Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня варта злоўжываць гасьціннасьцю». Улады Беларусі прапанавалі ўкраінскім уцекачам працаўладкавацца


Прэм'ер-міністар Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка
Прэм'ер-міністар Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка

Грамадзян Украіны, якія ўцяклі ад расейскай ваеннай агрэсіі, беларускія ўлады працаўладкоўваюць у памежных рэгіёнах, паведаміў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».

«Мы прынялі такую кансалідаваную пазыцыю, што нашым украінскім сябрам трэба прапанаваць працу», — заявіў Раман Галоўчанка.

Паводле яго, за першы месяц пасьля пачатку вайны ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях пачалі працаваць каля 700 украінскіх уцекачоў.

Як паведаміў Раман Галоўчанка, у першы час «мы іх кармілі 3–4 разы на дзень, а гэта ўсё вымяраецца ў грашах, гэта ўсе дзяржаўныя выдаткі». Пазьней, паводле слоў чыноўніка, «уцекачам было сказана: трэба працаваць».

«Акуратна ім гаворым: злоўжываць гасьціннасьцю таксама ня варта. Мы вас прынялі, трэба карміць сябе, калі вы людзі здаровыя. І гэта падзейнічала. Нікога не прымушалі, людзі самі ўсё разумеюць», — сказаў Раман Галоўчанка.

Па словах прэм’ера, пры падборы варыянтаў занятасьці былі вывучаны вакансіі на рынку працы ў памежных раёнах. Частка ўкраінцаў атрымалі працу ў адпаведнасьці зь іх кваліфікацыяй. Працу знайшлі і ўцекачам, якія ня маюць спэцыяльных навыкаў.

Як адзначыў кіраўнік ураду, у ліку перасяленцаў, якія маюць кваліфікацыю, у Беларусі апынуліся людзі розных прафэсій — лекары, мэдсёстры, настаўнікі. У выпадку адсутнасьці пацьвярджальных дакумэнтаў іх прафэсійную падрыхтоўку вэрыфікавалі, пасьля чаго «ў выключным парадку» давалі працу па спэцыяльнасьці.

Галоўчанка заявіў, што прадастаўленьне працы ўцекачам было выклікана тым, каб «паказаць чалавечнасьць беларускай палітыкі ў адносінах да гэтых людзей».

«Мы ставімся да іх прыкладна так, як да сябе. У нас няма рэзэрвацый, як на Захадзе, няма нейкіх жорсткіх умоў. Мы не ставімся да іх як да людзей другога гатунку», — сказаў ён.

Пры гэтым Галоўчанка не назваў колькасьць украінскіх грамадзян, якія пасьля пачатку вайны прыбылі на тэрыторыю Беларусі, адзначыўшы толькі, што «ў першы месяц канфлікту паток быў вельмі інтэнсіўны».

Паводле зьвестак ААН на 22 траўня, з пачатку вайны Ўкраіну пакінулі 6 млн 553 тысячы чалавек. У Польшчу зьехалі 3 млн 506 тысяч украінскіх грамадзян, у Румынію — 961 тыс., Расею — 920 тыс., Вугоршчыну — 644 тыс., Малдову — 471 тыс., Славаччыну — 442 тыс.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту, Беларусь прыняла 28 494 грамадзяніна Ўкраіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG