнаеньні, калі ўмовы будуць выкананыя.

Крэмль паведаміў, што Пуцін расказаў Марыё Драгі аб зробленых «кроках у мэтах забесьпячэньня бясьпекі суднаходзтва, уключаючы гуманітарныя калідоры, якія штодня адкрываюцца, для выхаду цывільных суднаў з партоў Азоўскага і Чорнага мораў, чаму перашкаджае ўкраінскі бок».

Зараз ва ўкраінскіх партах заблякавана да 4,5 мільёна тон збожжа, якое немагчыма даставіць пакупнікам з прычыны ваенных дзеяньняў, якія вядзе Расея. Наяўных у сьвеце запасаў пшаніцы хопіць толькі на 10 тыдняў глябальнага спажываньня, сказала ўчора кіраўніца аналітычнай кампаніі Gro Intelligence Сара Мэнкер, выступаючы ў Радзе бясьпекі ААН.

Акрамя гэтага, расейскі прэзыдэнт у тэлефоннай размове 26 мая гарантаваў Марыё Драгі бесьперабойныя пастаўкі газу ў Італію па зафіксаваных у кантрактах цэнах.

Іншых падрабязнасьцяў званка не паведамляецца.

Акрамя таго, 26 траўня пасольства Італіі ў Расеі заявіла, што прыпыняе прыём дакумэнтаў на візы з прычыны высылкі дыпляматаў, а таксама санкцый Цэнтрабанку Расеі супраць банку, які абслугоўвае транзакцыі па аплаце консульскага збору.

  • Па дадзеных Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША, да вайны пастаўкі пшаніцы з Расеі і Ўкраіны складалі амаль 30% сусьветнага гандлю, а Ўкраіна была чацьвёртым у сьвеце экспартэрам кукурузы і пятым у сьвеце экспартэрам пшаніцы.
  • Чорнае і Азоўскае моры кантралююцца расейскімі вайсковымі караблямі. Першага траўня Міністэрства інфраструктуры Ўкраіны вырашыла закрыць марскія парты Бярдзянску, Марыюпалю, Скадоўску і Херсона, пакуль гэтыя тэрыторыі ня будуць вызваленыя.
  • Краіны «вялікай сямёркі» заявілі, што Расея выкарыстоўвае сытуацыю на рынку збожжа ў якасьці інструмэнта «гібрыднай вайны». У сакавіку ААН зафіксавала рост цэнаў на прадукты больш як на 12 працэнтаў. Гэта стала рэкордам з 1990 году.
  • Па дадзеных CNN, у сярэдзіне траўня расейскае судна «Матрос Позынич» са збожжам на борце спрабавала прадаць яго ў Эгіпце і Лібане, але пакупнікі адмовіліся ад угоды праз падазрэньні, што груз мог быць скрадзены ва Ўкраіне. Пасьля гэтага судна пайшло ў Сырыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG